Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЗША АБМЯРКОЎВАЕЦЦА МАГЧЫМАСЬЦЬ УЖЫВАНЬНЯ ТЭРАРЫСТАМІ ХІМІЧНАЙ І БАКТЭРЫЯЛЯГІЧНАЙ ЗБРОІ


Радыё Свабода.

(Прагара: ) “Сельская авіяцыя – адзін з найпрасьцейшых шляхоў для распыленьня хімічнай зброі, але ўжо ўзятыя пад кантроль невялікія аэрадромы, усе школы, якія рыхтуюць пілётаў. Трэба сказаць, што агульнай панікі гэта не выклікае, але якраз сёньня паступілі паведамленьні пра тое, што ў Нью-Ёрку ў спэцыялізаваных крамах раскупленыя ўсе супрацьгазы і спэцыяльныя касьцюмы хімічнай абароны”.

(Ціхановіч: ) “Як наагул выглядае Нью-Ёрк? Чым зараз жыве горад? На экранах тэлевізараў, апрача прэзыдэнта Буша, мы часта бачым мэра Нью-Ёрку Джуліані. Што думаюць жыхары гораду пра працу камунальных службаў у гэтыя дні?”

(Прагара: ) “Рэйтынг мэра ў гэтыя два тыдні – найбольш высокі. Ён дасягае 95 адсоткаў. Горад жыве ціха і спакойна. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Джуліані сказаў, што ўзровень злачыннасьці ў гэтыя два тыдні ў горадзе – самы нізкі за апошнія 40 гадоў. Ну а патрыятычны ўздым на гэтым тыдні проста надзвычайны. Увесь Нью-Ёрк проста перакрыты сьцягамі. Што да палітычнага жыцьця, то якраз сёньня ў горадзе праходзяць так званыя праймэрыз – папярэдняе галасаваньне, якое было перанесеная менавіта з 11 верасьня. Падчас праймэрыз вылучаецца адзін з дэмакратычных кандыдатаў, адзін з рэспубліканскіх. Сёньня на пасаду мэра Нью-Ёрку прэтэндуюць два рэспубліканцы і чатыры дэмакраты, і нягледзячы на патрыятычны ўздым, удзел у галасаваньні даволі нізкі. Прагназуюць, што толькі 20 адсоткаў зарэгістраваных сяброў партыяў возьмуць удзел у праймэрыз”.

(Ціхановіч: ) “Як зараз ставяцца да аэмрыканскіх мусульманаў? Ці менш у апошнія дні стала выпадкаў нецярпімасьці? Як вядома, улады заклікаюць да цярпімасьці і кажуць, што ўсе выпадкі гвалту і нецярпімасьці будуць перасьледавацца. Як пачуваюць сябе людзі мусульманскай веры?”

(Прагара: ) “На бытавой глебе ёсьць адзінкавыя выпадкі. Але вось цікавая інфармацыя, што з ЗША зараз зьяжджаюць арабскія студэнты. Паводле статыстычных дадзеных, у ЗША ў прэстыжных і дарагіх унівэрсытэтах і колэджах вучыцца 570 тысяч арабскіх студэнтаў. І вось за апошнія два тыдні ўжо 40 тысяч студэнтаў пакінулі ЗША і вярнуліся на радзіму. Што да амэрыканскіх грамадзянаў арабскага паходжаньня, дык у іх ёсьць права зьвяртацца ў суд. Наколькі я ведаю, некаторыя арабы заявілі, што будуць гэта рабіць”.


XS
SM
MD
LG