Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АРМЯНСКІЯ БЕЛАРУСЫ СПАДЗЯЮЦЦА НА АДКРЫЦЬЦЁ АМБАСАДЫ Ў ЕРЭВАНЕ


Юры Сьвірко, Ерэван—Менск





Беларускую суполку ў Армэніі ўзначальвае Валянціна Крыштопік, якая не была ў Беларусі ўжо 10 гадоў. Цяпер трапіць у Армэнію можна толькі самалётам, бо цягнікі зь Ерэвану ходзяць толькі да Тбілісі. Білет на самалёт Менск–Ерэван каштуе 175 даляраў у адзін бок, а сярэдні заробак у Армэніі складае ўсяго 20 даляраў на месяц, пэнсія ж — 10 даляраў.

На такія грошы жывуць і мясцовыя беларусы. Вядома, многія адсюль зьехалі на радзіму. Колькі ўсяго беларусаў засталося ў Армэніі, падлічыць цяжка. Гэта будзе вядома сёлета пасьля ўсеагульнага кастрычніцкага перапісу насельніцтва краіны.

У Ерэване вельмі ажыўлены вулічны рух, аўтамабілі ўвесь час гудзяць, і вы зараз гэта пачуеце, бо мы запісвалі інтэрвію на вуліцы. Ці такі ж ажыўлены беларускі рух у Армэніі? — спытаў я спадарыню Крыштопік, якая кіруе ерэванскай суполкай "Беларусь".

(Крыштопік: ) "Настальгія па радзіме, на якой кожны з нас ня быў ужо 10, 12 і больш гадоў, па родных, а таксама жаданьне ўсталяваць сувязь з радзімай натхнілі нас стварыць суполку з назвай "Беларусь". Гэта было ў 1998 годзе.

Сёньня у Армэніі жывуць больш за 170 беларусаў, іхныя дзеці і ўнукі. Акрамя Ерэвану — у гарадох Ванадзор, Гюмры, Ікафані. У хуткім часе суполка будзе пашыраная за кошт адкрыцьця філіяў і ў іншых абласьцях і гарадох Армэніі.

Галоўная задача суполкі — гэта задавальненьне нацыянальных, духоўных і культурных патрэбаў беларусаў, што пражываюць у Армэніі, вывучэньне роднае мовы, гісторыі, захаваньне традыцыяў, звычаяў".

(Карэспандэнт: ) "Ці змаглі вы тут захаваць — так далёка ад радзімы — беларускую мову?"

(Крыштопік: ) "Дзеці і ўнукі беларусаў жадаюць вывучаць беларускую мову, і дарослыя таксама, для чаго ў хуткім часе будзе працаваць нядзельная школа, курсы. Але маем праблемы з памяшканьнямі, дзе мы маглі б зьбірацца і праводзіць свае мерапрыемствы, адсутнасьць сродкаў — надзея на адкрыцьцё ў хуткім часе ў Ерэване пасольства Беларусі й гандлёвага дому "БелАр". Спадзяемся на вырашэньне часткі нашых праблем, у тым ліку й беспрацоўя.

Пры суполцы створаныя й дзейнічаюць сэкцыі па рабоце з пэнсіянэрамі, адукацыі й культуры, працы з моладзю, зьнешніх сувязяў і інфармацыі, праўная.

Асаблівая праца вядзецца з пэнсіянэрамі, бо яны маюць малыя пэнсіі, матэрыяльна не забясьпечаныя, хворыя, маюць патрэбу ў леках, лячэньні, і гэта наша самая вялікая праблема. Пэнсіянэраў у суполцы больш як 60 адсоткаў.

Пры арганізацыі суполкі мы зьвярнуліся зь лістом да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі. Адказ атрымалі ад Дзяржаўнага камітэту ў справах рэлігіі й нацыянальнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Мы задаволеныя, што ліст не застаўся без увагі, і мы спадзяемся, што краіна-маці паклапоціцца пра нас і дапаможа".

(Карэспандэнт: ) "А як вам дапамагае беларускі ўрад, Беларусь зараз?"

(Крыштопік: ) "Цяпер мы атрымліваем агульную беларускую газэту "Голас Радзімы", якая выдаецца для суайчыньнікаў за межамі Беларусі, і вельмі ўдзячныя за гэта, таму што газэта збліжае нас з радзімай, сучаснай Беларусьсю, яе жыцьцём".

(Карэспандэнт: ) "Тут быў Лукашэнка зь візытам зусім нядаўна. Ці сустракаліся вы з Аляксандрам Лукашэнкам, ці запрасіў ён вас пагутарыць?"

(Крыштопік: ) "З Лукашэнкам мы не сустракаліся, мы сустракаліся зь міністрам замежных справаў Хвастовым Міхаілам Міхайлавічам".

Спадарыня Крыштопік паведаміла, што віцэ-прэм’ер Хвастоў паабяцаў армянскім беларусам забясьпечыць ільготныя кошты на самалёты "Белавія", якія раз на тыдзень лятаюць у Ерэван, а таксама бясплатна прымаць у беларускія ўнівэрсытэты ды інстытуты дзяцей армянскіх беларусаў, нават калі яны будуць паступаць з "тройкамі".
XS
SM
MD
LG