Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БАЯЦЦА АМЭРЫКАНЦЫ БІЯЛЯГІЧНАЙ АТАКІ? НА СУВЯЗІ КАРЭСПАНДЭНТ СВАБОДЫ СЯРГЕЙ НАВУМЧЫК


Гутарыла Вольга Караткевіч

Учора ў саборы сьвятога Патрыка прайшла служба ў памяць Браяна Макдоннала – супрацоўніка выратавальнай службы, які загінуў пад рэшткамі Усясьветнага Гандлёвага цэнтру. Сярод таго, што найбольш актыўна абмяркоўваецца сёньня ў ЗША – гэта выпадак атрыманьня вірусу сыбірскай язвы жыхаркай Нью-Ёрку, супрацоўніцай тэлекампаніі NBC .

Пакуль яшчэ невядома, якім чынам супрацоўніца Эн-Бі-Сі атрымала вірус сыбірскай язвы, якая тут завецца энтраксам. Вядома толькі, што вірус трапіў у арганізм не праз дыхальныя шляхі – менавіта такая форма зьяўляецца сьмяротнай, і менавіта сьмяротны вынік быў у штаце Флярыда. за яе жыцьцё.

Тым ня менш, па тэлебачаньні выступіў віцэ-прэзыдэнт Чэйні , які заявіў, што ў цяперашняй сытуацыі зусім лягічна зьвязваць выпадкі атрыманьня вірусаў у Флярыдзе і ў Нью-Ёрку з дзейнасьцю тэрарыстаў.

(Карэспандэнт: ) “Сяргей, дарэчы, наколькі я магу зразумець, гэта – толькі другі выступ амэрыканскага віцэ-прэзыдэнта пасьля трагедыі 11 верасьня. Чым патлумачыць такую, так бы мовіць, невысокую актыўнасьць у параўнаньні зь дзейнасьцю прэзыдэнта Буша, які ці не штодня выступае з заявамі”

(Навумчык: ) “Вольга, абсалютна правільна, гэта другі выступ Дзіка Чэйні, ва ўсялякім разе, перад шырокай аўдыторыяй, якую ўяўляе сабой аўдыторыя тэлегледачоў. Першае інтэрвію ён даў празь некалькі дзён пасьля тэрактаў. І сапраўды, некалькі месяцаў таму Чэйні перанёс апэрацыю на сэрца, яму паставілі стымулятар. Такая апэрацыя – звычайная рэч для Амэрыкі зь яе добра разьвітай кардыалёгіяй. Але цяперашняе маўчаньне Чэйні ня мае ніякага дачыненьня да стану здароўя, якое пасьля апэрацыі лекарамі ацэньвавецца як стабільнае. Чэйні ў першыя хвіліны пасьля тэрактаў фактычна ўзяў на сябе кіраваньне шмат якімі функцыямі дзяржаўнага, у тым ліку і ваеннага апарату—і ў гэтым, бясспрэчна, яму дапамог вопыт міністра абароны, пасаду якога Чэйні займаў пры Бушы-старэйшым. Але ўжо на наступны дзень Чэйні быў эвакуяваны службай аховы ў небясьпечнае месца, і ён ніколі не зьяўляецца побач з Бушам. Гэта робіцца з той прычыны, што калі нешта здарыцца з прэзыдэнтам – віцэ-прэзыдэнт аўтаматычна прыводзіцца да прысягі.

Так было, калі пасьля забойства Кэнэдзі пасаду прэзыдэнта заняў віцэ-прэзыдэнт Джонсан, ці калі пасьля адстаўкі Ніксана у выніку ўортэргейцкага скандалу прэзыдэнтам стаў Форд. У такім выпадку колішні віцэ-прэзыдэнт працягвае займаць пасаду да таго моманту, калі павінны адбыцца выбары, якія праходзяць кожныя чатыры гады. Канстытуцыя ЗША прадугледжвае, што Амэрыка ня можа застаца без легітымнага кіраўніцтва, і гэтая правапераемнасьць распісаная да трыццатай ступені, уключна тэарэтычныю сытуацыю, што да прысягі на пасаду прэзыдэнта можа быць прыведзены міністар гандлю. Дзе сёньня знаходзіцца Чэйні – ведаюць толькі сакрэтныя службы і вузкае кола самых высокапастаўленых асобаў. Аднак вядома, што віцэ-прэзыдэнт працягвае выконваць дзяржаўныя функцыі, і, напрыклад, перад пачаткам апэрацыі ў Афганістане ён, як і Буш, тэлефанаваў кіраўнікам некаторых дзяржаваў. І цяперашні тэлевыступ – таксама пацьвярджэньне гэтага.
XS
SM
MD
LG