Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬЛЕДЗТВА МЯРКУЕ, ШТО НАТРАПІЛА НА СЬЛЯДЫ ТЭРАРЫСТАЎ


Сяргей Шупа, Прага

Уладам ужо ўдалося ідэнтыфікаваць асобы некалькіх удзельнікаў тэрарыстычнай апэрацыі. Адмысловыя сьледчыя спэцслужбаў правялі сёньня шэраг ператрусаў у некалькіх офісах і кватэрах у штатах Нью-Джэрзі, Масачусэтс і Флорыда. У выніку гэтых апэрацыяў і допыту сьведкаў на гэты момант удалося высьветліць наступнае.

Кожны самалёт быў захоплены групай ад трох да шасьці чалавек, якія трапілі на борт як звычайныя пасажыры, а пасьля з дапамогай нажоў захапілі кіраваньне самалётамі. Афіцыйныя асобы адзначаюць, што дэталі акцыі нагадваюць шмат якія элемэнты папярэдніх апэрацыяў, арганізаваных бін Ладэнам: малыя каманды; каардынатар, які зьяўляецца ў апошні момант; матэрыяльна-тэхнічная падтрымка з боку мясцовых прыхільнікаў.

Міністар Юстыцыі ЗША Джон Эшкрафт паведаміў, што сярод захопнікаў былі пілёты, якія праходзілі падрыхтоўку ў Злучаных Штатах, у прыватнасьці, двое зь іх вучыліся ў прыватнай лётнай школе ў Флорыдзе.

Першай важнай знаходкай у справе стаўся аўтамабіль, што стаяў запаркаваны каля міжнароднага лётнішча Логана ў Бостане. У аўтамабілі былі знойзены лётны падручнік на арабскай мове ды іншыя дакумэнты, сярод якіх быў і сьпіс пасажыраў аднаго з фатальных рэйсаў. У выніку агляду аўтамабіля сьледчыя даведаліся імёны іншых падазраваных.

Апрача таго, сьледчыя дапытваюць цяпер групу зь пяці чалавек у горадзе Юніён-Сіты каля лётнішча Ньюарк. Выявілася, што гэтыя людзі перад самым здарэньнем усталявалі відэакамэры і наставілі іх на Вежы-Блізьняты. Следчыя паведамляюць, што гэтыя людзі здымалі здарэньне, а пасьля віншавалі адзін аднаго з удачай.

Сьледчыя прааналізавалі інфармацыю выведных службаў пра дзейнасьць паплечнікаў Усамы бін Ладэна ва ўсім сьвеце за апошнія некалькі месяцаў. Інфармацыя пра падазраваных асобаў была перададзеная іміграцыйным службам. Тыя, праверыўшы сьпісы, паведамілі, што прынамсі двое са сьпісу на момант праверкі ўжо былі на тэрыторыі Злучаных Штатаў.

“Апэрацыя, у якой удзельнічае 4000 агентаў Фэдэральнага Бюро Расьсьледаваньняў і 3000 чалавек дапаможнага пэрсаналу, – самае масіўнае і інтэнсіўнае расьсьледаваньне за ўсю гісторыю Злучаных Штатаў Амэрыкі,” – паведаміў міністар юстыцыі Эшкрафт.

Кожная з чатырох групаў мела кіраўніка, аднак усе яны працавалі незалежна, хоць, як выглядае, здагадваліся, што іхныя дзеяньні каардынуюцца зь іншымі групамі.

Як найменей адна група прыбыла ў Злучаныя Штаты з Канады. Пераехаўшы мяжу, яны даляцелі ранішнім мясцовым рэйсам да Бостану, дзе пераселі ў самалёт, які пазьней разьбіўся аб вежу Сусьветнага Гандлёвага Цэнтру.

Кожнай групе дапамагалі мясцовыя саўдзельнікі, якія адказвалі за матэрыяльна-тэхнічную падтрымку – грошы, найманьне аўтамабіляў, крэдытныя карткі, прытулак на ноч.

Апрача таго, дзеяньнямі ўсіх групаў кіраваў адзін каардынатар, асоба якога дагэтуль ня выяўленая – ён дапамагаў выбіраць рэйсы і аб’екты нападу, а таксама парупіўся, каб напады адбыліся прыблізна ў той самы час. Дзе хаваецца гэты каардынатар – пакуль што невядома.

Сёньня агенты ФБР пабывалі ў лётнай школе ў Флорыдзе, у якой праходзілі лётныя курсы двое падазраваных. Кіраўнік школы паведаміў, што абедзьве асобы ад лютага да лістапада 2000 году вучыліся кіраваць малымі адна- і двухматорнымі самалётамі і, скончыўшы курсы, атрымалі дазвол навучацца кіраваньню вялікімі самалётамі. Дзе яны маглі праходзіць далейшае навучаньне – невядома. Школа існуе ўжо 20 гадоў, у ёй вучацца людзі з усяго сьвету.

Што да самалёта, які ўпаў у штаце Пэнсыльвэйнія, дык ёсьць падставы меркаваць, што ягоная аварыя была выкліканая спробамі некаторых пасажыраў перашкодзіць плянам тэрарыстаў.

Надзвычай важную інфармацыю сьледзтва можа атрымаць з гэтак самых «чорных скрынак» – самапісных інфармацыйных модуляў самалётаў. Аднак, у руінах абваленых вежаў знайсьці гэтыя «чорныя скрынкі» будзе вельмі складана.
XS
SM
MD
LG