Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПРОСТАЙ ТЭЛЕФОННАЙ СУВЯЗІ – АФГАНІСТАН


Радыё Свабода.

(Дзятліковіч: ) “Увесь апошні тыдзень ці нават болей ідуць размовы пра тое, што Паўночны альянс рыхтуецца да маштабнага наступу на пазыцыі талібаў, але пакуль што ніякіх актыўных дзеяньняў няма. Я знаходжуся на адлегласьці прыблізна 50 кілямэтраў ад Кабулу і прыкладна ў 10 кілямэтрах ад першай лініі фронту. Усе апошнія дні мы назіраем узмацненьне пазыцыяў Паўночнага альянсу, падыходзіць новая тэхніка, падвозяцца на фронт новыя людзі.

Сёньня мы былі на перадавой Паўночнага альянсу, і камандзіры сапраўды кажуць, што рэзэрвы падцягнутыя і яны рыхтуюцуца да наступу. Але, відаць, наступ не пачынаецца, бо ўсе чакаюць удараў амэрыканцаў. Бо насамрэч у Паўночнага альянсу няма дастаткова сілаў для таго, каб змагацца з талібамі. Дакладней кажучы, у іх хапае сілаў, каб утрымліваць свае пазыцыі, якія яны зараз займаюць, але няма сілаў, каб перайсьці ў наступ. Талібы падцягнулі дадатковыя сілы на паўночны фронт. Мінулае начы талібы перайшлі ў контарнаступ у правінцыі Капісог – гэта блізу 40 кілямэтраў ад Паншэрскай цясьніны, але крыніцы ў кіраўніцтве Паўночнага альянсу паведамляюць, што той контарнаступ быў адбіты. Гэтае паведамленьне насьцярожвае, таму што талібы згрупавалі на гэтым участку фронта блізу 40-50 тысяч байцоў, і таму ня выключана, што заўтра ці пасьлязаўтра, калі ня будзе амэрыканскіх удараў, і калі сілы Паўночнага альянсу ня будуць прадпрымаць нейкіх актыўных дзеяньняў, дык талібы і насамрэч пойдуць у вялікі контарнаступ. Так што ўсе тут чакаюць двух супрацьлеглых рэчаў. Або Паўночны альянс паспрабуе ўзяць Кабул, або талібы паспрабуюць наадварот захапіць тыя тэрыторыі, якія кантралюе Паўночны альянс. Зараз тут хісткая раўнавага”.

(Дракахруст: ) “У пачатку мінулага тыдня прэзыдэнт Расеі сказаў, што Расея больш інтэнсіўна падтрымае зброяй і амуніцыяй Паўночны альянс. Некаторыя афіцыйныя прадстаўнікі ЗША таксама казалі пра тое ж. Ці вы там адчуваеце нейкае ўзмацненьне гэтага садзеяньня з боку ЗША і Расеі? Можа вы бачыце новую тэхніку ці інструктараў?”

(Дзятліковіч: ) “Не, тут, дзе мы знаходзімся, – непадалёк Паншэрскай цясьніны, гэтага не заўважаецца. І вось чаму. У гэты рэгіён вельмі цяжка накіраваць нейкую дапамогу, таму што нават мяжа з Таджыкістанам, якая, фактычна, зьяўляецца мяжой з Расеяй, таму што там стаяць расейскія войскі, – яна вельмі скаладаная, гэта горная мясцовасьць, і таму праз гору вельмі цяжка перакідваць нейкую дапамогу. У кіраўніцтве Паўночнага альянсу нам пацьвердзілі, што Расея дапамагае альянсу ў пэўнай ступені. Напрыклад, два-тры месяцы таму Расея паставіла дапамогу ў больш даступныя мясцовасьці – гэта 50-60 танкаў, але гэта кропля ў моры, таму што сілы талібаў значна больш моцныя. Талібам да апошняга часу вельмі моцна дапамагаў Пакістан – зброяй, амуніцыяй, грашыма. І таму зараз войскі талібаў значна мацнейшыя, чым войскі Паўночнага альянсу. Таму калі Расея яшчэ дасьць 20-30 танкаў, дык гэта істотна сытуацыю не пераломіць. Таму зараз Паўночны альянс вядзе перамовы з ЗША пра дапамогу аэмрыканскую.Тут зьявілася інфармацыя, што альянс просіць Амэрыку дапамагаць яму прыкладна ў памеры 50 мільёнаў даляраў у месяц. Тут яшчэ і такі рэзон. Калі амэрыканцы ўдараць, дык гэта будзе аднамомантная акцыя, а Паўночнаму альянсу трэба замагацца з талібамі і надалей. Альянс хоча лепш мець дапамогу тэхнікай і грашыма ад ЗША, каб вызваліць ад талібаў тыя тэрыторыі, якія яны захапілі за 6 апошніх год вайны. Гэта зараз іх галоўная мэта – дамагчыся і ад ЗША і ад Расеі істотнай вайсковай дапамогі.

