Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРЫКЛАД МІЛОШАВІЧА СЬВЕДЧЫЦЬ, ШТО І ПРЭЗЫДЭНТЫ У РЭШЦЕ РЭШТ ПЛОЦЯЦЬ ЗА ЗРОБЛЕНАЕ


Юры Дракахруст, Прага

Справы Мілошавіча і Мантэсінаса – сьведчаньне таго, што нават высокапастаўленым асобам у рэшце рэшт даводзіцца несьці адказнасьць за свае дзеяньні.

Учора міністар юстыцыі Югаславіі Мамчыла Грубач перадаў у адзін з судоў Бялграду хадайніцтва міжнароднага трыбуналу аб выдачы былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча. Такой працэдуры патрабуе указ, прыняты ўрадам Югаславіі ў мінулую суботу. Да чацьвярга суд мусіць прыняць рашэньне. Калі ён вырашыць выдаць былога прэзыдэнта ў Гаагу, Мілошавіч на працягу тыдня можа абскардзіць гэты вэрдыкт у Вярхоўным судзе краіны. Адпаведна, вышэйшая судовая інстанцыя Югаславіі на працягу 15 дзён дасьць канчатковы адказ.

Працэдура выдачы былога кіраўніка Югаславіі міжнароднаму трыбуналу можа расьцягнуцца на 2-3 тыдні. Ён абвінавачваецца ў ваеных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці падчас войнаў у Босьніі і Косаве.

Адвакаты былога прэзыдэнта ўжо падалі скаргу на ўказ ураду ў Канстытуцыйны суд. Яны спасылаюцца на тое, што закон Югаславіі забараняе выдачу грамадзянаў замежным судам. Але, паводле меркаваньняў назіральнікаў, Канстытуцыйны суд хутчэй пагодзіцца з аргумэнтамі прыхільнікаў указу ў тым, што трыбунал у Гаазе – міжнародны, а не замежны суд.

На мінулым тыдні Сацыялістычная партыя Сэрбіі сабрала ў Бялградзе 16-тысячны мітынг у падтрымку свайго былога лідэра. Сёньня сацыялісты ладзяць чарговую акцыю пратэсту. Учора яны сустракаліся з прэзыдэнтам краіны Каштуніцам, спрабуючы знайсьці ў яго падтрымку. Ваіслаў Каштуніца неаднаразова вельмі крытычна выказваўся наконт дзейнасьці міжнароднага трыбуналу, ён абвінавачваў яго ў палітычным ўхіле і неаб’ектыўнасьці ў адносінах да сэрбаў. Але падчас учорашняй сустрэчы з сацыялістамі ён заявіў, што адпраўка Мілошавіча ў Гаагу ёсьць “найменшае зло”, у адваротным выпадку краіна не атрымае крытычна неабходнай эканамічнай дапамогі ад Захаду. Віцэ-прэм’ер ураду Югаславіі, “архітэктар” эканамічнай рэформы Міраслаў Лабус выказаўся яшчэ больш катэгарычна, заўважыўшы, што эканамічнае выжываньне краіны мае прыярытэт над ўсімі іншымі праблемамі.

У гэтую пятніцу ў Брусэлі адбудзецца канфэрэнцыя заходніх краінаў, адмыслова прысьвечаная аказаньню дапамогі Югаславіі. Бялград разьлічвае атрымаць каля 1 мільярду даляраў. Аднак заходнія краіны ў катэгарычнай форме заяўляюць, што ўмоваю прадастаўленьня гэтых грошай зьяўляецца поўнае супрацоўніцтва Бялграду з трыбуналам, г.з. менавіта выдача ў Гаагу ваеных злачынцаў, у першую чаргу Мілошавіча. Найбольш жорсткую пазыцыю ў гэтым пытаньні займае ўрад ЗША – нават зараз, пасьля пачатку працэдуры выдачы, Вашынгтон яшчэ ня вырашыў, ці будзе ён браць удзел у Брусэльскай канфэрэнцыі па Югаславіі.

Але варта адзначыць, што справа ня толькі ў гэтых умовах. У самой Сэрбіі грамадзкая думка сьхіляецца да таго, што былога лідэра трэба аддаць у рукі міжнароднага правасудьдзя. Паводле апошніх дасьледаваньняў больш за траціну апытаных зараз выказваюцца за безумоўную выдачу Мілошавіча ў Гаагу, і яшчэ 25% лічаць, што гэта варта зрабіць, калі ад гэтага залежыць заходняя фінансавая дапамога краіне. Прычынаю гэтых зрухаў грамадзкай думкі сталі знойдзеныя нядаўна каля Бялграду патаемныя могілкі, у якіх спэцслужбы рэжыму Мілошавіча схавалі целы сотняў албанцаў, закатаваных і забітых ў Косаве. Гаворыць экспэрт у балканскіх праблемах Джэймс Лайанс.

(Лайанс: ) “Шмат людзей адхілялі гэта – яны хацелі бачыць сябе ахвярамі. Але вось раптам яны ўбачылі чатыры магільніка. Калі б гэта было знойдзена ў Косаве ці ў Босніі, людзі б маглі не паверыць гэтаму. Але гэта было знойдзена ў Бялградзе”.

У гэтыя ж дні на другім канцы сьвету гелікоптэр вэнэсуэльскай паліцыі даставіў у сталіцу Перу Ліму арыштаванага былога шэфа пэруанскай тайнай паліцыі Ўладзіміро Леніна Мантэсінаса.

Пасьля сыходу ад улады прэзыдэнта Пэру Фухіморы Мантэсінасу былі прад’яўленыя абвінавачаньні паводле 52-х артыкулаў крымінальнага кодэксу, сярод якіх гандаль наркотыкамі, зброяй і хабарніцтва. Паводле дадзеных пэруанскай пракуратуры, апроч іншых злачынстваў Мантэсінас каардынаваў дзейнасьць груповак, якія займаліся ліквідацыяй праціўнікаў рэжыму. Пошук былога шэфа спэцслужбы працягваўся 9 месяцаў. Нарэшце ў мінулую суботу ён быў арыштаваны ў Вэнэсуэле і ўчора выдадзены ў Пэру.

Як адзначае New York Times, паказаньні Мантэсінаса могуць ўзьняць пытаньне пра адказнасьць і былога прэзыдэнта Фухіморы. Пасьля сыходу ад ўлады Фухіморы – этнічны японец, пераехаў з Пэру ў Японію. Але на падставе паказаньняў Мантэсінаса, мяркуе New York Times, Токіа можа выдаць Фухіморы ў Пэру.

У справах Мілошавіча і Мантэсінаса, а тасама былога чылійскага дыктатара Піначэта New York Times бачыць тэндэнцыю. “Сёньня кіраўнікі, якія ідуць на злачынствы, мусяць непакоіцца з прычыны таго, што рана ці поздна ім давядзецца несьці за гэта адказнасьць,” – лічыць New York Times.
XS
SM
MD
LG