Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЧАМУ ЯНЫ НАС НЕНАВІДЗЯЦЬ?”


Сяргей Шупа, Прага

«Чаму яны нас ненавідзяць?»- спытаўся прэзыдэнт Буш у сваёй прамове перад кангрэсам у мінулы чацьвер. Гэтае пытаньне болем адгукаецца ў сэрцы Амэрыкі на працягу апошніх двух тыдняў. Чаму тыя 19 чалавек вырашылі зруйнаваць сымбалі ваеннай і эканамічнай магутнасьці Злучаных Штатаў?

Бальшыня арабаў і мусульманаў ведала адказ на гэтае пытаньне яшчэ да таго, як задумаліся над тым, хто адказны за акты тэрору. Пакістанскі ваенны пілёт у адстаўцы Саяд Хайдэр – прыяцель Злучаных Штатаў – разумеў чаму. Радыкальны эгіпэцкі мулла і вораг Злучаных Штатаў Абу Гамза аль-Масры разумеў. Як разумеў і Джыммі Нур Замзамі, прававерны мусульманін і кіраўнік рэклямнай фірмы ў Інданэзіі.

Усе яны разумелі, што гэты напад меў больш канкрэтную мэту, чым наагул «заходнюю цывілізацыю». Перадусім гэта быў напад на Амэрыку.

У Злучаных Штатах ваенныя стратэгі распрацоўваюць дэталі акцыі адплаты. А для шмат каго на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах, дзе палітыка Злучаных Штатаў спарадзіла масавы антыамэрыканізм, крывавая бойня 11 верасьня якраз і была адплатай.

Цяпер ва ўсім мусульманскім сьвеце гучаць галасы папярэджаньня, што калі Амэрыка ня выбера для правядзеньня вайны з тэрарызмам спосаб, які мусульманскі сьвет палічыць справядлівым, яна можа спарадзіць яшчэ большую варожасьць да сябе.

Саяд Хайдэр ­ герой пакістанска-індыйскай вайны 1965 году, заўзяты сябар Амэрыкі. Аднак ні ён, ні ягоныя суседзі ў адным з самых стыльных кварталаў Ісьлямабаду ня маюць ніякага сумневу наконт таго, чаму іхныя цёплыя пачуцьці да Злучаных Штатаў не падзяляюць шырокія масы пакістанцаў.

У сваім цьмяным офісе ў адной зь мячэцяў у Паўночным Лёндане Абу Гамза аль-Масры салідарызуецца з мэтамі Усамы бін Лядэна. Паводле сьведчаньняў брытанскай паліцыі, Абу Гамза і сам кіраваў тэрарыстычынымі апэрацыямі за мяжою, аднак каб арыштаваць яго не хапае сьведчаньняў.

Спадар Замзамі, 30-гадовы дырэктар рэклямнай фірмы ў Джакарце, таксама ведаў, што стаяла за тымі нападамі. Спрабуючы надаць сваёй рэкляме бляску і разам з тым не парушыць прадпісаньняў веры, ён даволі выразна адчувае напружаньне паміж Ісьлямам і глябальным капіталізмам па-амэрыканску.

19 чалавек, якія паводле інфармацыі амэрыканскіх уладаў захапілі чатыры амэрыканскія пасажырскія самалёты і ўжылі іх для самагубчых нападаў, у выніку якіх загінула больш за 7000 чалавек – усе паходзяць з Блізкага Ўсходу. Бальшыня захопнікаў былі ідэнтыфікаваныя як мусульмане. У арганізацыі нападу Вашынгтон вінаваціць ісьлямскага фундамэнталіста Усаму бін Лядэна.

Абсалютная бальшыня мусульманаў на Блізкім Усходзе была ў шоку і ў жаху, ад таго, што яны пабачылі на тэлеэкранах. І яны ў страху ад таго, што ва ўяўленьні звычайнага амэрыканца яны валяцца ў адну кучу з тымі, хто ўчыніў напад.

Але ад Джакарты да Каіру, мусульмане і арабы кажуць, што калі падумаць, дык іх гэтая падзея ня надта дзівіць. І яны не падзяляюць думкі Буша, што выканаўцы нападу зрабілі гэта таму, што «яны ненавідзяць нашыя свабоды».

Хутчэй, кажуць яны, пачуцьцё абурэньня Амэрыкай і яе паводзінамі па ўсім сьвеце сталася ў іх краінах такой паўсюднай і звычайнай зьявай, што гэта непазьбежна спарадзіла варожасьць і нават нянавісьць.

І тыя кнопкі, на якія бін Лядэн націскае ў сваіх заявах і інтэрвію – несправядлівае абыходжаньне з палестынцамі, жорсткасьць санкцыяў супраць Іраку, прысутнасьць амэрыканскага войска ў Савудаўскай Арабіі, рэпрэсіўны і скарумпаваны характар падтрымваных Злучанымі Штатамі арабскіх рэжымаў рэгіёну Пэрсыдзкай затокі – усё гэта заваявала яму немалую сымпатыю ў мусульманскіх масах.

