Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР АБАРОНЫ ЗША Ў МАСКВЕ


Юры Дракахруст, Прага

Ад сустрэчы амэрыканскага і расейскага міністраў абароны не чакалася ніякіх прарываў. New York Times цытуе словы міністра Рамсфэльда, які напярэдадні свайго візыту сказаў, што “пасьля больш чым 50 гадоў узаемнай нянавісьці бакі ня могуць імгненна перайсьці да новых адносінаў”. Апроч таго, варта адзначыць, што ў асобе Дональда Рамсфэльда яго маскоўскія суразмоўцы сустрэлі самага адданага і пасьлядоўнага прыхільніка плянаў стварэньня супрацьракетнага шчыта. Нарэшце сустрэча міністраў абароны – прамежкавая дыскусія на шляху да сустрэчы прэзыдэнтаў Буша і Пуціна, якая адбудзецца на ранча Джорджа Буша у Тэхасе ў лістападзе.

Тым ня менш пэўныя крокі насустрач былі зробленыя яшчэ да сустрэчы міністраў абароны, у першаю чаргу падчас перамоваў прэзыдэнтаў дзвьвюх краінаў у Любляне і ў Генуі. Калі раней Масква катэгарычна адхіляла самую магчымасьць мадыфікацыі дамовы 1972 году, то зараз яна выказвае хаця б гатоўнасьць абмяркоўваць гэтую праблему. New York Times перадае словы міністра Рамсфэльда, які лічыць, што гадоў праз 10 расейцы самі стануць гарачымі прыхільнікамі сыстэмы супрацьракетнай абароны.

Посьпеху дыялёгу спрыяе і рашэньне прэзыдэнтаў Буша і Пуціна зьвязаць разам праблему супрацьракетнай абароны і скарачэньня стратэгічных азбраеньняў. Калі праблемы “шчыта” і “мяча” абмяркоўваюцца разам, бакі маюць больш магчымасьцяў прыйсьці да згоды. З вуснаў прэзыдэнтаў Буша і Пуціна ўжо прагучалі прапановы скараціць стратэгічныя арсэналы абедзьвюх краінаў, прычым Вашынгтон гатовы пайсьці нават на аднабаковае скарачэньне.
Аднак самай спрэчнай праблемаю застаюцца амэрыканскія пляны стварэньня супрацьракетнай абароны.

Акрамя прынцыповых супярэчнасьцяў у гэтым пытаньні існуюць і тэхнічныя. Washington Post канстатуе безвыніковасьць візыту ў Вашынгтон першага намесьніка кіраўніка расейскага генштабу Юр’я Балуеўскага, які адбыўся на мінулым тыдні. Газэта піша, што расейскія прадстаўнікі так і не атрымалі адказаў на свае пытаньні, які будзе характар меркаванай амэрыканскай супрацьракетнай сыстэмы. Міністар Рамсфэльд на гэта заўважыў, што амэрыканскі бок пакуль проста ня ведае адказаў на гэтыя пытаньні, бо сыстэма знаходзіцца ў працэсе выпрабаваньняў. Але дамова 1972 году забараняе нават такія выпрабаваньні, так што неабходнасьць у пагадненьні існуе ўжо цяпер.

Тым ня менш і пасьля перамоваў Рамсфэльда з Івановым і Пуціным бакі засталіся на ранейшых пазыцыях. “Дамова 1972 году была заключаная ў часы “халоднай вайны”. Яна зжыла сябе. Жыцьцё будзе прасьцей, калі мы пойдзем далей,” – заявіў у Маскве амэрыканскі міністар абароны. “Масква пр-ранейшаму лічыць дамову 1972 году адным з элемэнтаў камплексу, на якім базуецца міжнародная стабільнасьць,” – прагучалі ў адказ словы расейскага міністра Іванова. Меркаваньні свайго міністра пацьвердзіў у размове з амэрыканскім госьцем і прэзыдэнт Пуцін. Разам з тым ён выказаў зацікаўленасьць у амэрыканскіх прапановах па скарачэньні наступальных ўзбраеньняў. Пуцін заявіў:

(Пуцін: ) “Для нас важна ў сувязі з гэтым атрымаць адказы на некалькі пытаньняў: прырода скарачэньняў, час скарачэньняў, меры даверу і празрыстасьць”.

Наступны раўнд амэрыканска-расейскіх кансультацыяў у пытаньнях стратэгічнай бясьпекі адбудзецца ў верасьні, таксама ў Маскве.


XS
SM
MD
LG