Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПОШНІЯ ПАДЗЕІ ПАКАЗВАЮЦЬ, ШТО ЭЎРАЗЬВЯЗ МОГУЦЬ ЧАКАЦЬ НЯ ЛЕПШЫЯ ЧАСЫ


Кастусь Бандарук, Прага


У гэтыя выходныя працягваліся ажыўленыя дэбаты ў справе будучыні Эўразьвязу і ягонага пашырэньня. У Парыжы прэзыдэнт Францыі Шырак абмеркаваў з канцлерам ФРГ Шродэрам апошнія нямецкія прапановы наконт унутраных пераўтварэньняў ў Эўразьвязе. Нямеччына прапануе рухацца ў напрамку больш аб’яднанай Эўропы, з моцнай выканаўчай ўладай, адзінай валютай, адзіным прэзыдэнтам і Эўрапарлямэнтам з шырокімі паўнамоцтвамі. Падрабязнасьці сустрэчы не вядомыя, але Францыя пасьлядоўна выступае супраць больш фэдэратыўнай Эўропы. Францускія палітыкі лічаць, што нямецкія прапановы вядуць да стварэньня “звышдзяржавы”, у якой дэ факта будзе дамінаваць Нямеччына. Міністар замежных справаў Францыі Вэдрын адзначыў, што прапановы ФРГ “непрымальныя”. Паводле міністра эўрапейскіх справаў Маскавічы, афіцыйны адказ будзе дадзены Бэрліну “у адпаведным часе”. Аднак з найбольш радыкальнай заявай выступіў кансэрватыўны брытанскі дэпутат Пітэр Тапсэл. Ён не падбіраючы слоў прыраўняў Шродэра да Гітлера, які ўжо напрыканцы 30-х гадоў выступаў з ідэяй аб’яднанай і падпарадкаванай немцам Эўропы. Кансэрватыўная партыя Велікай Брытаніі дыстанцыявалася ад радыкальнай заявы дэпутата, партыя Працы назвала яе “дзіўнай”, але слова ня возьмеш назад і атмасфэра у дычыненьнях паміж эўрапейскімі лідэрамі выразна сапсавалася.

Што гэта можа азначаць для будучыні Эўропы? Унутраныя рознагалосьсі не абяцаюць нічога добрага краінам-кандыдатам на сяброўства ў Эўразьвязе. Нямеччына і Аўстрыя хочуць увесьці сямігадовую забарону працы для грамадзянаў новых сябраў Зьвязу. Яны баяцца, што адразу пасьля далучэньня да Эўразьвязу, з Усходу хлынуць на Захад каля 4 мільёнаў рабочых. Для такіх краінаў як Чэхія і Польшча гэта – непрымальная дыскрымінацыя. У выніку, пашырэньне Эўразьвязу адтэрміноўваецца, і ўжо ніхто не гаворыць пра 2003 год.

У гэтыя выходныя гаварылася пра яшчэ адно пашырэньне, гэтым разам НАТО. У суботу ў Братыславе закончылася трохдзённая канфэрэнцыя з удзелам прэм’ераў (альбо іхных намесьнікаў) Славаччыны, Славеніі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Баўгарыі, Румыніі, Альбаніі, Македоніі і Харватыі. Яны заклікалі НАТО паскорыць працэс прыняцьця новых сябраў, незважаючы на супраціў з боку Расеі. Былы дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ЗША Бжэзінскі адзначыў, што ў часе саміту ў Празе ў наступным годзе саюз НАТО павінен прыняць у свае шэрагі як мінімум 3 краіны, у тым ліку, прынамсі, адну балтыйскую дзяржаву. Прэзыдэнт Чэхіі Гавэл заявіў, што Расея не павінна баяцца пашырэньня НАТО. Паводле Гавэла, Масква павінна нарэшце зразумець, што НАТО ёй не пагражае, што пашырэньне альянсу паслужыць умацаваньню стабільнасьці, бясьпекі, дэмакратыі і палітычнай культуры ля расейскай мяжы.

У адказ на сумеснае камюніке прадстаўнікоў 10 краінаў і выступленьні паасобных удзельнікаў сустрэчы амбасада Расеі ў Братыславе выступіла з заявай, у якой пляны далейшага пашырэньня НАТО назвала “вялікай памылкай”. Такім чынам, можна сказаць, што Расея рэагуе на пляны пашырэньня НАТО традыцыйна і як бы па інэрцыі. Усе ведаюць, што яшчэ больш жорсткі супраціў з боку Масквы два гады таму не перашкодзіў прыняць у НАТО Чэхію, Польшчу і Вугоршчыну і гэтак можа быць і далей. У братыслаўскай сустрэчы зьвяртае ўвагу іншае. Краіны-кандыдаты хвалюцца, што ў шэрагах НАТО слабее энтузіязм для далейшага пашырэньня альянсу. Гэта нашмат больш істотная акалічнасьць, чым супраціў з боку Расеі. Адсюль іхная занепакоенасьць і сумесны заклік 10-ці краінаў не забываць пра іх.

Для Эўропы надзвычай важная яшчэ адна падзея гэтых выхадных – парлямэнцкія выбары ў Італіі. Згодна папярэднім вынікам галасаваньня, правацэнтрысцкі блёк “Дом Свабоды” на чале з мэдыя-магнатам і былым прэм’ерам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі апярэдзіў левацэнтрысцкую кааліцыю “Аліўкавае Дрэва” былога мэра Рыму Франчэска Рутэлі. Магчымая перамога найбагацейшага італьянца, які ня вытлумачыўся з ранейшых фінансавых махінацыяў, насьцярожыла шэраг эўрапейскіх палітыкаў і СМІ. Справа ў тым, што італьянскі “Дом Свабоды” шмат у чым нагадвае нацыяналістычную аўстрыйскую
“Партыю Свабоды”. У склад блоку ўваходзяць: “Паўночная Ліга”, якая ня ўтойвае сваіх ксэнафобскіх настрояў, і “Нацыянальны Саюз”, ля вытокаў якога ляжыць фашысцкая партыя Мусаліні. “Перамога Бэрлюсконі – даволі трывожная пэрспэктыва,” – піша газэта “International Herald Tribune”. “Гэта не абяцае нічога добрага ні Італіі, ні Эўропе,” – адзначыла італьянская газэта “Diario 16”. Затое аўстрыўская газэта “Presse” лічыць, што Эўропа не павінна хвалявацца з-за перамогі Бэрлюсконі, бо эўрапейскія лідэры ўжо раз апякліся, спрабуючы дысцыплінаваць Аўстрыю з прычыны “Партыі Свабоды”.

Аднак ці сапраўды няма прычынаў хвалявацца? Ужо зараз вядома, што правацэнтрысцкая кааліцыя Бэрлюсконі выступае супраць далейшай эўрапейскай інтэграцыі. Кандыдат на пасаду міністра фінансаў у новым урадзе –Трэмонці, паставіў пад сумнеў мэтазгоднасьць далейшага пашырэньня Эўразьвязу на Ўсход. Такім чынам, магчымая перамога Бэрлюсконі не абяцае нічога добрага як мінімум краінам-кандыдатам на сяброўства ў Эўразьвязе.
XS
SM
MD
LG