Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ НАПАЛОХАЛІ АМЭРЫКАНЦАЎ ПАГРОЗЫ ТАЛІБАЎ?


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, ваенная апэрацыя ідзе некалькі дзён. Ці можна сказаць нешта новае пра стаўленьне амэрыканскага грамадзтва да гэтай вайны? Ці карыстаецца яна ўсё той жа падтрымкай, як у першы дзень?”

(Навумчык: ) “Так, Алена, паводле дасьледаваньняў інстытуту Гэлапа ўжо праз суткі пасьля пачатку апэрацыі 90 адсоткаў насельніцтва выказала дзеяньням амэрыканскага ўраду сваю падтрымку. Сёньня 94 адсоткі насельніцтва падтрымваюць удары па рэжыме талібаў. Аналітыкі адразу прыгадалі, што самая вялікая падтрымка баявых дзеяньняў у ЗША была дзесяць гадоў таму падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы. Але тады апэрацыю падтрымлівалі 70 адсоткаў насельніцтва”.

(Ціхановіч: ) “І чым можна патлумачыць такую падтрымку?”

(Навумчык: ) “Канечне, галоўная прычына – гэта жаданьне пакараць тых, хто вінаваты ў ахвярах 11 верасьня. Калі я быў на месцы трагедыі – пераканаўся, што гэта зусім ня тое, калі глядзіш на гэта па тэлебачаньні – я маю на ўвазе маштаб разбурэньняў. Жудасныя адчуваньні. Хаця, канечне, большасьць амэрыканцаў бачылі гэта толькі па тэлевізары. Цяпер паказваюць інтэрвію з роднымі і блізкімі тых, хто загінуў у Мангэтане. Мяне ўразіла інтэрвію з дзяўчынай, якая даведалася пра гібель жаніха літаральна днямі – яна адпачывала на нейкіх выспах, адмыслова пазбавіла сябе тэлебачаньня, наагул кантактаў са зьнешнім сьветам, а калі вярнулася – на тэлефонным аўтаадказьніку пачула голас жаніха, які тэлефанаваў з ахопленага полымем будынка – за секунды да таго, як гэты будынак абваліўся. У Нью-Ёрку з рэшткаў будынкаў усё яшчэ дастаюць целы забітых – іх пакрываюць амэрыканскім сьцягам, і калі прывозяць у морг на трыццатай вуліцы, кожны раз паліцыянты выконваюць каманду сьмірна – раней такі знак гонару у ЗША аддавалі толькі загіблым амэрыканскім вайскоўцам. Таму адчуваньне трагедыі, маштабу чалавечых ахвяраў – яно ня зьменшылася за месяц, які прайшоў пасьля тэрактаў”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, учора мы гаварылі пра тое, як зрэагавалі амэрыканскія палітыкі і спэцслужбы на абвяшчэньне прадстаўнікамі талібаў джыгаду ў дачыненьні да ЗША. А як паставілася грамадзства?”

(Навумчык: ) “Алена, я, па-першае, павінен адзначыць павелічэньне цікавасьці да ісьляму, розных яго плыняў, чаго раней, калі меркаваць па амэрыканскай прэсе, не назіралася. Людзі задаюць пытаньні – ці ня ёсьць ісьлям чалавеканенавісьніцкай рэлігіяй, бо, скажам, у іншых рэлігіях такога паняцьця, як джыхад, няма? Ці не абарочвае ён грамадзства ў сярэднявечча? Некаторыя прыгадваюць нядаўнюю заяву прадстаўніка талібаў, што ёсьць тысячы мусульманаў, якія прагнуць памерці, як амэрыканцы прагнуць жыць – і кажуць, што калі яны так прагнуць памерці, дык варта ім у гэтым дапамагчы. Некаторыя наагулл кажуць, што Афганістан трэба суцэльна зьнішчыць. Відаць, такія настроі не маглі не зьявіцца, але я не сказаў бы, што яны тыповыя. Крама, дзе я штораніцы набываю газэты, належыць пакістанцам – яны гандлююць, як і год, і два гады таму. Іншая крама, садавіны і гародніны, яе таксама трымаюць мусульмане – ня мае таксама праблемаў з пакупнікамі. Як і раней – ветлівасьць і карэктнасьць. Як вядома, прадстаўнікі шмат якіх мусульманскіх асяродкаў у ЗША асудзілі тэрарыстаў, а прэзыдэнт Джордж Буш неаднаразова падкрэсьліваў, што гэта вайна не з ісьлямам, а з тэрарызмам.

Ну а што тычыцца пагрозьлівых заяваў лідэраў талібану, дык яны выклікалі ў грамадзтве абсалютна супрацьлеглую рэакцыю – пагрозы не напужалі, а, падобна, толькі надалі рашучасьці”.


XS
SM
MD
LG