Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У АДКАЗ НА ІНЦЫДЭНТ З САМАЛЁТАМ КАНГРЭС ЗША ПАЧАЎ АБМЯРКОЎВАЦЬ ПРОДАЖ ЗБРОІ ТАЙВАНЮ


Кастусь Бандарук, Прага

Учора прэзыдэнт ЗША запатрабаваў ад Пэкіну неадкладна выдаць самалёт, які прымусова прызямліўся на кітайскім востраве Гаінан. У адказ прэзыдэнт Кітаю Цзян Цзэмін заявіў, што амэрыканскі разьведвальны самалёт выконваў шпіёнскія заданьні недалёка ад кітайскага ўзьбярэжжа.

Прэзыдэнт Джордж Буш правёў экстраную нараду з дзяржсакратаром Паўэлам, міністрам абароны Рамсфэльдам і дарадцам ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Райс. Ён двойчы тэлефанаў у Пэкін, патрабуючы, каб амэрыканскім дыпляматам было дазволена зьвязацца з экіпажам, а сам самалёт быў адпушчаны у сваю базу. Паводле ягоных слоў, рэакцыя кітайскага боку “несумяшчальная са стандартамі міжнароднай дыпляматычнай практыкі” і супярэчыць імкненьню абедзьвюх краінаў да больш цеснага супрацоўніцтва. Аднак кітайскія ўлады праігнаравалі заклікі Вашынгтону, затрымалі ўсіх членаў экіпажу і разьмясьцілі паасаобку. Амэрыканскія дыпляматы сьпешна накіраваліся на востраў, каб сустрэцца з членамі экіпажу, але Пэкін абяцаў дазволіць такую сустрэчу толькі сёньня.

“Мы вельмі разчараваныя тым, што сустрэча стане магчымай 60 гадзін пасьля інцыдэнту. Гэта за даўгі час,” – заявіў амбасадар ЗША ў Кітаі Джозэф Пруэр.

Кітайскія ўлады абмежаваліся толькі запэўніваньнем, што ўсе члены экіпажу ў бясьпецы. Джозэф Пруэр выказаў абурэньне тым, што кітайскія ўлады не дазволілі яму хаця б зьвязацца па тэлефоне з камандзірам экіпажу і дадаў, што Кітай ня мае права ні затрымліваць экіпаж, ні абшукваць самалёт, які валодае статусам міжнароднага сувэрэнітэту.

Амэрыканскі і кітайскі бакі прадстаўляюць інцыдэнт па-рознаму. Кітайскае агенцтва навінаў СІНХУА са спасылкай на афіцыйныя крыніцы ва ўрадзе паведаміла, што амэрыканскі разьведвальны самалёт EP-3 Ariel II з 24 асобамі пэрсаналу на борце, зьбіраў сакрэтную інфармацыю пра кітайскія радарныя ўстаноўкі. У нядзелю ў 9 гадзінаў раніцы ён мэтанкіравана парушыў паветраную прастору Кітаю. На яго перахоп неадкладна выляцелі два кітайскія зьнішчальнікі Ф-8. Пасьля гэтага, паводле агенцтва СІНХУА, амэрыканскі самалёт неспадзявана ўзяў курс на кітайскія самалёты і ўдарыў перадам і левым крылом у адзін зь іх. У выніку кітайскі зьнішчальнік быў моцны пашкоджаны і разьбіўся. Паводле кітайскага МЗС, пілёта дагэтуль шукаюць каля 30-ці самалётаў і караблёў, аднак ягоны лёс невядомы. Пасьля інцыдэнту, амэрыканскі самалёт быў вымушаны прымусова прызямліцца на лётнішчы Ліншуй на кітайскім востраве Гаінан.

Амэрыканскі бок прытрымліваецца іншай вэрсіі інцыдэнту. Прадстаўнікі Пэнтагону заявілі, што інцыдэнт здарыўся не ў паветранай прасторы Кітаю, але на нэўтральнай тэрыторыі па-за 20-кілямэтравай зонай тэрытарыяльных водаў Кітаю. Апрача таго, Вашынгтон катэгарычна адхіляе абвінавачаньні ў тым, што ў сутыкненьні вінаваты самалёт ЗША. Прадстаўнік ціхаакіянскага камандаваньня на Гаваях адзначыў, што амэрыканскі самалёт няўзброены і няздольны на ніякія паветраныя піруэты, і таму ня мог наўмысна тараніць кітайскі зьнішчальнік. Паводле адмірала Дэніса Блэра, у адпаведнасьці з міжнароднымі правіламі авіяпалётаў, хуткія кітайскія зьнішчальнікі не павінны перашкаджаць у манэўраваньні павольных самалётаў. Тым ня менш, калі пацьвердзіцца інфармацыя пра тое, што кітайскі самалёт сапраўды разьбіўся, амэрыканскі бок гатовы выплаціць кампэнсацыю. Вашынгтон папярэдзіў Кітай, што амэрыканскі самалёт зьяўляецца часткай тэрыторыі ЗША, і таму любая спроба ўвайсьці на ягоны борт, будзе расцэненая як уварваньне.

Шэраг амэрыканскіх СМІ падкрэсьліваюць незвычайную важнасьць гэтага самлёту для ЗША. ЗША валодаюць усяго 12-цю такімі машынамі. Чатырохматорны самалёт ЕР-3 можа без пасадкі знаходзіцца на вышыні васьмі з паловай кілямэтраў цягам 12 гадзінаў. Ён прызначаны для радыёэлектроннай разьведкі. Устаноўленую на борце самалёту апаратуру абслугоўваюць каля 20-ці спэцыялістаў. Самалёт здольны адсочваць электронную сувязь і перамяшчэньне самалётаў над кантынэнтальнай часткай Кітаю, а дадзеныя перадаваць у сваю базу. Пэнтагон баіцца, каб кітайскія ўлады не азнаёміліся з сакрэтным, малавядомым нават для саюзьнікаў ЗША, абсталяваньнем шпіёнскага самлёту. Паводле кампаніі NBC, на борце самалёту знаходзіцца радёэлектронная апаратура для праслухоўваньня на адлегласьці. Згодна інструкцыі, у надзвычайнай сытуацыі, члены экіпажу павінны зьнішчыць самыя важныя элемэнты апаратуры.

Паводле амэрыканскай газэты Washington Post, інцыдэнт з разьведвальным самалётам зьяўляецца найбольш сур’ёзным выклікам для двухбаковых адносінаў з часу бамбаваньня кітайскай амбасады ў Бялградзе. Абодва бакі не зацікаўленыя ў эскаляцыі напружанасьці і пазьбягаюць моцнай рыторыкі, аднак інцыдэнт можа пагоршыць двухбаковыя адносіны. Канрэс ЗША ужо пачаў абмяркоўваць продаж зброі Таіваню.
XS
SM
MD
LG