Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАШТУНІЦА ВЕДАЎ ПРА ВЫДАЧУ МІЛОШАВІЧА


Кастусь Бандарук, Прага


Паводле адвакатаў Мілошавіча, іхны кліент мае намер заявіць аб сваёй невінаватасьці і аб тым, што працэс ў Міжнародным трыбунале задуманы як палітычна-судовае “шоў”. Паводле аднаго з адвакатаў, Браніміра Гугла, былы прэзыдэнт будзе настойваць на тым, што ён зьяўляецца ахвярай, паколькі супрацівіўся налётам НАТО і адмовіўся аддаць Косава. Паводле адваката, абаронцы Мілошавіча ня маюць намеру адказваць на абвінавачаньні з боку Міжнароднага трыбуналу, паколькі іхны кліент не прызнае самога Трыбуналу. Між тым, сам працэс, праўдападобна, распачнецца ня хутка. “Папярэдняя фаза працэсу ня можа працягвацца менш за 8-9 месяцаў, а сам працэс возьме ад 12 да 15 месяцаў,” – заявіў францускі судзьдзя Міжнароднага Трыбуналу – Клод Жорда. Акрамя злачынстваў супраць чалавечнасьці і ваенных злачынстваў ў Косаве, Мілошавіч будзе абвінавачаны ў злачынствах у часе войнаў ў Босьніі і Харватыі, – паведаміла галоўны пракурор трубуналу Карля дэль Понтэ.

У міжчасе ў Югаславіі працягваецца палітычны крызыс і рознагалосьсі паміж вядучымі палітыкамі ў справе законнасьці выдачы Мілошавіча. У публічную спрэчку ўступілі: прэзыдэнт Югаславіі Ваіслаў Каштуніца і прэм’ер Сэрбіі Зоран Джынджыч. У нядзелю канцэлярыя прэзыдэнта апублікавала заяву, у якой гаворыцца, што Каштуніца, які быў супраць выдачы свайго папярэдніка, даведаўся пра экстрадыцыю Мілошавіча пасьля выдачы. Ён паўтарыў, што заўсёды быў супраць выдачы ня толькі Мілошавіча, але і любога іншага грамадзяніна, і за тое, каб была створаная юрыдычная база для супрацоўніцтва з трубуналам. Аднак Джынджыч цьвердзіць, што прэзыдэнт быў пра ўсё добра інфармаваны.

Бялградзкая газэта “Нэдэльні Тэлеграф” апублікавала тэкст размовы Каштуніцы і Джынджыча, якую яны правялі ў справе лёсу Мілошавіча ў чацьвер перад тым, як прэм’ер накіроўваўся на сустрэчу з амбасадарам ЗША Мантгомэры:

(Джынджыч: ) “Дык што маю сказаць Мантгомэры?”

(Каштуніца: ) … (маўчыць)

(Джынджыч: ) “У парадку, у такім разе я падаю ў адстаўку, ты бяры ўсю ўладу і кіруй сабе сам”.

(Каштуніца: ) “Ну добра, што ты так. Давай ня будзем ствараць канфлікт”.

(Джынджыч: ) “Дык што маю сказаць амбасадару: так ці не?”

(Каштуніца: ) “Так”.

Прамаўляючы ў Зальцбургу ў часе Эўрапейскага эканамічнага саміту, Джынджыч заявіў, што ягоныя адносіны з Каштуніцам застаюцца добрымі, а рознагалосьсі паміж імі ня надта сур’ёзныя. “Сэрбскі народ патрабуе адначасова і тормазу і паскаральніка ва ўрадзе. Мы ня хочам аслабленьня Каштуніцы. Гэта ня ў нашым інтарэсе,” – адзначыў Джынджыч. Ён дадаў, што абодва палітыкі пагадзіліся наконт неабходнасьці супрацоўніцтва зь Міжнародным судом. Прэм’ер Сэрбіі, які арганізаваў экстрадыцыю Мілошавіча паведаміў, што краіна хоча выдаць таксама іншых людзей, абвінавачаных у ваенных злачынствах.
Учора Джынджыч чарговы раз падкрэсьліў, што краіна толькі выйграе ад выдачы былога прэзыдэнта. “Пасьля гадоў ізаляцыі Сэрбія блізкая да банкруцтва і вельмі патрабуе неадкладнай замежнай дапамогі,” – сказаў ён у інтэрвію нямецкай газэце “Гандэльсблят”. У пятніцу, ужо пасьля выдачы Мілошавіча, краіны-донары прынялі рашэньне аб выдзяленьні звыш мільярда даляраў дапамогі на адбудову Югаславіі.

Сёньня прэзыдэнт Каштуніца прыступіў да перамоваў ў справе фармаваньня новай ўрадавай кааліцыі. Кіруючая дагэтуль кааліцыя распалася ў пятніцу, калі ў знак пратэсту супраць нібыта неканстытуцыйнасьці экстрадыцыі Мілошавіча ў адстаўку падалі прэм’ер Югаславіі Зоран Жыжыч і міністры ад Сацыялістычнай партыі Чарнагорыі. Сыход Жыжыча выклікаў небясьпеку падзелу сярод 18-партыйнай Дэмакратычнай кааліцыі і неабходнасьці правядзеньня датэрміновых выбараў. “Крызыс ў Дэмакратычнай Апазыцыі Сэрбіі сапраўды сур’ёзны, больш сур’ёзны, чым калі-небудзь і цяжка прадказаць, што здарыцца,” – лічыць выдавец бялградзкай газэты “ВІП” – Брача Грубачыч. Аднак Джынджыч лічыць новыя выбары непатрэбнымі. Таксама і Жыжыч заявіў, што замест датэрміновых выбараў ягоная партыя лепш падтрымае новы кабінэт.
XS
SM
MD
LG