Абурэньне Амэрыкай пашырылася ў грамадзтвах, дэмаралізаваных сваёй найноўшай гісторыяй. Сярод пяці дзясяткаў мусульманскіх краінаў сьвету мала ў якіх урады прапануюць сваім грамадзянам заможнасьць і дэмакратыю. Арабскія краіны прайгралі тры вайны са сваім галоўным ворагам – і найбліжэйшым саюзьнікам Амэрыкі – Ізраілем. У сэрцам мільёнаў высьпявяе адчуваньне паразы і крыўды.

Тры тыдні таму найбуйнейшая арабская газэта сьвету «Аль-Хаят» надрукавала на першай паласе верш. Доўгі плач пра незайздроснае становішча арабаў, адрасаваны памерламу сырыйскаму паэту. Верш каначецца так:

«Дзеці паміраюць, і нікому няма справы.
Дамы разбураюць, і нікому няма справы.
Сьвятыні апаганьваюцца, і нікому няма справы...
Мне абрыдла жыцьцё ў сьвеце сьмяротных.
Знайдзі мне магілу побач з табою. Бо дастойнае жыцьцё толькі ў магіле».

Гучыць так, як быццам бы напісана чалавекам, якога ахапіла роспач і безнадзейнасьць, які ў адчаі шукае сьмерці, магчыма – долі пакутніка за веру. Чым не малады палестынскі ўцякач, які плянуе самагубчы бомбавы напад. А насамрэч аўтар вершу – амбасадар Савудаўскай Арабіі ў Лёндане, які належыць да адной з самых багатых і ўплывовых сем’яў каралеўства, што лічыцца найбліжэйшым арабскім саюзьнікам Злучаных Штатаў.

На фоне гэткага прыніжэньня неабвержная ваенная, эканамічная і культурная магутнасьць Амэрыкі магла б выглядаць як абраза, нават калі б амэрыканская палітыка на Блізкім Усходзе была нэўтральная. Але пра гэта ніхто ніколі не гаворыць.

Ва ўсім рэгіёне з канца ў канец усе адчуваюць, што Ізраілю можа сыйсьці з рук любое злачынства – і Вашынгтон будзе глядзець на гэта скрозь пальцы. За апошнія гады арабскія тэлеканалы паказалі безьліч кадраў, дзе ізраільскія жаўнеры страляюць у палестынскіх падлеткаў, ізраільскія танкі бураць палестынскія дамы, ізраільскія гелікоптэры расстрэльваюць ракетамі палестынскія вуліцы. І ўсе ведаюць, што Злучаныя Штаты штогод дасылаюць Ізраілю 3 мільярды даляраў ваеннай і эканамічнай дапамогі.

«Што адчуваеш, калі бачыш гэта кожны дзень?» - пытаецца Рафік Харыры, мажны лібанскі прэм’ер-міністар, якога ня так лёгка расчуліць. «Мне вельмі баліць. А сотні тысячаў арабаў і мусульманаў з гэтага вар’яцеюць. Яны адчуваюць сябе прыніжанымі».

[З ростам абурэньня нараджаюцца радыкалы]

Спытайцеся ў Шэйха Абдула Маджыда Атты – чаму палестынцы ня любяць Злучаныя Штаты, і ён не адразу знойдзе што адказаць. Ён бязгучна ступае босы па густым чырвоным дыване сваёй гасьцёўні і падыходзіць да трох фатаграфіяў у рамках, што стаяць на падлозе побач зь ляжанкай.

На чорна-белых здымках – пыльныя скалістыя пагоркі, аблепленыя маленечкімі намётамі і хацінамі са шлакаблёкаў: першыя дні ў лягеры ўцекачоў Дугейша, на поўдзень ад Бэтлеему, на Заходнім Беразе Ярдану. Там спадар Атта нападзіўся, там ягоная сям’я пражыла больш за паўстагодзьдзя.

Родная вёска ягонай сям’і была разбураная падчас ізраільска-палестынскай вайны, калі Брытанія падзяліла Палестыну ў 1948 годзе. 10 гадоў ягоная сям’я – 13 чалавек – жыла ў намёце. У год, калі нарадзіўся Атта, Арганізацыя Аб’еднаных Нацыяў дала ягонай сям’і аднапакаёвы дамок.

Атту не хвалюе, што Злучаныя Штаты непасрэдна ня мелі дачыненьня да «катастрофы», як палестынцы называюць падзеі 1948 году. Вашынгтон адвёў вочы ўбок тады, калі мог дапамагчы, а ад таго часу Злучаныя Штаты цьвёрда занялі бок Ізраілю.

Каржакаваты, салідны, з пышнай акуратна падстрыжанай барадой, Атта чытае пропаведзі ў тутэйшай мячэці. Ён выглядае як сапраўдны лідэр мясцовай супольнасьці – заўсёды бездакорна адзеты, у акуратнай кашулі і адпрасаваных штанах, у нагруднай кішэні – акуляры ў залатой аправе.

У апошні год палестынска-ізраільскага канфлікту Атта далучыўся да «Хамасу» - радыкальнай групоўкі, адказнай за бальшыню самагубчых бомбавых нападаў ан ізраільскія гарады. Роспач ад назіраньня за тым, як ад рук ізраільскіх жаўнераў гіне ўсё больш палестынцаў, адыграла ў ягоным рашэньні найбольшую ролю.

