Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАКЕДОНЦЫ І АЛЬБАНЦЫ ПАДПІСАЛІ МІРНАЕ ПАГАДНЕНЬНЕ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

“Македонія замірэньне падпісала, але неўзабаве загрымела артылерыя” – гэты загаловак артыкулу ў New York Times перадае сутнасьць праблемы. Ці будзе выкананая дамова? Наколькі доўгім і трывалым будзе мір, калі ўжо празь некалькі гадзінаў пасьля падпісаньня мірнае дамовы, што прадугледжвае спыненьне агню, на поўначы Македоніі зноў адбыліся сутычкі паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі? Увогуле – ці застрахаваная любая бальканская краіна ад этнічных войнаў?

Цьвёрдага адказу на пытаньні няма, бо менавіта спыненьне гвалту ёсьць першай умовай выкананьня пагадненьня. Наступны крок да мэты мае зрабіць НАТО.

Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Джордж Робэртсан патлумачыў, што поўнае выкананьне місіі, якую ўскладае на сябе НАТО – нэўтралізацыя і разбраеньне альбанскіх паўстанцаў, залежыць менавіта ад таго, ці будзе спынены агонь. “Несумненна, абодва бакі павінны ўсьведамляць гэта, і яны павінны спрыяць гэтаму, – заявіў ён. – У іншым выпадку войскі НАТО ня будуць разгорнутыя, а значыць, ня будзе і ніякага разбраеньня”.

Washington Post падкрэсьлівае, што з падпісаньнем хісткага пагадненьня, якое газэта называе “змовай паміж македонскім урадам і альбанскай этнічнай меншасьцю”, НАТО зьбіраецца распачаць сваю другую місію на Балканах, якую нават самі прадстаўнікі НАТО лічаць няпэўнай і рызыкоўнай.

НАТО плянуе дыслякаваць у Македоніі тры з паловай тысячы чалавек з войскаў Брытаніі, Чэхіі, Францыі, Нямеччыны, Грэцыі, Італіі, Вугоршчыны, Галяндыі, Нарвэгіі, Гішпаніі, Турцыі і Злучаных Штатаў. І правесьці апэрацыю хуткімі тэмпамі. Washington Post цытуе прадстаўніка НАТО Іва Брадэ, які сказаў, што “ёсьць сэнс зрабіць гэта як мага хутчэй. Так павялічваюцца шанцы разблытаць сытуацыю”. Але НАТАўскія генэралы больш асьцярожныя ў выказваньнях. Яны гавораць, што сытуацыя пазначаная пэўным недаверам з абодвух бакоў. Ваенны прадстаўнік НАТО заявіў, што трэба правесьці перамовы з афіцыйнымі прадстаўнікамі і македонскага войска, і Нацыянальна Вызвольнай Арміі. Сярод іншага, – ён сказаў, – у іх трэба запытацца – “Дзе знаходзяцца мінныя палі? А таксама – хто іх разьміноўвае?”

Пытаньняў такога кшталту паўстае шмат: колькі зброі ёсьць у паўстанцаў, дзе яна знаходзіцца і як НАТО можа ўпэўніцца, ці ўся зброя здадзеная? Ад вырашэньня іх залежыць выніковасьць місіі НАТО, а ў выніку і магчымасьць трывалага міру ў Македоніі.

НАТО плянуе правесьці апэрацыю па разбраеньні цягам 30 дзён. Ужо сёньня ў Македонію прыбываюць натаўскія экспэрты.
Washington Post заключае сваю публікацыю словамі Брадэ: “Мы ідзем у Македонію зь вельмі спэцыфічнаю місіяй. І як толькі мы выканаем яе, адразу выйдзем адтуль”.

XS
SM
MD
LG