Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬБІГНЕЎ БЖЭЗІНЬСКІ: ВЫКАРЫСТОЎВАЮЧЫ СЫТУАЦЫЮ, РАСЕЯ ХОЧА АТРЫМАЦЬ КАРТ-БЛЯНШ НА ВЫНІШЧЭНЬНЕ ЧАЧЭНЦАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

На ягоную думку, Злучаныя Штаты павінны рэагаваць на апошнія беспрэцэдэнтныя тэрарыстычныя акты, разумеючы, што гэта доўгахвалёвы і ўскладнёны збройны чын, але не вайна. На першым этапе гэты чын, напэўна, вымагае нейкага моцнага і выразнага ваеннага адказу.Такая акцыя была б у вачох сьвету пацьверджаньнем моцы Амэрыкі і яе ваенных магчымасьцяў. Надалей сытуацыя патрабуе пабудовы кааліцыі дзяржаваў, якія сапраўды стаяць на пазыцыях дэмакратычных каштоўнасьцяў.

На пытаньне Gazety Wyborczej, ці далучацца да кааліцыі Кітай і Расея, вядомы палітоляг выказаў меркаваньне, што “Пэкін падтрымае кампанію ўзамен на больш лагодныя пагляды Захаду на кітайскія праблемы з тэрарызмам і сэпаратысцкія рухі ў яго заходніх правінцыях. З Расеяй больш складана. Масква, з гледзішча Бжэзіньскага, безумоўна хоча выкарыстаць хоць нейкі свой саўдзел у кааліцыі, каб знайсьці прыхільнасьць Захаду ў расейскіх плянах вынішчэньня чачэнцаў. Захад, аднак, ня зможа на гэта пайсьці. Расея намагаецца ўцягнуць Захад у свае спрэчкі з мусульманскім сьветам. Ня думаю, каб Амэрыка змагла патрапіць у гэтую пастку,” – лічыць Зьбігнеў Бжэзіньскі і працягвае думку: “Акрамя ўсяго, ня трэба забываць, што яшчэ дзесяцігодзьдзе таму тагачасны ўрад СССР быў глыбока заангажаваны ў стварэньне, узбраеньне і навучаньне розных гатункаў тэрарыстычных арганізацыяў. Асобныя сёньняшнія тэрарысты прайшлі расейскі трэнінг. Зрэшты, сам прэзыдэнт Пуцін выйшаў з арганізацыі, чые сьляды повязяў з тэрарыстамі бачныя ў Паўночнай Ірляндыі, Гішпаніі, на Блізкім Усходзе і нават у Ватыкане”.

На заўвагу карэспандэнта Gazety Wyborczej, што Ўсама бін Ладэн ёсьць у пэўнай ступені выхаванцам ЦРУ, спадар Бжэзіньскі адказаў: “Натуральна, што так, але шырокае сеціва тэрарыстычных арганізацыяў ў сьвеце мае выразныя пасьлясавецкія сьляды. Я быў бы вельмі асьцярожны ў прыняцьці расейскай дапамогі. Ужо праз некалькі дзён пасьля нападу на ЗША расейцы паінфармавалі, што знайшлі ў чачэнцаў інструкцыі па абслугоўваньні самалётаў. Гэта вельмі дзіўна".


XS
SM
MD
LG