Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВА ДАЛЯРЫ НА КІШЭННЫЯ ВЫДАТКІ. УМОВЫ ЎТРЫМАНЬНЯ СЛАБАДАНА МІЛОШАВІЧА Ў ГАЛЯНДЗКАЙ ТУРМЕ


Юры Дракахруст, Прага


Вязьніца ў прыморскім горадзе Шэвэнінгэне – самая вялікая ў Галяндыі, у ёй утрымліваецца 750 вязьняў. Міжнародны трыбунал арэндуе ў ёй камэры для сваіх кліентаў – асобаў з былой Югаславіі, якія абвінавачваюцца ў злачынствах супраць чалавечнасьці і ў ваеных злачынствах пад час югаслаўскіх войнаў апошняга дзесяцігодьдзя.

Зараз у турме знаходзяцца 39 вязьняў трыбуналу: 38 мужчынаў і адна жанчына. Некаторыя зь іх чакаюць пачатку суду, над некаторымі працэсы ідуць зараз, некалькі чалавек чакаюць адказу на апэляцыі.
Бкзумоўна, самы вядомы вязень Шэвенінгэну – былы лідэр Югаславіі Слабадан Мілошавіч.

Як паведамляе International Herald Tribune, ён, як і іншыя 38 вязьняў трыбуналу, атрымлівае па два даляры на штодзёныя кішэныя выдаткі, на гэтыя грошы ён можа набываць у турэмнай краме цыгарэты, неалькагольныя напоі і іншае.

У турме ёсьць газэты, у тым ліку і на сэрбска-харвацкай мове, і спадарожнікавае тэлебачаньне, празь якое можна глядзець і перадачы з балканскіх краінаў.

Кожная камера мае памеры 3 на 5 мэтраў, асобны душ, прыбіральню, шафу і стол. На кожным паверсе – заля з прыладамі для заняткаў спортам, ёсьць невялічкая бібліятэка, працуюць курсы па навучаньні ангельскай мове.

На месяц вязень атрымлівае тэлефоную картку на 29 даляраў, але можна званіць ня больш як сем хвілінаў на дзень. Родныя, адвакаты і сябры маюць магчымасьць наведваць вязьняў кожны дзень з 9 раніцы да 5 вечара, ёсьць два пакоі і для асабістых спадканьняў з супругамі.

Напрыклад, Зоран Жыджыч, баснійскі сэрб - вязень трыбуналу, ажаніўся падчас зьняволеньня, пасьля асабістага спатканьня з жонкаю ў яго нарадзіўся сын.

Тімаці Мак Фаддэн, галоўны турэмны наглядчык за зьняволенымі, паведамляе, што, калі жонка Мілошавіча Мір’яна Маркавіч атрымае ўяздную візу ў Галяндыю, яна таксама будзе мець права на асабістае спатканьне з мужам.

Бялграцкі адвакат Ігар Пантэліч, які абараняе некалькіх вязьняў трыбуналу, кажа, што самае непрыемнае для іх – гэта паветра, бо вокны шэвенінгэнскай турмы ніколі не адчыняюцца. “Але ў параўнаньні з сэрбскімі турмамі – гэта вельмі неблагія ўмовы”, – кажа адвакат.

International Herald Tribune са спасылкаю на кіраўніцтва турмы паведамляе, што зьяўленьне ў турме трыбуналу былога прэзыдэнта Югаславіі выклікала часам нечаканую рэакцыю астатніх вязьняў.

Напрыклад, вязьні - харваты і баснійскія мусульмане - былі вельмі ўзрадаваныя, яны спадзяюцца, што на тле злачынстваў Мілошавіча іх асабістыя здзяйсьненьні пададуцца не такімі жудаснымі.

Праўда, на працягу месяца былы прэзыдэнт Югаславіі ня будзе мець магчымасьці кантактаваць зь іншымі вязьнямі.

У сваёй камэры Мілошавіч знаходзіцца пад кругласутачным наглядам відэакамэраў. У гісторыі шэвэнінгэнскай турмы адзін вязень скончыў жыцьцё самагубствам і яшчэ адзін памер ад сардэчнага прыступу. У адносінах да былога прэзыдэнта Югаславіі падобныя перасьцярогі не беспадстаўныя - яго бацька і маці скончылі жыцьцё самагубствам. Праўда, яго адвакат заявіў, што Мілошавіч хоча, каб сьвет ведаў, што яго здароўе добрае і што ён не зьбіраецца сканчаць жыцьцё самагубствам.

Пасьля таго, як Мілошавіч паскардзіўся, што сьвятло відэакамэраў перашкаджае яму спаць, турэмныя ўлады пагадзіліся пакінуць толькі адну лямпачку ў ваннай.

Некаторыя сэрбскія газэты апісваюць умовы ў шэвэнінгэнскай турме як катавальню. У сваю чаргу некаторыя галяндзкія выданьні лічаць, што ўмовы ўтрыманьня наадворот занадта спрыяльныя для асобаў, на руках якіх – кроў тысячаў людзей.

XS
SM
MD
LG