Ягоная нянавісьць да Ізраілю, аднак, паходзіць яшчэ зь дзяцінства, ад апавяданьняў пра родную вёску, Рас Абу Амар, якую ён ніколі ня бачыў. Вёска для яго надалей жывая. Мільёны палестынцаў на Заходнім Беразе і ў Паласе Газа дый на ўсім Блізкім Усходзе сьвята ўшаноўваюць старыя фатааздымкі, ключы і дакумэнты на дамы, якіх ужо даўно не йснуе або ў якіх ужо некалькі пакаленьняў жывуць гэбраі.

Сёньня ён жыве ў сваім доме у Дунэйшы – разьлеглым скопішчы густа заселеных бэтонных дамкоў з крывымі вузкімі вулкамі. Аднак ён усё яшчэ марыць пра дом, які ён ніколі ня бачыў, і ён прыгадвае тых, хто забраў у яго гэты дом, і ён памятае, на каго яны абапіраюцца.

Тое, што адбылося 11 верасьня - «гэта жахлівая рэч, трагедыя, а дзеля таго, што мы даўно жывем у няспыннай трагедыі, гэта якбы закранула і нас – кажа ён. – Аднак калі мы бачым нешта гэткае ў Ізраілі або Злучаных Штатах, мы адчуваем супярэчлівыя пачуцьці. Мы бачым, што гэта трагедыя, але мы памятаем, што гэтыя людзі стаяць за нашай трагедыяй».

«Нават малыя дзеці ведаюць, што Ізраіль без Амэрыкі нічога ня значыць – кажа Атта. – А тут Амэрыка азначае самалёты F-16, аўтаматы M-16, гелікоптэры «Апаш» - тое, што ўжывае Ізраіль, каб забіваць нас і разбураць нашыя дамы».

[Фанабэрыя звышдзяржавы]

Амэрыканская зброя ў руках ізраільскіх вайскоўцаў – гэта ў значнай ступені і ёсьць бачны твар амэрыканскай палітыкі на Блізкім Усходзе, дзе вайскоўцы захоўвалі балянс сілаў на працягу 50 гадоў. Тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў, разьмешчаных у рэгіёне Пэрсыдзкай затокі, мільярды даляраў штогадовай амэрыканскай дапамогі Ізраілю, Эгіпту ды іншым саюзьнікам – вось на чым трымаліся інтарэсы Вашынгтону ў гэтым стратэгічна важным і багатым на нафту рэгіёне.

Вайсковая прысутнасьць і магутнасьць выглядаюць праявай фанабэрыі шмат для каго ў мусульманскім сьвеце, прычым далёка ад «гарачых кропак». «Цяпер Амэрыка гатовая бамбіць гэты бедны народ (маецца на ўвазе Афганістан), а бальшыні людзей у Інданэзіі гэткая фанабэрыя не падабаецца», - кажа імам Буды Прасод’ё, інданэзійскі сацыёляг і тэлевядучы.

«Вы – звышдзяржава, вы – мілітарысцкая звышдзяржава і вы можаце рабіць, што вам захочацца. Людзям гэта не падабаецца, і гэта небясьпечна», - дадае ён.

«Амэрыка мусіць пашыраць сваю культуру, а ня зброю і танкі», - лічыць Мухамад аль-Саед Саід, намесьнік дырэктара ўплывовага каірскага Цэнтру Палітычных і Стратэгічных Дасьледаваньняў «Аль-Ахрам». «Яны мусяць дзейнічаць як любы паважаны вайскаводзец. Яны ня могуць выяўляць пагарду да тых, каго яны жадаюць весьці за сабой».

Дзесяць гадоў таму, стоячы на чале шырокай коаліцыі заходніх і арабскіх краінаў, Злучаныя Штаты выкарысталі свой статус звышдзяржавы, каб выгнаць ірацкае войска з Кувэйту. Ад таго часу, аднак, Вашынгтон застаўся адзін – калі не лічыць верных саюзьнікаў-брытанцаў – хто рашуча працягвае бамбаваць Ірак і прымушае захоўваць супраць яго жорсткія эканамічныя санкцыі, якія, на думку ААН, часткова сталіся прычынай сьмерці паўмільёна ірацкіх дзяцей.

Гэтыя сьмерці і гэтыя бамбаваньні (якія рэгулярна, але без вялікага афішаваньня праводзіць амэрыканска-брытанская авіяцыя) востра ўспрымаюцца ў іншых арабскіх краінах. А Санія Гусэйн ведае пра бомбы ўсё.

[Дачка загінула, бацькі чакаюць ад Злучаных Штатаў прабачэньня]

Пасярод ночы 16 красавіка 1986 году Санія Гусэйн раптам прачнулася ад аглушальнага грукату зэнітнай артылерыі. «Божа – падумала яна. – Вайна ідзе над самым маім домам».

