Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКА ВЫПРАБОЎВАЕ РАШЭНЬНЕ ПАКІСТАНУ ВЫСТУПІЦЬ НА БАКУ НАТО


Алена Радкевіч, Прага

Пасьля таго, як Пакістан некалькі гадоў палітычна, матэрыяльна і фінансава падтрымліваў Талібан, да Іслямабаду зьвярнуліся ЗША з прапановай дапамагчы зьнішчыць Усаму бін Ладэна і зваліць рэжым талібаў. Вашынгтон вылучыў прэзыдэнту Пэрвэзу Мушарафу патрабаваньні, якія, па-першае, палегчылі б любую акцыю ЗША ў Афганістане, а, па-другое, выпрабавалі на трываласьць рашэньне Пакістану выступіць на баку заходняга альянсу.

Аглядальнік часопісу Eurasia піша ў гэтай сувязі: “Калі Мушараф вырашыць ісьці ў рэчышчы амэрыканскай палітыкі, ён атрымае падтрымку большасьці насельніцтва ў Пакістане, якое стамілася ад эканамічнага крызысу, хранічнага беззаконьня і “талібанізацыі” пакістанскага грамадзтва з боку ісламскіх экстрэмістаў”. У дадатак, на думку часопіса, Ісламабад усё яшчэ здольны паўплываць на наступствы амэрыкаскай атакі і на вызначэньне магчымай будучыні афганскага ўраду.

У выпадку ж адмовы Пакістану ад дапамогі ЗША, Мушараф, як піша часопіс, апынаецца “паміж молатам і кавадлам”. Шлях, які ён цяпер абярэ, вызначыць жыцьцяздольнасьць пакістанскай дзяржавы. Цяпер для Пакістану момант вызначэньня: альбо ён стане часткай усясьветнай супольнасьці, альбо застанецца ў адзіноце, з усёй адпаведнай рызыкай, уключаючы магчымы крах дзяржавы і далучэньне яе да ліку краінаў-ізгояў.

Financial Times тымчасам зазначае, што многія ў Пакістане выказваюць абурэньне патрабаваньнямі ЗША. На думку газэты, меркаваньні унутранай бясьпекі павінны прымусіць Мушарафа абмежаваць ролю Пакістану ў падтрымцы акцыі ЗША нейкімі пэўнымі напрамкамі, ня робячыся поўнамаштабным партнэрам Амэрыкі. “Напрыклад, гэта магло б быць прадстаўленьне паветранай прасторы Пакістану, падтрымка пакістанскіх разьведвальных сілаў у Афганістане – але нават гэта можа справакаваць апазыцю,” – лічыць Financial Times.

Аналітыкі францускай Le Monde адзначаюць раскол унутры Талібану. Францускі штодзёньнік зьвяртае ўвагу на тое, што віцэ-прэзыдэнт Рады Міністраў Талібану ў панядзелак заявіў, нібыта джыхад альбо сьвяшчэнны паход супраць ЗША ўжо афіцыйна санкцыянаваны ў Афганістане. Сёньня ж Талібан цалкам абвергнуў гэтую заяву, дадаўшы тым ня менш, што джыхад не выключаецца, калі ЗША заатакуюць мусульманскую краіну. Тое, што Le Monde азначыла, як “дуэль заяваў” сярод высокапастаўленых асобаў рэжыму, газэта разглядае ак крызыс унутры Талібану. На думку газэты, для Кабулу была б цяпер аптымальнай экстрадыцыя бін Ладэна ў мусульманскую дзяржаву, каб ён мог паўстаць перад справядлівым судом. “Ашаломлены здрадай свайго бліжэйшага прыхільніка ў рэгіёне, Талібан згубіў частку свайго адзінства,” – піша Le Monde.

Азіяцкае выданьне газэты Wall Street Journal адзначае, што посьпех місіі ў Афганістане супраць Усамы бін Ладэна будзе дасягнуты толькі аб’яднанымі намаганьнямі краінаў сьвету. Газэта піша: “Адміністрацыя Буша робіць ўзгодненыя дыпляматычныя высілкі каб стварыць міжнародную кааліцыю дзеля барацьбы з тэрарызмам. Зразумела, што суседзі Афганістану – Расея, Таджыкістан, Узбекістан, Кыргызстан, Кітай і Індыя – актыўна ўпісваюцца ў гэтую кааліцыю. Маўкліва падтрымае яе і Іран. Асноўнай мэтай павінна быць ізаляцыя тэрарыстаў і іхных прыхільнікаў унутры Афганістану,” – піша Wall Street Journal.





XS
SM
MD
LG