Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАЧЭНСКІЯ ПАЎСТАНЦЫ ІЗНОЎ КАНТРАЛЮЮЦЬ ГРОЗНЫ?


Віталь Тарас, Прага

Гэты эпізод яшчэ раз пацьвярджае, што сытуацыя ў сталіцы Чачні зноў пачала выходзіць з-пад кантролю фэдэральных сілаў і прамаскоўскай адміністрацыі. Прынамсі, такую выснову робіць брытанская газэта Times.

“Учора прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін гаварыў аб перамозе Савецкага Саюзу ў Айчыннай вайне, спрабуючы ўзмонцініць падтрымку чачэнскай кампаніі, якая ўсе больш нагадвае ганебную паразу”, - так лічыць лёнданскаяTimes.

“У сваёй прамове з нагоды Дня Перамогі на Краснай плошчы ён зрабіў амаль не прыхаванае папярэджаньне чачэнскім паўстанцам – рыхтавацца да новага да новага ваеннага наступу на іх, альбо спыніць партызанскую вайну”. “Мы ня можам дапусьціць распаўсюджваньня лякальных канфліктаў, якія могуць прывесьці да цяжкіх вайсковых сутычак”–
цытуе ягоныя словы газэта Times.

Мала каму трэба нагадваць, пра які менавіта “лякальны канфлікт” гаварыў Пуцін – на Паўночным Каўказе працягваецца вайна, у якой расейкім генэралам не ўдалося разграміць паўстанцаў. Праблемы, якія ўзьніклі апошнімі днямі, гавораць пра тое, што посьпехі, дасягнутыя вайскоўцамі 14 месяцаў таму, зводзяцца на нішто.

Учора стала вядома, што на гэтым тыдні 30 чачэнскіх байцоў забарыкадаваліся на верхнім паверсе будынку ў Аргуне і распачалі бой з расейкімі васйкоўцамі, узброенымі танкамі, гэлікоптэрамі ды цяжкімі гарматамі. Гэта быў адзін з найбольш моцных баёў у рэгіёне за апошні год. У Маскве не паведамляюць пра колькасьць ахвяраў. Чачэнскі прадстаўнік заявіў, што расейцы страцілі 50 чалавек і 7 БМП.

Прамаскоўская чачэнская адміністрацыя – нагадвае далей брытанская газэта – была вымушаная пакінуць Грозны праз тыдзень пасьля таго, як пераехала туды з Гудэрмесу.

Кіраўнік фэдэральнай службы бясьпекі Мікалай Патрушаў прызнаў: “у Грозным ня былі створаныя ўмовы для бясьпечнай працы ўраду”. На думку газэты, гэты правал пацьвярджае тое, пра што чачэнцы гавораць ужо некалькі тыдняў: Грозны кантралюецца расейкімі войскамі толькі фармальна; уначы там пануюць незалежнікі”.

Між тым, суд над расейскім афіцэрам Юрыем Буданавым, абвінавачаным у забойстве чачэнскай дзяўчыны Эльзы Кунаевай сёньня зноў быў прыпынены з-за кепскага самаадчуваньня падсуднага. Кіроўца машыны Ігар Грыгор’еў паказаў у судзе, што Буданаў загадаў яму і некалькім жаўнерам закапаць цела забітай і потым пагражаў ім растрэлам, калі яны ня будуць маўчаць.

XS
SM
MD
LG