Яна ўсхапілася з ложка і пабегла ў пакой, дзе ўвечары заснулі яе муж Басэм і 7-гадовая дачка Кінда. «Басэм, гэта амэрыканцы! – сказала яна пасьпешліва. – Здаецца, яны хочуць нас бамбіць».

Яна пайшла паглядзець другую дачку – 18-гадовую студэнтку мастацтва Раафат. Тая цярпела ад штогадовага прыступу сянной ліхаманкі і спала ў гасьцёўні бліжэй да кандыцыянэру, каб лягчэй дыхалася.

Раафат напярэдадні выпіла лекаў, і таму спала не зьвяртаючы ўвагі на тое, што адбывалася навокал. Санія падумала, што больш нічым ня можа дапамагчы – і зноў паклалася і накрылася коўдрай.

Басэм ляжаў і ўслухоўваўся ў страшны грукат у начным небе.

Басэм, народжаны ў Палестыне грамадзянін Лібану , 20 гадоў працаваў у Лібіі інжынэрам на амэрыканскім нафтавым гіганце – канцэрне Occidental, дапамагаючы распрацоўваць велізарныя нафтавыя рэзэрвы краіны. Ён жыў зь сям’ёй у заможным квартале лібійскай сталіцы Трыпалі, на першым паверсе двухпавярховага дома.

Басэм не пачуў выбуху. Ён агаломшана глядзеў, як акно разам з рамай раптам правальваецца ў пакой і столь абвальавецца на яго з дачкою.

Кінда крычала ў цемры побач зь ім. Басэн паспрабаваў паварушыцца, але яго заваліла абломкамі. У цемры ён намацаў Кінду: «Ня бойся, - сказаў ён, сьціскаючы дзіцячую ручку, - тата тут, ня плач, усё будзе добра».

Ад выбуху Санія страціла прытомнасьць. Калі яна ачомалася, дык пачула, як Басэм кліча з суседняга пакою і як прача Кінда. Яна пайшла навобмацак празь цемру, ідучы басанож праз абломкі тынку і шкло, задыхаючыся ад дыму, і некалькі хвілін клікала старэйшую дачку: «Раафат! Раафат!» Адказу не было, і Санія з жахлівай пэўнасьцю зразумела, што яе дачка нежывая.

«Басэм, – закрычала яна, – Раафат няма!».

Прывалены абломкамі, Басэм пачуў жончыны словы і адчуў, як у ім узьнімаецца гнеў і абурэньне. Ягонае жыцьцё і жыцьцё ягонае сям’і было разьбітае на кавалкі, і нічога ня будзе такім самым, як было дагэтуль.

Восем гадзін спатрэбілася на тое, каб дастаць Раафат з-пад руінаў дома. «Боль і пакуты, якія я не магу пераказаць, пачаліся для нас у той момант», - кажа Санія.

Раафат была адной з 55 ахвяраў амэрыканскага авіярэйду супраць сэрыі аб’ектаў у Трыпалі і іншым лібійскім горадзе ­ Бэнгазі.

Гэтыя ўдары былі нанесеныя ў адказ на выбух на дыскатэцы ў Бэрліне 10 дзён перад тым, падчас якога пацярпелі 200 чалавек, 63 зь іх – амэрыканскія вайскоўцы. Адзін вайсковец і адзін цывільны загінулі. Адміністрацыя Рэйгана склала віну за гэта на лібійскага лідэра Муамара Кадафі.

Басэм і Санія Гусэйны – не зацятыя, прыроджаныя антыамэрыканцы. Басэм вучыўся ў Злучаных Штатах, пасьля працаваў у канцэрне Esso, а пазьней – у Occidental. Раафат вучылася ў амэрыканскай каталіцкай школе, падчас падарожжаў у Злучаныя Штаты Санія вазіла Раафат у Дыснэеўскі Парк у Флорыдзе. «Усё амэрыканскае было для нас сваім і прывычным», - кажа яна.

Аднак пасьля той жахлівай ночы 16 гадоў таму Басэм і Санія больш ні разу не пабывалі ў Амэрыцы. Калі ў 1994 годзе Басэм пайшоў на пэнсію, яны вярнуліся ў Бэйрут.

У 1989 годзе лібійскі ўрад заручыўся падтрымкай Рэмзі Кларка, генэральнага пракурора ў адміністрацыі Картэра, каб распачаць справы супраць Роналда Рэйгана і Маргарэт Тэчэр за забойства цывільных жыхароў падчас авіяналёту. «Калі Кларк прыехаў па нашыя дакумэнты і сьведчаньні, я спытаўся ў яго – ці будзе распачатая справа, - кажа Басэм. ­ Ён сказаў: О, безумоўна. Гэта ж было забойства...»

Аднак судзьдзя агруговага суду Томас Пэнфілд Джэксан з гэтым не пагадзіўся. Ён спыніў справу і наклаў штраф на Кларка за марнаваньне судовых рэсурсаў на «пустую» справу.

Праз 12 гадоў гэтая судовая пастанова ўсё яшчэ смыліць болем у Басэмавым сэрцы. «Я зноў прыеду ў Амэрыку толькі тады, калі нехта выслухае мяне й скажа: «Так, мы вінаватыя ў сьмерці вашай дачкі і мы просім прабачэньня». Пакуль яны будуць думаць, што сьмерць маёй дачкі - «пустая справа», я туды не вярнуся», - кажа Басэм.

