Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

HUMAN RIGHTS WATCH АБВІНАВАЦІЛА ПУЦІНА Ў СПРОБЕ АПРАЎДАЦЬ ДЗЕЯНЬНІ РАСЕІ Ў ЧАЧЭНІІ НА ПАДСТАВЕ ТЭРАКТАЎ У ЗША


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У сувязі з гэтым, арганізацыя заклікала лідэраў Эўрапейскага Зьвязу не дапусьціць падобнага разьвязаньня сытуацыі. У заяве гаворыцца пра парушэньні правоў чалавека з боку расейскага войска, пра забойствы і катаваньні мірнага насельніцтва, а таксама масавае бамбаваньне тэрыторыі рэспублікі.

Human Rights Watch згадвае і пра іншую заяву, накіраваную раней генэральнаму сакратару НАТО Робэртсану, пра патрэбу высьветліць у якой ступені Расея адпавядае стандартам НАТА, перад тым як весьці перамовы пра яе магчымае сяброўства ў гэтай арганізацыі.

Расея ўзмацніла свае намаганьні давесьці сьвету, што чачэнскія незалежнікі – тэрарысты, а вайна на Паўночным Каўказе – частка міжнароднай антытэрарыстычнай барацьбы. Але расейская журналістка Анна Паліткоўская, якая асьвятляе падзеі ў Чачэніі, даводзіць, што Масква ня можа адрозьніць тых чачэнцаў, якія арыентуюцца на Захад, ад тых, якія арыентуюцца на арабскі і іслямскі сьвет.

Расейскае кіраўніцтва ня здолела ўжываць прорву, якая павялічвае раскол сярод чачэнскіх незалежнікаў. Заместа гэтага Масква абвесьціла ўсіх удзельнікаў чачэнскага супраціву “мусульманскімі фундамэнталістамі-тэрарыстамі”.

Арыентаваныя на Захад чачэнскія незалежнікі змагаюцца за эўрапейскі лад жыцьця і правы чалавека ў заходнім разуменьні гэтага паняцьця. Яны стараюцца трымаць кантакт з Эўразьвязам і іншымі міжнароднымі арганізацыямі. Гэтая група выступае за суд над ваеннымі злачынцамі. Лідэрам групы можна лічыць прэзыдэнта Чачэніі Аслана Масхадава. Ягоныя палявыя камандзіры змагаюцца таксама за захаваньне чачэнскіх нацыянальных традыцыяў. Яны варожа ставяцца да іслямскіх фундамэнталістаў, тыпу вахабітаў, якія, на іхную думку, падрываюць нацыянальнае адзінства і скажаюць мэты барацьбы.

Другая група – гэта “пра-арабскія” сілы, якія дамагаюцца дзяржавы паводле ўсходніх арабскіх узораў. Яны шукаюць іслямізацыі Чачэніі ў арабскім стылі і абяцаюць вялікі прыток арабскіх інвэстыцыяў. Лічыцца, што прадстаўнікі гэтага лягеру – Хатаб і Шаміль Басаеў – арыентуюцца на грошы, у той час як іншыя змагаюцца за іслямскую пэрспэктыву.

Трэцяя сіла ў Чачэніі – гэта немалая колькасьць асобных невялікіх узброеных групаў, якія помсьцяць за сваіх загіблых або зьніклых родных. Яны ні з кім не каардынуюць сваіх дзеяньняў і ня маюць ніякіх палітычных мэтаў. Гэтыя групы фінансуюць самі сябе шляхам крадзяжоў і рэкету.

“Якая заўгодна сакрэтная служба сьвету згуляла б на гэтых адрозьненьнях, – піша Анна Паліткоўская, – якая заўгодна, але не расейская”. Гэтаму ёсьць прынамсі два тлумачэньні.

Першае: расейскія сакрэтныя службы маюць свае ўласныя сувязі з пра-арабскімі чачэнцамі і ўжываюць гэтыя сувязі для ўласных эгаістычных альбо шырокіх гэапалітычных мэтаў.

Па-другое: Крэмаль зацікаўлены ў захаваньні кіраванага прытушанага канфлікту на Паўночным Каўказе, як асноўнага палітычнага рэзэрву вярхоўнай улады. Апытаньні грамадзкай думкі ў Расеі паказваюць, што высокі рэйтынг Пуціна трымаецца і на ягонай лініі актыўнай кампаніі супраць чачэнцаў.

Да гэтага варта дадаць, што ігнараваньне адрозьненьняў паміж групоўкамі чачэнскіх незалежнікаў дазваляе Маскве выстаўляць барацьбу з чачэнскім супрацівам, як барацьбу з тэрарызмам і гэткім чынам дамагацца ад Захаду спыніць крытыку расейскіх дзеяньняў у рэспубліцы.


XS
SM
MD
LG