Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ ПЕРАМАГЛІ ЛЕЙБАРЫСТЫ


Сяргей Навумчык, Прага


Даручэньне каралевы – даніна традыцыі; ужо вядома, што кардынальных пераменаў ва ўрадзе Блэра ня будзе. Дзейнасьць жа папярэднага ўраду Блэра знайшла красамоўнае адлюстраваньне ў выніках учорашніх выбараў.

Паводле папярэдніх дадзеных, лейбарысты атрымалі 413 месцаў у парлямэнце з 659. Кансэрватары узялі 164 мандаты, лібэральныя дэмакраты – 48.

У выніку лідэр кансэрватараў Уільям Ээйг заявіў пра тое, што сыходзіць з пасады кіраўніка партыі, хаця часова і выконвае ролю лідэра парлямэнцкай апазыцыі да таго моманту, пакуль партыя не абярэ новага старшыню, які б, паводле самога Хэйга, мог абапірацца на дасягнутыя ім посьпехі і выказаць новую ініцыятыву.

Іншы настрой – ў прыхільнікаў Тоні Блэра. Палітычны рэдактар газэты Guardian Мішэль Уайт адзначае, што сёньняшняя перамога для лейбарыстаў можа лічыцца сапраўды гістарычнай. “На працягу дваццатага стагодзьдзя ніводзін з прэм’ераў-лейбарыстаў – ні Рамсай Макдоналд, ні Клімэнт Этлі, ні Гарольд Уільсан, ні Джэймс Каллагэн – ня здолелі два разы запар прывесьці партыю да перамогі на парлямэнцкіх выбарах і, адпаведна, не занялі двойчы запар пасаду прэм’ера,” – піша Мішэль Уайт.

Аналізуючы асноўныя палажэньні перадвыбарчай кампаніі лейбарыстаў, Guardian адзначае, што Блэр гэтым разам не даваў абяцаньняў глябальнай мадэрнізацыі краіны. Газэта прыгадвае, што абяцаньні палепшыць сыстэму адукацыі і аховы здароўя, якія давалі лейбарысты ў 1997 годзе, з большасьці ня выкананыя. Аднак ураду ўдалося зьменшыць беспрацоўе і інфляцыю, істотна прыцішыць міжнацыянальныя канфлікты, даўшы большую аўтаномію Уэльсу, Шатляндыі і Паўночнай Ірляндыі. Гэтым разам Тоні Блэр абяцаў зьвярнуць увагу на найбольш бедныя слаі насельніцтва. І паляпшэньне камунальнай сыстэмы.

Гарачыя дэбаты адбыліся ў справе ўвядзеньня ў Вялікай Брытаніі адзінай эўрапэйскай валюты – эўра. Кансэрватары выказваюцца супраць, і маюць у гэтым падтрымку значанай часткі насельніцтва, якая лічыць фунт стэрлінгаў больш устойлівай валютай. Блэр быў вымушаны заявіць, што хаця і выступае за ўвядзеньне эўра, але зробіць гэта не адразу. Такая тактыка прынесла Блэру посьпех.

Аднак назіральнікі адзначаюць, што, нягледзячы на фэнамэнальную і сапраўды гістарычную перамогу, танальнасьць сёньняшніх выказваньняў Тоні Блэра – стрыманая. Магчыма, справа ў тым, што ўчорашнія выбары паставілі яшчэ адзін рэкорд – упершыню пасьля 1918 году на выбарчыя ўчасткі зьявілася мінімальная колькасьць грамадзянаў – менш за 60 адсоткаў. Часткова гэта можна патлумачыць тым, што прыхільнікі лейбарыстаў лічылі, што Тоні Блэр пераможа і бязь іх дапамогі, і не прыйшлі галасаваць. Але ў такой нізкай актыўнасьці можна ўбачыць і элемэнт палітычнай апатыі і расчараваньня насельніцтва. Міністар адукацыі Дэвід Блункэт пракамэнтаваў гэта тым, што частка насельніцтва адасобленая ад прадстаўнічай дэмакратыі. Выступаючы перад сваімі прыхільнікамі ў Лёндане, Блэр, аднак, сказаў, што лічыць сябе абавязаным скарыстаць давер на карысьць насельніцтва.
XS
SM
MD
LG