Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФРАНЦЫЯ - СУПРАЦЬ ІДЭІ ЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ ЭЎРОПЫ


Кастусь Бандарук, Прага


Прамова Жаспэна ў Цэнтры замежнай прэсы ў Парыжы была доўгачаканым адказам Францыі на прапановы канцлера ФРГ ды іншых нямецкіх лідэраў. Нямеччына прапануе ператварыць пашыраны Эўразьвяз ў нешта кшталту Злучаных Штатаў Амэрыкі. Канцлер ФРГ выступіў з ідэяй цэнтралізаванай Эўропы, з моцнай выканаўчай ўладай, адным прэзыдэнтам, адной Канстытуцыяй і Эўрапарлямэнтам, надзеленым шырокімі паўнамоцтвамі. Раду Міністраў Шродэр прапаноўваў ператварыць ў адну з палатаў Эўрапарлямэнту.

У адказ прэм’ер Францыі заявіў, што, на ягоную думку “Эўразьвяз павінен заставацца фэдэрацыяй нацыянальных дзяржаваў”.

(Жаспэн: ) “ не хачу ізаляваць Францыю ад астатняй Эўропы. Гэтак, як многія перакананыя эўрапейцы, я - “за” Эўропу, але я застаюся прывязаны да сваёй краіны. Фармаваньне Эўропы без расфармаваньня Францыі альбо іншай эўрапэйскай дзяржавы-гэта мой палітычны выбар”.

Жаспэн выказаўся за ўтрыманьне цяперашніх эўрапейскіх інстытутаў, але за пашырэньне іхных паўнамоцтваў. “Гэтая сыстэма асноўваецца на трохкутніку: Эўракамісія, Рада Міністраў і Эўрапарлямэнт. Так павінна застацца”.

Прэм’ер Францыі зрабіў націск не на фармаваньне эўрапэйскай “звышдзяржавы”, але на неабходнасьць новай мадэлі грамадзтва. “Эўропа - гэта найперш духоўная структура, мадэль грамадзтва, своеасаблівае ўспрыманьне сьвету. Існуе эўрапейскі лад жыцьця, нашыя нормы паводзінаў, эўрапейская адданасьць каштоўнасьцям свабоды і роўнасьці, а таксама эўрапейскі склад думак”, -- адзначыў Жаспэн.

Прэм’ер, які, праўдападобна, будзе кандыдатам ад сацыялістычнай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах у наступным годзе, прадставіў сацыяльную праграму сваёй партыі. Ён падкрэсьліў, што эўрапейскія краіны павінны адмовіцца ад нацыянальнага эгаізму. На ягоную думку, Эўропа найперш патрабуе большай эканамічнай салідарнасьці. Сябры Эўразьвязу павінныя ўзгадняць з астатнімі партнэрамі свае рашэньні, якія могуць мець уплыў на іншыя краіны.

Жаспэн прапанаваў стварыць “эканамічны ўрад” для 12-ці краінаў зоны эўра, які назіраў бы за Эўрапейскім цэнтральным банкам, каардынаваў бы палітыку ў галіне занятасьці, падаткаў і інвэстыцыяў. Гэты ўрад мог бы фінансава дапамагаць тым краінам , якія якраз перажываюць эканамічныя цяжкасьці.

Францускі прэм’ер адзначыў патрэбу выпрацоўкі “сацыяльнага трактату”, які гарантаваў бы абарону правоў працоўных, аднолькавыя ўмовы працы, шырокі доступ да адукацыі за мяжой. Апрача гэтага, Жоспэн выказаўся за ўмацаваньне некаторых агульнаэўрапейскіх структураў: памежных і паліцэйскіх службаў, а таксама за ўніфікацыю крымінальнага кодэксу.

Адносна пашырэньня Эўразьвязу Жаспэн адкінуў канцэпцыю, якую падтрымоўвае прэзыдэнт Францыі Жак Шырак. Гэта тэорыя “ дзьвюх хуткасьцяў”, альбо “авангарду”- групы некалькіх краінаў-кандыдатаў, якія хутчэй інтэгруюцца ў эўрапейскую супольнасьць, не аглядаючыся на астатнія краіны.

“Добра, што ён гэтак выразна выказаўся супраць фэдэральнай Эўропы”, -- адрэагаваў на выступленьне Жаспэна прэм’ер Швэцыі, якая зараз старшынюе ў Эўразьвязе – Пэрсан. “Поўным канкрэтных і практычных прапановаў” назваў выступленьне Жаспэна міністр замежных справаў ФРГ - Фішэр.

Затое нямецкая апазыцыя акрэсьліла заяву Жаспэна “эўрапалітычным расчараваньнем”, паколькі ён, нібыта, адкінуў важныя накірункі рэформы Эўразьвязу і ў выніку “у нямецка-францускім рухавіку эўрапейскай палітыкі - заскрыгатала”.

З краінаў-кандыдатаў, МЗС Польшчы заявіла, што “нашая пазыцыя бліжэй да канцэпцыі фэдэрацыі нацыянальных дзяржаваў”. Можна сказаць, што першая рэакцыя на заяву францускага прэм’ера найперш адлюстроўвае боязь меншых краінаў перад нямецкай дамінацыяй ў будучай аб’яднанай Эўропе.
XS
SM
MD
LG