Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЭР НЬЮ-ЁРКУ ДЖУЛІЯНІ: Я НЕ МАГУ ПРЫМУСІЦЬ СЯМ’Ю СТРАЦІЦЬ ВЕРУ, ШТО БЛІЗКІ ЧАЛАВЕК – ЖЫВЫ


Гутарыў Віталь Тарас

(Карэспандэнт: ) “У адным з ранейшых рэпартажаў Вы казалі, што сем’і загіблых у Нью-Ёрку не маглі атрымаць кампэнсацыі, бо нават ня мелі пасьведчаньняў пра сьмерць блізкіх. Якая сытуацыя цяпер?”

(Прыгара: ) “Сапраўды, сытуацыя выглядала даволі складанай, бо пасьведчаньні аб сьмерці для тых, хто лічыцца зьніклымі бяз зьвестак, выдаваліся ў адпаведнасьці з законам праз 3 гады. Чалавек, які зьнік, прызнаваўся памерлым праз 3 гады. Узьнікала казусная сытуацыя: не маглі знайсьці целы тых людзей, якія загінулі ў будынках Усясьветнага гандлёвага цэнтру, а сем’і фактычна ня мелі магчымасьці атрымаць кампэнсацыі за страхоўку жыцьця.

У гэтым выпадку зробленае выключэньне на ўзроўні гарадзкіх уладаў Нью-Ёрку. Ад сёньняшняга дня пачалася выдача пасьведчаньняў аб сьмерці тым сем’ям, якія хочуць атрымаць пасьведчаньне. Мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні сказаў, што ён ня можа прымушаць сям’ю траціць веру ў тое, што родны чалавек жывы, але тыя, хто хоча атрымаць пасьведчаньне і падаць дакумэнты на кампэнсацыю, могуць зрабіць гэта.

Для гэтага трэба прад’явіць дакумэнты ўладам, што менавіта гэты чалавек – сябра сям’і і дакумэнты, што ён працаваў у адной зь фірмаў, якія знаходзіліся ў будынках WTC”.

(Карэспандэнт: ) “Апошнім часам вельмі шмат паведамляюць пра надзвычайныя меры бясьпекі, якія прымаюцца ў ЗША, асабліва ў Нью-Ёрку. Ці лёгка патрапіць у Манхэтэн зараз?”

(Прыгара: ) “Як раз зараз у Манхэтэн патрапіць на машыне даволі цяжка, вялікі рух, бо на ўездах туды зробленыя кантрольна-прапускныя пасты, правяраюцца дакумэнты ва ўсіх кіроўцаў, якія ўяжджаюць у горад. Грамадзкі транспарт працуе нармальна, таму на мэтро ці аўтобусе ўехаць можна. Ад заўтра ўводзіцца абмежаваньне ўвогуле: кіроўца, калі ён адзін у машыне без пасажыра, ня зможа ўвогуле ў Манхэтэн уехаць. Гэта зроблена, каб зменшыць рух.

Яшчэ такая цікавая акалічнасьць што да мерах бясьпекі. Некаторыя школы ад гэтага тыдня ўвялі дзеяньні спэцыяльных плястыкавых картак. Гэтыя карткі дазваляюць, што, калі, напрыклад, дзіця заходзіць у школьны аўтобус ці школу, мусіць гэтую картку прасканіраваць, і бацькі будуць ведаць, дзе зараз школьнік. У школьных аўтобусах устанаўліваюцца адмысловыя відэакамэры, якія злучаныя з паліцыяй і адміністрацыяй школы”.
XS
SM
MD
LG