Што тычыцца дапамогі Расеі, дык пакуль што нічога не чуваць пра тое, што Расея будзе дапамагаць тэхнікай. Нават тыя танкі, што Расея перадала альянсу, гэта старая тэхніка. Фактычна яе сьпісалі на мэталалом з 201 дывізіі расейскай, якая дыслякуецца ў Таджыкістане. Немагчыма гаварыць, што Паўночны альянс ваюе новай расейскай тэхнікай. Ня бачым мы тут і ніякіх інструктараў, ні амэрыканскіх, ні расейскіх, якія б дапамагалі войскам Паўночнага альянсу”.

(Дракахруст: ) “Учора прадстаўнікі Паўночнага альянсу і прадстаўнікі былога караля Афганістану Захір Шаха падпісалі ў Рыме пагадненьне аб скліканьні нацыянальнага сходу – Лоя Джырга. Як тыя людзі, сярод якіх вы, Віктар, знаходзіцеся, афганцы, ставяцца да былога караля і яго пэрспэктываў аб’яднаць нацыю?”

(Дзятліковіч: ) “Дамовы, якія зараз дасягнутыя прадстаўнікамі Паўночнага альянсу з прадстаўнікамі былога караля, яны разьлічаныя перш за ўсё на ўспрыманьне тымі тэрыторыямі і людзьмі, якія зараз падкантрольныя талібам. Бо тут, на поўначы, і так вельмі моцны ўплыў Паўночнага альянсу і яго лідэраў. Яны карыстаюцца абсалютным аўтарытэтам і тут ня трэба казаць людзям, што, маўляў, давайце вызвалім Кабул і там да ўлады прыйдзе былы кароль. Гэтыя людзі гатовыя да таго, каб змагацца за незалежнасьць і свабоду ў тым разуменьні, як яны гэта бачаць. А вось на тэрыторыях, якія кантралююць талібы, Захір Шах карыстаецца вялікім аўтарытэтам, бо хоць ён і эміграваў больш за 20 год таму, але ўсё ж з часамі яго кіраваньня людзі зьвязваюць мірнае жыцьцё, калі не было грамадзянскай вайны. Людзям на тых тэрыторыях даспадобы магчымасьць вяртаньня да ўлады былога караля – самога па сабе ці ў кааліцыі з Паўночным альянсам.

Сёньня тут ёсьць зьвесткі, што ў адным з гарадоў, што кантралюецца талібамі, на рынку затрымалі шэсьць чалавек, якія распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам падтрымаць амэрыканцаў і Заір Шаха. Тых людзей арыштавалі і хутчэй за ўсё ім пагражае сьмяротны прысуд. Вось па гэтым факце бачна, што сапраўды падтрымка былому каралю ў кантраляваных талібамі првінцыях ёсьць. І гэта істотная фігура, якая можа ўплываць на ўнутраную сытуацыю ў Афганістане. Я думаю, што дамова, якой дасягнуў Паўночны альянс з былым каралём Афганістаану, павялічвае іх шанцы вярнуцца да ўлады ва ўсёй краіне. Хоць у караля і няма свайго войска, але ён гэта кампэнсуе сваім аўтарытэтам сярод насельніцтва. Магчыма, што пад імя былога караля і Захад будзе больш ахвоча аказваць дапамогу і Паўночнаму альянсу”.


XS
SM
MD
LG