Гусэйны не падтрымваюцж рэлігійны экстрэмізм і рашуча асуджаюць самагубчыя напады на Нью-Ёрк і Вашынгтон 11 верасьня. І аднак абое яны лічаць, што той сьмертаносны напад быў вынікам «пыхлівай» амэрыканскай палітыкі на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах. «Мы хацелі б, каб амэрыканцы пабачылі, што робяць іхныя ўлады ў астатнім сьвеце», - кажа Санія.

[Пачуцьцё здрады сярод сяброў]

На другім баку Азіі, у Пакістане, ваенны лётчык Хайдэр пагадзіўся б з пажаданьнем Гусэйнаў. Ён заўсёды быў сябрам Злучаных Штатаў і ня толькі таму, што ён правёў 10 гадоў у Вашынгтоне ў якасьці ваеннага аташэ сваёй краіны. Як і мноства іншых прадстаўнікоў пакістанскай кіраўнічай эліты – у войску, у бізнэсе, у палітычных партыях – ён разглядае Злучаныя Штаты натуральным саюзьнікам.

Але саюзьнікам ненадзейным.

Гнеў і недавер да Злучаных Штатаў у Пакістане заснаваныя на глыбока ўкарэненым уяўленьні, што Амэрыка была ненадзейным сябрам, кажа Хайдэр, і ня толькі ў дачыненьні да Пакістану, але й да іншых мусульманскіх краінаў.

Калі можна выявіць момант здрады, дык для Хайдэра гэта адбылося ў 1965 годзе падчас індыйска-пакістанскай вайны за будучыню Кашміру. Калі індыйскія танкі набліжаліся да сталіцы Пакістану – Лахору, Хайдэр камандаваў эскадрыльяй самалётаў F-86, яку паслалі зьнішчыць тыя танкі. Савецкія саюзьнікі Індыі дапамагалі ёй грашмі, узбраеньнем і дыпляматычнай падтрымкай. Аднак у ключавы момант саюзьнікі Пакістану ­ Злучаныя Штаты ­ спынілі пастачаньне зброі. Як пасьля выявілася, Пакістан здолеў адбіць індыйскі наступ на Лахор і без амэрыканскай дапамогі. Хайдэрава эскадрылья разьбіла ўшчэнт калёну індыйскіх танкаў, якія былі ўжо за дзесяць кілямэтраў ад Лахору. Аднак навука засталася: Амэрыцы давяраць нельга.

«Пачуцьцё такое, што табе здрадзілі, ты ў некім расчараваўся а расчаравацца можна толькі ў тым, хто табе неабыякавы, - кажа Хайдэр. – Яны казалі нам – вы будзеце фарпостам Амэрыкі і ўсяго свабоданага сьвету ў барацьбе з камунізмам. А пасьля яны бяз дай прычыны кінулі сваіх сяброў».

Сёньня Хайдэр бачыць «супадзеньне інтарэсаў» паміж Пакістанам і Злучанымі Штатамі ў пытаньні барацьбы з тэрарызмам. Аднак, кажа ён, Бушу варта асьцярожней выбіраць словы, калі ён пачынае гаварыць пра мусульманскі сьвет. «Калі Буш гаварыў пра Крыжовы Паход ... гэта не была выпадковая памылка. Гэта такі мэнталітэт. Калі яны гавораць пра тэрарызм, яны маюць на ўвазе толькі Ісьлям».

Урэшце, Хайдэр бачыць спосаб – як Амэрыка і мусульманскія краіны маглі б стаць моцнымі сябрамі, аднак гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі Злучаныя Штаты пачнуць надаваць інтарэсам мусульманскіх краінаў гэтулькі вагі, колькі яны надаюць Ізраілю.

«Калі вы адмаўляеце людзям у спраявдлівасьці, як вы дзесяцігодзжьдзямі рабілі гэта ў Палестыне, і калі гэта разумныя і чульлівыя людзі, дык яны знайдуць што зрабіць, - папярэджвае Хайдэр. – Яны могуць знайсьці ратунак у Ісьляме, у фаталізме, нехта зь іх пачне вамі пагарджаць».

[Эгіпцянін, «натхнёны» далучыцца да афганскіх ваяўнікоў]

Шэйх Абу Гамза аль-Масры, радыкальны мусульманскі мулла, які служыць у мячэці ў занядбаным квартале на поўначы Лёндану, без сумневу пагарджае Амэрыкай.

Абу Гамза кажа, што захапляўся Захадам, калі быў малады – так, што нават кінуў унівэрсытэт у сваёй роднай Алескандрыі, каб паехаць вучыцца ў Брытанію. І ён ня меў нічога супраць брытанскага ўраду, калі пасьля сканчэньня навукаў пачаў працаваць інжынэрам у ваеннай акадэміі ў Сандхэрсьце.

Аднак, паглыбляючыся ўсё болей і болей у вывучэньне рэлігіі, ён пачаў усё часьцей сустракацца з арабскімі муджагедамі, якія прыяжджалі з афганскіх гораў у Ангельшчыну на лячэньне. І ён памяняў сваю пазыцыю.

