Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АМЭРЫКА РЭАГУЕ НА БІЯАТАКУ?


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, днямі ў офісе лідэра сэнацкай большасьці Тома Дэшла знайшлі бактэрыі сыбірскай язвы. Якая ёсьць новая інфармацыя пра сытуацыю вакол Капітолія, дзе адбываюцца пасяджэньні амэрыканскіх Сэнату і Кангрэсу?”

(Навумчык: ) “Алена, уласна канвэрт з бактэрыямі быў дастаўлены не ў Капітолі, які, напэўна, усе слухачы Свабоды бачылі шмат разоў па тэлебачаньні, а ў адзін са службовых будынкаў Сэнату. Гэты будынак зачынены да панядзелка, гэта зьвязана з тым, што трыццаць супрацоўнікаў офісу сэнатара Тома Дэшла атрымалі вірус сыбірскай язвы, гэта ўжо дакладна, і цяпер правяраюць увесь будынак. У тым ліку і Капітолі – ва ўсялякім разе, экскурсіі туды ня водзяць. Мяркуецца, што такі рэжым у дачыненьні да комплексу будынкаў заканадаўчай улады пратрымаецца мінімум да панядзелка”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, а якая сытуацыя адносна офісу губэрнатара штату Нью-Ёрк, дзе, як мы ведаем, таксама знойдзеныя бактэрыі?”

(Навумчык: ) “У офісе губэрнатара Джорджа Патакі на трэцяй авэню, паміж 40 і 41 вуліцамі, сапраўды былі знойдзеныя бактэрыі антраксу, усе супрацоўнікі з 38-га і 39-га паверхаў былі эвакуяваныя, і ўсе, у тым ліку і сам губэрнатар, прымаюць антыбіётыкі. Усе прайшлі тэсты, але пакуль што ніякіх хворых ня выяўлена, хаця дзеля канчатковага выніку аналізу патрэбна некалькі дзён”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, і да якіх высноваў схіляюцца амэрыканцы? Трэба меркаваць, што такая сукупнасьць фактаў ужо сьведчыць пра тое, што зьяўленьне бактэрыяў – не выпадковае, і да гэтага маюць дачыненьне тэрарысты?”

(Навумчык: ) “Алена, так. Тое, што гэта – не выпадак, пацьвярджаецца хаця б тым, што паводле апошніх дадзеных, бактэрыі, якія трапілі ў офіс сэнатара, падвяргаліся адмысловай апрацоўцы, якая зрабіла іх больш устойлівымі да антыбіётыкаў, і гэта прымушае меркаваць, што іх зьяўленьне– не выпадковасьць.

Але тут ёсьць адна акалічнасьць. Прайшло дзесяць дзён пасьля пачатку баявых дзеяньняў у Афганістане, але чакаемай масавай біяатакі – няма. Адзін чалавек памёр. Астатнія атрымалі лёгкую форму вірусу. Але: аб’ектамі бактэрыялягічнай дыверсіі абраныя вядомыя асобы, людзі, якія альбо самі знаходзяцца у цэнтры грамадзкай увагі, як сэнатар, альбо фармуюць грамадзкую думку, як журналісты. Гэта наводзіць на думку, што мэтай было менавіта запалохваньне насельніцтва. Кажуць таксама, што, магчыма, тэрарысты імкнуцца адцягнуць увагу на біялягічную праблему, а самі рыхтуюць удар зусім іншага кшталту.

Ва усялякім разе, цяпер улады робяць усё магчымае, каб зпазьбегчы панікі – палітыкі праводзяць сустрэчы, прычым імкнуцца сабраць як мага болей людзей. Сёньня ў Нью-Ёрк прыбыў Дзік Чэйні – менавіта ён, у адсутнасьць Буша, кіруе краінай. Да сёньняшняга дня месца знаходжаньня Чэйні было вядомае толькі сакрэтным службам і вузкаму колу высокапастаўленых асобаў. Чэйні дае вячэру ў гатэлі Вулдарф Асторыя, на якой будзе прысутнічаць некалькі сотняў бізнэсоўцаў, дзеячоў культуры. Білет на вячэру каштуе 800 даляраў, і ўсе грошы ідуць у дапамогу ахвярам тэракту 11 верасьня”.

XS
SM
MD
LG