Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ САМАЛЁТ ХУТЧЭЙ ЗА ЎСЁ ЗЬБІТЫ ЎКРАІНСКАЙ РАКЕТАЙ


Юры Дракахруст, Прага

International Herald Tribune паведамляе, што расейскія выратвальнікі знайшлі сярод абломкаў самалету аб’ект цыліндрычнай формы. Яны не сьцьвярджаюць, – піша газэта, – што ён зьяўляецца часткаю ракеты, але ён не зьяўляецца часткаю самалёту. Экспэрты таксама знайшлі частку фюзэляжу, прабітую невялікімі зубчатымі дзіркамі. Паводле меркаваньняў адмыслоўцаў, такія пашкоджаньні магла б нанесьці шрапнэль з ракеты.

Расейскія прадстаўнікі публічна не абвінавачваюць украінскі бок ў тым, што ўкраінская ракета зьнішчыла ТУ-154, які ляцеў з Тэль-Авіву ў Навасібірск з 78 пасажырамі на борце.

Аднак прэзыдэнт Пуцін заявіў, што Кіеў не прадаставіў Маскве вычарпальнай інфармацыі пра манэўры, якія праводзілі ўкраінскія сілы СПА ў Крыме менавіта ў дзень катастрофы самалёту. Вядома, што за тры хвіліны да таго, як расейскі ТУ-154 зьнік з экранаў радараў, адбыўся пуск украінскай ракеты “зямля-паветра” клясу СА-5.
International Herald Tribune нагадвае, што і сам Леанід Кучма ў свой час кіраваў буйным заводам па вытворчасьці ракетаў.

Як паведаміў International Herald Tribune высокапастаўлены прадстаўнік ураду ЗША, ужо праз некалькі гадзінаў пасьля трагедыі над Чарным морам амэрыканскі цэнтар папярэджаньня пра ракетны напад зафіксаваў, што расейскі пасажырскі самалёт быў зьбіты ўкраінскай ракетаю. У суботу гэты неназваны чыноўнік заявіў, што гэтая ракета хутчэй за ўсё была менавіта клясу СА-5.

Газэта цытуе таксама словы амэрыканскага ракетнага экспэрту Дэніса Гормлі, які сьцьвярджае, што ракета клясу СА-5 мела тэхнічную магчымасьць даляцець да расейскага самалету.

І ўкраінскія і расейскія адмыслоўцы на працягу некалькіх дзён адмаўлялі магчымасьць таго, што авіяляйнэр мог стаць ахвяраю ўкраінскай ракеты, якая зьбілася з курсу. Прадстаўнік расейскіх ваенна-паветраных сілаў, які быў назіральнікам на ўкраінскіх манэўрах, паведаміў, што ніякіх памылак падчас вучэньняў не было. Прэзыдэнт Украіны Кучма са спасылкаю на ўкраінскіх і расейскіх адмыслоўцаў заявіў пра адсутнасьць тэхнічнай магчымасьці інцыдэнту, паводле яго тлумачэньня, дальнасьць палёту ракеты была меншаю, чым адлегласьць маршруту расейскага авіяляйнэру ад месца вучэньняў.

International Herald Tribune прыводзіць словы прадстаўніка расейскай кампаніі “Сібірскія авіялініі”, якой належаў загіблы авіяляйнэр, што кампанія ня ведала пра ўкраінскія вучэньні. Ён дадаў, што у момант катастрофы пад расейскім самалётам ляцеў армянскі авіяляйнэр, а праз 40 хвілінаў пасьля катастрофы па тым жа маршруце праляцеў самалёт Аэрафлёту.

“Гэта справа ваенных – ведаць маршруты пасажырскіх рэйсаў,” – сказаў у інтэрвію International Herald Tribune прадстаўнік “Сібірскіх авіялініяў”.


XS
SM
MD
LG