Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МАЮЦЬ ЗША ПЛЯН БАРАЦЬБЫ З ТЭРАРЫЗМАМ?


Юры Дракахруст, Прага

“Ці мае адміністрацыя Буша дакладны плян дзеяньняў у тым, што яна называе вайною з тэрарызмам, ці гэты плян усё яшчэ у стадыі выпрацоўкі?” – за такіх словаў пачынаецца атрыкул у сёньняшнім нумары New York Times. “Здавалася, плян ёсьць, – працягвае выданьне, – калі на мінулым тыдні прэзыдэнт, зьвяртаючыся да ўзброеных сілаў, казаў: “Прыйшоў час, калі Амэрыка мусіць дзейнічаць”.

Але, паводле New York Times, асобы, што маюць дачыненьне да распрацоўкі палітыкі – сэнатары, дыпляматы, старэйшыя афіцэры разьведкі, адчуваюць сур’ёзныя сумненьні ў тым, што такі плян існуе. Можа, гэта ваенная хітрасьць, сродак дэзарыентаваць ворага, а можа нешта іншае? – пытаецца газэта. Яна зьвяртае ўвагу на заяву міністра абароны Рамсфэльда, які пазаўчора паведаміў, што ня трэба чакаць хуткай буйнамаштабнай атакі.

Пра гэта ж ішла размова і падчас учорашняга паседжаньня Рады НАТА ў Брусэлі. Удзельнікі нарады аддавалі перавагу неваенным мэтадам разбурэньня сетак міжнароднага тэрору, у прыватнасьці, праз узмацненьне разьведнай дзейнасьці.

New York Times піша, што спачатку Пэнтагон меркаваў нанесьці па Афганістане моцныя бомбавыя удары бамбавозамі Б-1 і Б-52. Аднак у Афганістане для іх няма мішэняў, – адзначае газэта. Бомбавыя атакі Кабулу прывядуць толькі да патоку ўцекачоў у Пакістан, што ў сваю чаргу дэстабілізуе сытуацыю у гэтай краіне, ад якой Амэрыка моцна залежыць у пляне атрыманьня разьведнай інфармацыі пра месцазнаходжаньне тэрарыстаў. Бамбаваньне сельскай і горнай мясцовасьці таксама падаецца New York Times неэфэктыўным. Яна спасылаецца на ацэнку супрацоўніка Пэнтагону, які прыгадаў пра неэфэктыўнасьць “коўдравых” бамбаваньняў у Віетнаме, пры тым, што разьведнай інфармацыі пра Віетнам ЗША мелі істотна больш, чым зараз пра Афганістан.

Іншы плян палягае ў падтрымцы афганскіх апанэнтаў рэжыму талібаў – Паўночнага альянсу, які кантралюе 10% тэрыторыі Афганістану. Але, як адзначае газэта, гэты плян даволі цяжка праводзіць публічна. Міністар замежных справаў Пакістану Абдул Саттар ужо папярэдзіў, што замежнае ўмяшаньне ва ўнутраны канфлікт у Афганістане на баку адной з варагуючых сілаў прывядзе да хаосу і вялікіх пакутаў для афганскага народу. New York Times цытуе словы аднаго зь вэтэранаў амэрыканскай дыпляматыі, які адзначыў, што такога кшталту апэрацыі мусяць праводзіцца зь пільнай увагаю да культурных і рэлігійных асаблівасьцяў. Памылкі – адзначае ён, – разбураць саюз Амэрыкі з арабскімі краінамі, у якіх ЗША маюць пільную патрэбу.

Зараз прэзыдэнта Буша падтрымліваюць 90% амэрыканскага народу – адзначае New York Times, – але ён мусіць паказаць Амэрыцы рэальны вынік антытэрарыстычнай кампаніі.

XS
SM
MD
LG