Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ ПРАВІЛЬНУЮ СТРАТЭГІЮ АБРАЛА АДМІНІСТРАЦЫЯ БУША Ў БАРАЦЬБЕ З ТЭРАРЫЗМАМ?


Юры Дракахруст, Прага

Паводле меркаваньня Энтані Люіса, адміністрацыя абрала ў прынцыпе правільны шлях дзеяньняў. Ён адзначае, што існавала спакуса ў парыве абурэньня як мага хутчэй нанесьці ваенны ўдар у адказ. Але прэзыдэнт Буш прыняў цяжкае, але правільнае рашэньне – не сьпяшацца з ваеннымі дзеяньнямі. New York Times адзначае, што тэрарызм ня можа быць пераможаны адным ударам, яго можна перамагчы толькі ў доўгім змаганьні, дзе поле боя ўключае ў сябе і дыпляматыю, і фінансы, і палітыку.

На думку выданьня, вельмі ўдалымі былі дзеяньні ЗША ў дыпляматычнай сфэры. Разрыў Савудаўскай Арабіяй дыпляматычных адносінаў з рэжымам талібаў, крокі па дасягненьні міру паміж ізраільцянамі і палестынцамі, далучэньне да антытэрарыстычнай кааліцыі Расеі і Пакістану – усе гэтыя крокі спрыялі палітычнай ізаляцыі тэрарыстаў.

Аднак калі мэта – ня проста падвысіць бясьпеку і абмежаваць магчымасьці тэрарыстаў, а нанесьці ім паразу, без ваенных дзеяньняў не абыйсьціся – піша New York Times. Але ці маем мы паўныя доказы, якія зьвязваюць Усаму бін Ладэна з тэрарыстычнымі актамі 11 верасьня? – задае пытаньне газэта. А калі так, то якім чынам мы яго атакуем? У свой час прэзыдэнт Клінтан аддаў загад бамбаваць лягеры, дзе хаваўся бін Ладэн, але на момант атакі яны былі ўжо пустыя. Амэрыканцы мусяць быць гатовымі да няўдачы.

Яшчэ адной важнай праблемай газэта лічыць захаваньне ў гэты крытычны момант традыцыйных амэрыканскіх свабодаў. Міністар юстыцыі Эшкрафт прапанаваў пакет заканадаўчых актаў, які прадугледжваў абмежаваньні гэтых свабодаў, у прыватнасьці, прэвэнтыўныя затрыманьні імігрантаў. Але ён сутыкнуўся з супрацівам ў Кангрэсе як з боку дэмакратаў, гэтак і з боку рэспубліканцаў.
У артыкуле, надрукаваным у New York Times некалькі дзён таму, міністар абароны ЗША Рамсфэльд тлумачыў, што вайна з тэрарызмам будзе вайною вельмі спэцыфічная. “Нашая рэакцыя ў адказ можа ўключаць пускі крылатых ракетаў, але гэтак жа верагодна, што мы зоймемся радыёэлектронаю барацьбою, каб спыняць інвэстыцыі тэрарыстаў, што праходзяць праз афшорныя банкі,” – пісаў міністар Рамсфэльд.

Энтані Люіс у сваім сукботнім камэнтары таксама лічыць, што адна з галоўных мэтаў – разбурэньне фінансаў тэрору. Мы прымусілі арабаў, каб яны разарвалі дыпляматычныя адносіны з талібамі, але ці здолеем мы прымусіць іх паведаміць нам імёны фінансістаў тэрору? – задае пытаньне New York Times. Газэта адзначае, што атака тэрарыстаў мела на мэце ня толькі будынкі на Мангэтане, але і амэраканскую эканоміку ў цэлым. Паводле New York Times, тэракты ўзмацнілі спад у амэрыканскай эканоміцы. І тут таксама ўзьнікла спакуса простага рашэньня – напампоўваць эканоміку грашыма. Аднак і тут адміністрацыя Джорджа Буша праявіла цьвёрдасьць, – адзначае New York Times.


XS
SM
MD
LG