Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ТЭЛЕФОННАЙ СУВЯЗІ – АФГАНІСТАН


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Віктар, ці можна меркаваць, што талібы аслабленыя паветранымі ўдарамі ЗША?”

(Дзятліковіч: ) “Канечне, бо Талібан страціў амаль усю авіяцыю, дзякуючы якой ён раней меў перавагу над Паўночным альянсам. Гэта галоўная страта. Больш, здаецца, стратаў у талібаў няма, бо ўдары нанесьлі па тыле талібаў і не заўсёды па вайсковых аб’ектах – часта гэта былі дамы кіраўнікоў Талібану ці адміністрацыйныя будынкі. Пакуль што няма ўдараў па сярэдняй лініі фронту, дзе больш за ўсё іх жывой сілы. Вось нам расказалі салдаты-паўночнікі, што апошнія дні яны бачаць такую карціну: як толькі набліжаецца ноч, дык на перадавой зьяўляецца вельмі шмат талібаў. Спачатку паўночнікі думалі, што талібы рыхтуюць наступ, а пасьля зразумелі, што яны проста хаваюцца на перадавой, уцякаючы з Кабулу, які бамбуюць. А перадавую пакуль не бамбуюць”.

(Ціхановіч: ) “А ці ідуць наагул баі паміж паўночнікамі і талібамі?”

(Дзятліковіч: ) “У розных месцах па-рознаму. У паўночных правінцыях паўночнікі атакуюць, але гэта хутчэй лякальныя дзеяньні, а не сыстэмны наступ. Гэтак адбываецца вакол Мазары-Шарыфу і Герату. Вось гадзіну таму зьявілася інфармацыя, што талібы накіравалі некалькі дзясяткаў танкаў да аэрадрому Баграм. Гэта стратэгічнае месца. Паўночнікі падышлі да яго на 1 кілямэтар, і калі яны захопяць яго, дык туды могуць высаджвацца амэрыканцы. Усе думаюць, што талібы ля Баграму ўмацоўваюць абарону, сканцэнтраваўшы там 12-15 тысяч байцоў, але яны могуць перайсьці і ў наступ. Так што напружаньне на кабульскім участку фронту расьце. Дарэчы, учора ўвечары міністар замежных справаў Афганістану доктар Абдула сказаў мне, што Паўночны альянс зьбіраецца перайсьці ў наступ на Кабул цягам бліжэйшага тыдня”.

(Ціхановіч: ) “Паведамляецца, што ЗША ўвесь час павялічваюць суму, якая будзе выплачаная таму, хто дасьць інфармацыю пра месцазнаходжаньне бін Лядэна. Наколькі афганцы схільныя да подкупу ці да здрады?”

(Дзятліковіч: ) “Ясна, што гэта ня можа быць звычайны афганскі селянін. Гэта павінны быць людзі зь яго бліжэйшага атачэньня. Бін Лядэна трэба неяк выкрасьці і пераправіць за мяжу. Я думаю, што для людзей, якія могуць правесьці такую апэрацыю, 5 абяцаных мільёнаў – ня грошы. Таму я крытычна стаўлюся да магчымасьці выдачы бін Лядэна за грошы. Іншая рэч, калі талібы ўсё ж вырашаць пазбавіцца ад бін Лядэна, каб іх больш не бамбавалі. Гэта больш рэальна. Хаця я вось размаўляў з палоннымі талібамі. У Паншэрскай цясьніне ёсьць турма, дзе ўтрымліваюцца палонныя талібы, і адзін зь іх сказаў мне, што нават калі тэракты 11 верасьня зрабіў бін Лядэн, дык ён падтрымлівае бін Лядэна і на месцы кіраўніцтва не выдаваў бы яго. Я спытаў – чаму? Ён сказаў, што Амэрыка ўмешваецца ва ўнутраныя справы ісьлямскага міру, і калі Усама бін Лядэн такім вось чынам змагаецца з амэрыканцамі, то ён робіць правільна, таму што ў мусульман няма дастаткова зброі, каб змагацца з амэрыканцамі ў адкрытую, і таму яны мусяць змагацца зь імі ў тым ліку і такімі мэтадамі, як тэрарыстычныя акты. Калі такія настроі пануюць і сярод астатніх людзей на тэрыторыях, што кантралююць талібы, то я думаю, што Усаму бін Лядэну няма чаго хвалявацца за свой лёс”.


XS
SM
MD
LG