Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЗЭРБАЙДЖАН ПЕРАЙШОЎ НА ЛАЦІНКУ


Сяргей Шупа, Прага


На працягу апошняга месяца ў краіне адбываецца замена шыльдаў, дарожных знакаў і вулічных назваў, пасьля таго, як прэзыдэнт Гейдар Аліеў выдаў дэкрэт аб пераводзе ад 1 жніўня ўсяго афіцыйнага справаводзтва на лацінскі шрыфт.

Доўгія стагодзьдзі азэрбайджанская мова ўжывала арабскі шрыфт, але неўзабаве пасьля далучэньня Азэрбайджану да СССР на пачатку 20-х гадоў арабскі шрыфт быў заменены на лацінку. Тая, першая лацінка мела за ўзор турэцкую лацінку, уведзеную неўзабаве перад тым таксама замест арабіцы. Аднак у канцы 30-х гадоў шляхі гэтых блізкіх цюркскіх моваў разыйшліся — азэрбайджанская мова, як і ўсе астатнія мовы тагачаснага СССР — была гвалтам пераведзеная на кірыліцу.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе ў краіне пачаўся рух за пераход на лацінку, прычым прыхільнікаў гэтага руху можна было знайсьці ў самых розных колах азэрбайджанскага грамадзтва. Зьмена шрыфту, на іхную думку, умацуе сувязі Азэрбайджану з Эўропай і спрычыніцца да мадэрнізацыі краіны. Яшчэ адна, менш афішаваная мэта рэформы — канчаткова вызваліцца з-пад расейскіх культурных уплываў.

Аднак ня ўсе ў Азэрбайджане задаволеныя гэтымі радыкальнымі пераменамі. Найпрасьцей будзе школьнікам, якія вывучаюць лацінскі шрыфт ужо дзесяць гадоў. Цяжэй давядзецца тым, каму за 30 і хто атрымаў адукацыю за савецкім часам і можа чытаць на роднай мове толькі ў яе кірылічным варыянце.

Найбольш занепакоеныя рэформай газэтныя выдаўцы, якія лічаць, што зьмены адбываюцца занадта хутка і гэта істотна адаб’ецца на газэтных тыражах. Абсалютная большасьць чытачоў азэрбайджанскіх газэтаў — гэта ўжо немаладыя людзі, і шмат каму зь іх з прычыны шрыфту давядзецца адмовіцца ад сваіх чытацкіх звычак. Апрача таго, можа быць аслабленая і палітычная апазыцыя — бо менавіта газэты адыгрываюць важную ролю ў пашырэньні апазыцыйнай інфармацыі.

Аднак сёньняшнія азэрбайджанскія падзеі — не адзіныя і не ўнікальныя на постсавецкай прасторы. Гэткі самы пераход — з кірыліцы на лацінку — ужо адбыўся або адбываецца і ў іншых колішніх савецкіх рэспубліках, напрыклад, у Малдове або Ўзбэкістане. Ён пазначае сабою пачатак новай культурнай эпохі ў гісторыі народаў, у якіх палітычнае дамінаваньне Расеі мела істотны ўплыў на нацыянальную культуру. Вяртаньне да сябе бывае часам трагічна балючым.



XS
SM
MD
LG