«Калі бачыш – якія яны шчасьлівыя, як радыя, што ім прышылі руку або нагу і яны зноў могуць хадзіць і змагацца, ня думаючы пра адстаўку, а адзіная мара ­ загінуць за Божую справу... дык пачынаеш бачыць у сурах Кур’ану іншае вымярэньне, кажа Абу Гамза.

Натхнёны іхным прыкладам, ён у 1990 годзе паехаў зь сям’ёю ў Афганістан і працаваў там інжынэрам – будаваў дарогі, тунэлі і ўсё, «што толькі мог». А яшчэ ён змагаўся на баку муджагедаў супраць прасавецкага празыдэнта Мухамада Наджыбулы, пакуль падчас выбуху на шахце яму не адарвала абедзьве рукі і ён не асьлеп на адно вока.

Што ператварыла яго і ягоных паплечнікаў з антысавецкіх змагароў на антыамэрыканскіх, кажа ён, дык гэта тое, як Вашынгтон пакінуў іх пад канец вайны ў Афганістане і нават паспрабаваў раззброіць іх і разагнаць іх збройныя аддзелы.

«Гэта здарылася, калі амэрыканцы ўзялі нож у расейцаў і ўсадзілі яго нам у сьпіну – усё вельмі проста, - кажа Абу Гамза. – І гэта быў натуральны паварот справы».

«Пасьля яны бамбавалі Ірак і акупавалі Арабійскі паўвостраў, – кажа ён, маючы на ўвазе разьмяшчэньне амэрыканскага войска ў Савудаўскай Арабіі пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы, - а пасьля да гэтага ўсяго далучылася ячшэ дзікае паляваньне на муджагедаў. Гэта была поўнамаштабная вайна, безь ніякага сумневу».

На думку Абу Гамзы, ісьлямісцкім ваяўнікам найперш варта было б скінуцж скарумпаваныя або сьвецкія арабскія рэжымы, перш чым нападаць на Амэрыку (урад Емэну, дарэчы, дамагаецца ад брытанцаў ягонай выдачы за ўдзел у змове супраць ураду ў Сане). Аднак ён ні кроплі не сумняецца, што амэрыканскія ўлады самі наклікалі на сваю галаву падзеі 11 верасьня.

«Амэрыканцы хацелі ваяваць з расейцамі рукамі і крывёю мусульманаў, і яны маглі справакаваць нас, вымавіўшы слова «джыгад», - разважае Абу Гамза. – На вялікае няшчасьце астатняга сьвету, калі гэты джын выпушчаны з бутэлькі, загнаць яго назад вельмі няпроста. Джыгад будзе працягвацца далей і далей, пакуль вялікая мусульманская імпэрыя не паглыне ўсе імпэрыі сьвету».

Ці разумее ён матывацыю нападаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон? «Матывацыю можна пабачыць паўсюль пры цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі, - кажа ён. – Калі прэзыдэнт устае і перад усёй плянэтай кажа, што амэрыканцы – паперадзе ўсіх, дык ён толькі прапаведвае нянавісьць. Калі прэзыдэнт выходзіць і кажа – мы ня будзем паважаць ракетных дамоваў з Расеяй, дык ён толькі прапаведвае пыху і фанабэрыю. Калі ён адмаўляецца асудзіць тое, што адбываецца ў Палестыне, дык ён прапаведвае тыранію».

«Амэрыканская замежная палітыка, - дадае Абу Гамза, - сама сабой заклікае кожнага паспрабаваць прынізіць Амэрыку і разьбіць ёй нос».

[Неадназначнае ўспрыманьне Амэрыкі]

Па ўсім мусульманскім сьвеце моладзь спрабуе дапасаваць сваю ісьлямскую тоеснасьць да зьнешніх атрыбутаў глябалізаванага сьвецкага грамадзтва.

У аўдыторыі Ўнівэрсытэту Аль-Хайр у бэтонным джунглях Ісьлямабаду студэнт эканомікі й бізнэсу Набіл Ахмэд абмяркоўвае зь сябрамі здраду прэзыдэнта пакістанскаму народу. Здрада палягае ў тым, што прэзыдэнт паабяцаў падтрымку таму, што можа выліцца, на іхную думку, у крыжовы паход супраць мусульманаў.

Ахмэд і ягоныя сябры –добра апранутыя дзеці сярэдняе клясы, якія складаюць асноўную частку незадаволеных кансэрватыўных масаў Пакістану. Яны – маўклівая пакістанская бальшыня, яны цьвёрда стаяць адной нагой на Ўсходзе, а другой – на Захадзе. У буднія дні яны слухаюць Уітні Х’юстан і Майкла Болтана і носяць адзеньне папулярных амэрыканскіх фірмаў. Аднак у выходныя дні яны апранаюць традыцыйныя мусульманскія строі і ідуць з бацькамі ў мячэць.

