Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭРБСКА-БАСЬНІЙСКІ ГЕНЭРАЛ КРСЬЦІЧ АТРЫМАЎ У ГААЗЕ 46 ГОД ТУРМЫ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага


Міжнародны трыбунал у Гаазе асудзіў ваеннага злачынцу Радыслава Крсьціча да сарака шасьці гадоў турэмнага зьняволеньня. Гэта першы такога кшталту вырак у справе генацыду, вынесены ў Эўропе міжнародным судом. Усясьветны друк, які шырока камэнтуе падзею, падкрэсьлівае, што створаны прэцэдэнт судовай адказнасьці за генацыд.

Газэты акцэнтуюць увагу на заключных словах судзьдзі Альміра Радрыгеса, якія ён прамовіў у залі паседжаньняў Міжнароднага трыбуналу ў справе былой Югаславіі на адрас былога генэрала Радыслава Крсьціча: “Вы асабіста пагадзіліся зрабіць зло, і таму сёньня суд прызнаў вас вінаватым і вырашыў асудзіць вас да сарака шасьці гадоў турэмнага зьняволеньня”.

Апрануты ў цёмна-сіні гарнітур, пяцідзесяцітрохгадовы падсудны выглядаў напружаным, што сталася вынікам шаснаццацімесячнага чаканьня выраку. Ягоны адвакат сказаў, што ён меў намер падаць апэляцыю.

Злачынства, за якое судзілі Крсьціча, зьдзейсьненае ў 1995 годзе. У Срэбраніцы мусульманскіх жанчынаў, дзяцей і старых гвалтоўна выгналі з гораду, а хлопцаў прызыўнога ўзросту акружылі, шмат каму завязалі вочы і замардавалі. Інцыдэнт, магчыма, адзін з самых жудасных актаў “этнічнае чысткі” цягам бальканскага канфлікту, быў названы самым жахлівым масавым забойствам людзей у Эўропе пасьля Галакосту.

Прадстаўнікі Трыбуналу і актывісты праваабарончых арганізацыяў ухвалілі вэрдыкт суду, які афіцыйна зацьвердзіў, што генацыд меў месца ў Босьніі падчас канфлікту 1992 – 95 гадоў паміж трыма этнічнымі групамі краіны – сэрбамі, мусульманамі і харватамі.
“Мы вельмі задаволеныя вынесеным вэрдыктам, – заявіў пракурор Марк Харман у тэлевізійным інтэрвію адразу ж пасьля працэсу. – Гэта гістарычнае і вельмі важнае судовае рашэньне”.

Прынцыповая важнасьць вынесенага рашэньня, – адзначае газэта Washington Post, – заключаецца ў тым, што на судовы разгляд могуць выносіцца дзеяньні, скіраваныя на разбурэньне, поўнае або частковае, нацыянальнай, этнічнай, расавай ці рэлігійнай групы.

Генацыд быў клясыфікаваны міжнародным правам як крымінальнае злачынства пасьля Другой Усясьветнай вайны. Падсудныя нацысты на Нюрнбэргскім працэсе панесьлі адказнасьць паводле крымінальнага права. У наступныя дзесяцігодзьдзі ў сьвеце – ад Эфіёпіі да Ўсходняга Тымору – неаднойчы адбываліся масавыя зьнішчэньні людзей, якія можна было б клясыфікаваць як гэнацыд.

Так, паседжаньне Трыбуналу ААН у Танзаніі вынесла восем выракаў у справе генацыду за бойню ў 1994 годзе ў Руандзе. Суды па абвінавачаньню ў генацыдзе над лідэрамі мааісцкага руху Чырвоных Кхмэраў у хуткім часе распачнуцца ў Камбоджы.

Амэрыканскі друк цытуе актывістаў праваабарончых арганізацыяў, якія спадзяюцца, што ўчорашняе рашэньне Гаагскага Трыбуналу паспрыяе вынясеньню абвінавачаньняў у генацыдзе ды іншым былым лідэрам басьнійскіх сэрбаў. Ён можа стаць падставаю і для істотнага павароту справы былога югаслаўскага прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча. Як ведама, ён абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні злачынстваў супраць чалавечнасьці і ў парушэньні правілаў вядзеньня вайны. Аднак абвінаваўчы акт можа быць пашыраны, і ў яго будуць ўключаныя абвінавачаньні ў генацыдзе цягам вайны ў Босьніі.

Амэрыканскія мэдыі зьвяртаюць увагу на рэакцыю мусульманаў у Босьніі на вынікі гаагскага судовага працэсу. У Сараеве сем’і замардаваных людзей, якія глядзелі па тэлевізіі вынясеньне выроку Крсьцічу, былі шакаваныя такім, паводле іхнага меркаваньня, гуманным прысудам. “Гарэць бы яму ў пекле”— пра такую рэакцыю людзей паведамляе агенцыя Assoсiаted Press. “За дзесяць тысячаў нашых сыноў толькі сорак шэсьць гадоў,” – сказала Бехара Хасанавіч і дадала: “Ягоныя людзі вырвалі майго сына з маіх рук”.



XS
SM
MD
LG