Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

NEW YORK TIMES ПРА ЗАБОЙСТВА ГРУЗІНСКАГА ЖУРНАЛІСТА САНАІ


Валерыя Красоўская, Прага

Сотні людзей сабраліся каля ягонага дому, калі зьявіліся чуткі, што ён забіты. І маладыя людзі, і людзі ва ўзросьце пачалі выкрыкваць абразы на адрас шэфа гарадзкой паліцыі ды міністра ўнутраных справаў, калі было вынесена цела Санаі.

Прэзыдэнт Эдуард Шэварднадзэ адмяніў паездку ў Азэрбайджан, баючыся, што Грузія трапіць у хаос ды нянавісьць з тае прычыны, што многія палічылі сьмерць вядучага палітычным забойствам. Шэварднадзэ таксама зьвярнуўся па дапамогу ў ФБВ.

“Тое, што адбылося, – гэта рупна прадуманая правакацыя, скіраваная на тое, каб спарадзіць хісткасьць, недавер, страх, ў грамадзтве,” – заявіў прэзыдэнт Грузіі ў сваім закліку да спакою, што прагучаў па дзяржаўным радыё.

Сапраўды, недавер да дзяржаўных дзеячоў існуе ў Грузіі. Меркаваньне аб тым, што Саная быў забіты па палітычных матывах, – вельмі распаўсюджанае. І ня меней распаўсюджанае меркаваньне, што імёны тых, хто мае дачыненьне да забойства, ніколі ня будуць вядомыя.

Жыхары жабрацкай краіны, – сярэдні гадавы даход сёлета амаль дасягнуў 750 даляраў, – якая, да таго ж, пакутуе ад карупцыі, у адказ на забойства Санаі ня проста выказалі недавер да паліцыі, але таксама і моцнае незадавальненьне прэзыдэнтам. Але публічная крытыка на ягоны адрас застаецца забароненай.

Зь 500 чалавек, якія ў мінулую пятніцу прынялі ўдзел у апытаньні, што было праведзенае Georgian Opinion Research Business International, 57 адсоткаў сказалі, што забойства Санаі было ўчынена па палітычных матывах, 63 адсоткі сказалі, што забойца ня будзе знойдзены, і 69 адсоткаў выказалі ўпэўненасьць, што і заказчыкі забойства ня будуць выяўленыя.

Дасьледваньне, якое праводзілася ў мінулым годзе гэтай жа арганізацыяй, дэманструе, што для жыхароў Грузіі праблема карупцыі стаіць на другім месцы пасьля беспрацоўя і займае думкі грамадзянаў нават болей за беднасьць. Болей за трэць апытаных упэўненыя, што амаль усе чыноўнікі – карупцыянэры. Шэварднадзэ мае станоўчы рэйтынг ў вачох толькі 6 адсоткаў рэспандэнтаў.

Мінулым летам прэзыдэнт Грузіі сам акрэсьліў карупцыю як галоўную з праблемаў і вызначыў камісію па барацьбе зь ёй. Але малыя чыноўнікі сьцьвярджаюць, што камісія мала зрабіла і што ўвогуле вельмі складана выкараніць карупцыю высокапастаўленых службовых асобаў, бо яны стварылі свае асабістыя моцныя структуры.

На думку New York Times, у адрозьненьні ад сваіх калегаў зь іншых былых савецкіх рэспублікаў, спадар Шэварднадзэ кіруе ня так жорстка. Крытыка ды пратэсты на адрас ураду, якія магчымыя ў Грузіі, былі б жорстка задушаныя ва ўсіх іншых рэспубліках.

Аднак, нішто так не ўсхвалявала грамадзтва Грузіі, як забойства Санаі. Яму было толькі 26 гадоў, а ён быў гаспадаром самага папулярнага ньюс-шоў прыватнага каналу Руставі-2 і самым пажаданым вядучым для большасьці з грузінскіх гледачоў.

Журналісты з былых савецкіх рэспублік зазнаюць напады за крытыку і выкрыцьцё карупцыі чыноўнікаў, – сьцьвярджае аўтар артыкулу і прыводзіць, прыкладам, забойства украінскага рэпартэра Гангадзэ.

Па ўсіх прыкметах Саная быў бесстаронні ды заслугоўваў даверу. “Ен быў таленавіты журналіст, якога ніколі не магчыма было абвінаваціць ў прадузятасьці ці агрэсіі, – кажа Эросі Кіцмарышвілі, генэральны дырэктар каналу Руставі-2. – Вось чаму мы мяркуем, што ягонае забойства мела на мэце ня проста забіць яго, але даць перасьцярогу”.

Засьцярога, калі гэта была сапраўды яна, застаецца незразумелай. Відавочных пераваг ад сьмерці Санаі ніхто не атрымаў. Паліцыя распрацоўвае версію забойства па асабістых матывах.

XS
SM
MD
LG