Ім вельмі імпануе заходні лад жыцьця, шмат хто зь іх плянуе на некалькі гадоў зьехаць у Злучаныя Штаты, зарабіць грошай і вярнуцца ў Пакістан. І ўсё ж нягледзячы на ўсё прыцягальнасьць Захаду, яны ставяцца да яго з асьцярожнасьцю.

«Шмат каму з нас падабаецца і адно і другое. Мы любім амэрыканскую моду, амэрыканскую музыку, аднак усё адно мы застаемся мусульманамі, - кажа Ахмэд. – Сьвяты Прарок сказаў, што ўсе мусульмане – адно цела, і калі пацерпіць адна яго частка – усё цела адчуе гэты боль. Калі ў Афганістане хоць адзін мусульманін пацерпіць ад немусульманіна, дык абавязкам мусульманаў усяго сьвету будзе дапамагчы яму».

Як і ягоныя сябры, Ахмэд адчувае, што Амэрыка мае падвойныя стандарты ў дачыченьні сваіх сяброў і ворагаў. Амэрыка нападае на Ірак, калі ён акупуе Кувэйт, аднак дазваляе Ізраілю разбураць палестынскія дамы на Заходнім Беразе і ў Паласе Газа. Амэрыка рэзка асуджае мусульманскія краіны накшталт Судану, які прыцясьняе сваю хрысьціянскую меншыню, але дазваляе Расеі бамбаваць сваю мусульманскую меншыню ў Чэчэніі.

І нягледзячы на тое, што Злучаныя Штаты за апошнія дзесяцігодзьдзі падтрымвалі розныя рухіо «змагароў за свабоду» накшталт нікарагуанскіх «контрас», Амэрыка асуджае Пакістан і Афганістан як тэрарыстычныя дзяржавы за іх падтрымку ваяўнічых мусульманскіх рухаў у Кашміры і ў іншых рэгіёнах.

«У Амэрыкі ёсьць толькі адзін спосаб стацца сябрам Ісьляму, - кажа Ахмэд. – Яны мусяць зразумець, што нашыя жыцьці гэтак сама каштоўныя, як і іхныя. Калі амэрыканцаў так усхвалявалі 6 500 забітых у Сусьветным гандлёвым Цэнтры, дык хай яны таксама задумаюцца над забітымі ў кашміры, у Палестыне, у Чэчэніі, у Босьніі. Бо падвойныя стандарты спараджаюць нянавісьць».

Ахмэдава неадназначнае ўспрыманьне Амэрыкі – ён жадае там жыць і працаваць, ён захапляецца амэрыканскімі каштоўнасьцямі, аднак абураны паводзінамі Амэрыкі ў сьвеце – дык вось, гэткае неадназначнае ўспрыманьне падзяляюць шырокія масы арабскага і мусульманскага сьвету.

«Я думаю, яны ненавідзяць нас за тое, што мы робім, бо выглядае, што гэта пярэчыць таму, што мы кажам», - цьвердзіць Брус Лорэнс, прафэсар рэлігіязнаўства Унівэрсытэту Дзюка, гаворачы пра пачуцьці насельнікаў Блізкага Ўсходу. - «Найбольшая праблема ў тым, што нашая палітыка, падобна, супярэчыць нашым фундамэнтальным каштоўнасьцям».

Усё гэта добра разумеюць мусульмане, якія спачуваюць палестынцам і кажуць, што Вашынгтон павінен прымусіць Ізраіль выканаць рэзалюцыі ААН і выйсьці з акупаваных тэрыторыяў. «Амэрыканцы кажуць, што 11 верасьня адбыўся напад на цывілізацыю, - кажа спадар Харыры, прэм’ер-міністар Лібану. – Аднак што такое цывілізаванае грамадзтва, як не грамадзтва, якое жыве паводле законаў?»

Гэта добра разумеюць і грамадзяне манархічных краінаў Пэрсыдзкай затокі, дзе паняцьце выбараў наогул невядомае і дзе правы жанчынаў жорстка абмежаваныя. «Пасьля заканчэньня Халоднай Вайны Амэрыка шмат гаварыла пра пашырэньне дэмакратыі, - кажа Джон Эспозіто, кіраўнік Цэнтру Мусульманска-Хрысьціянскага Паразуменьня ў Джорджтаўнскім Унівэрсытэце ў Вашынгтоне. – Аднак мы нічога ня робім у гэтым напрамку у краінах з рэпрэсіўнымі рэжымамі на Блізкім Усходзе, таму можна зразумець, чаму там так пашыраныя антыамэрыканскія настроі».

Разам з тым дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі – а дзяржаўнымі ў бальшынці краінаў Блізкага ўсходу зьяўляюцца ўсе сродкі масавай інфармацыі ­ часта разьдзімаюць полымя антыамэрыканскіх і антыізраільскіх пачуцьцяў, каб адцягнуць увагу сваіх грамадзянаў ад злоўжываньняў ураду.

У сталіцы Емэну Сане, дзе каля амэрыканскай амбасады штодня выстройваюцца даўжэзныя чэргі, таксама назіраецца выразна неадназначнае стаўленьне да Амэрыкі. «Калі прыедзеш у Амэрыку, дык сапраўды пачынаеш любіць яе, - кажа Мурад аль-Мурайры, фізык, які атрымаў адукацыю ў Злучаных Штатах. – Там да цябе ставяцца як да чалавека, значна лепш, чым у тваёй краіне. Аднак калі вяртаесься дадому, ты бачыш, што Злучаныя Штаты ставяцца годна і справядліва толькі да сваіх людзей, а не да астатняга сьвету. У эпоху глябалізацыі гэта недапушчальна».

Не пераканалі скептыкаў і тыя настроі, што панавалі апошнімі тыднямі ў Вашынгтоне, - лічыць Франсуа Бюрга, францускі сацыёляг, што працуе ў Емэне.

«Калі Буш згадвае пра «крыжовы паход», або хоча мець бін Лядэна «жывога або мёртвага», дык гэта нішто іншае, як фатва (рэлігійны дэкрэт) безь ніякага судовага разбору, - папярэджвае францускі сацыёляг. – Гэта абвяргае ўсе прынцыпы, на якіх збудаваная Амэрыка».

Што такое фатва – просты пакістанскі крамнік Аміруль-Хак разумее лепш за судовы разбор. Ягоны сын загінуў два гады таму ў Кашміры. «Калі я пачуў, што мой сын загінуў, я быў задаволены», - кажа ён.

Зь ім згодны і іншы пакістанец, Азад Хан. Гарачым нядзельным адвячоркам спадар Хан і ягоная сям’я ладзяць бяседу у маленькай карчме побач зь мясцовай мячэцьцю. У іх сьвята, бо яны толькі што даведаліся, што іх 20-гадовы сын Саід быў забіты ў перастрэлцы зь індыйскім войскам у частцы Кашміру, кантраляванай Індыяй. Загінуўшы, Саід стаўся яшчэ адным шагідам, пакутнікам і гераічным абаронцам мусульманаў супраць ворагаў Ісьляму. Згодна з Кур’анам, шагіды насамрэч не паміраюць, яны жывуць надалей, проста іх нельга бачыць. І дзякуючы іхнай мужнасьці, уся сям’я шагідаў трапляе напрасткі ў рай.

«Гэта не прычына для смутку. Мы вельмі шчасьлівыя, - кажа Азад Хан, сядаючы за багаты стол разам з камандзерамі групы, у якой ваяваў Саід. «Я сказаў яму далучыцца да джыгаду, бо ён – сын мусульманіна, - кажа Хан. – І гэтаксама, як мы ваюем у Кашміры, калі трэба будзе авяваць са Злучанымі Штатамі ў Афганістане, мы гатовыя ваяваць, бо мы мусульмане. Наш абавязак у тым, каб ваяваць супраць нявернікаў, якія пагражаюць нашым мусульманскім братам».

Аднак непадобна, каб шмат пакістанцаў або іншых мусульманаў сапраўды выправіліся ў Афганістан ваяваць з амэрыканцамі, калі б там высадзілася амэрыканскае війска. Ваяўнічыя погляды Хана бальшыня зь ягоных суродзічаў не падзяляе.

Аднак у шырэйшым сэнсе і ў даўжэйшай пэрспэктыве – шмат людзей на Блізкім Усходзе баяцца, што рыхтаваная вайна супраць тэрарызму – калі яна ня будзе весьціся з надзвычайнай асьцярожнасьцю – магла б справакаваць новую хвалю антыамэрыканскіх пачуцьцяў.

Джамаль аль-Адымі, емэнскі адвакат з амэрыканскай адукацыяй, выказвае агульную думку, папярэджваючы, што «калі далей адказваць гвалтам на гвалт, будзе падрыхтаваная ўрадлівая глеба для новага тэрарызму. Калі вы заб’яце нечага брата або маці, дык у адказ вы атрымаеце яшчэ больш звар’яцелых ад роспачы людзей».

Спробы выкараніць тэрарызм, не перапахаўшы глебу, на якой ён узрастае – гэта значыць, не зьмяніўшы палітыку, якая спараджае антыэмарыканскія пачуцьці – посьпеху не прынясуць. Так лічаць як звычайныя жыхары Блізкага Ўсходу, гэтак і дзяржаўныя кіраўнікі.

На практыцы, кажа лібанскі прэм’ер Харыры, гэта азначае, што «пачаць вайну Амэрыка можа й сама, аднак выйграць яе можна толькі згуртаваўшыся ўсім разам. Гэта значыць, што кожны мусіць быць нейкім чынам зацікаўлены ў тым, каб далучыцца да будаванай Вашынгтонам антытэрарыстычнай коаліцыі.

Што да найвышэйшага ўзроўню, дык, як цьвердзіць Басам Тыбі, прафэсар міжнародных дачыненьняў Гётынгенскага Ўнівэрсытэту ў Нямеччыне і спэцыяліст у паліталёгіі Ісьляму, «для таго, каб адолець ісьлямскі фундамэнталізм, трэба прыйсьці да пагадненьня паміж Захадам і Ісьлямам наконт асноўных каштоўнасьцяў у галіне дэмакратыі правоў чалавека. Бомбы і гарматы тут нічым не дапамогуць – гэта толькі абвострыць праблему».
XS
SM
MD
LG