Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАКЕДОНСКІЯ ЎЛАДЫ ЎЗБРОЕНЫ КАНФЛІКТ НА МЯЖЫ З КОСАВАМ НАЗЫВАЮЦЬ ВАЙНОЙ


Кастусь Бандарук, Прага


Партызаны выціснутыя са сваіх пазыцыяў у прыгарадных вёсках. Македонскі сьцяг залунаў таксама над былой сярэднявечнай турэцкай крэпасьцю Кале, якая ўзвышавецца над горадам.

Прэс-сакратар македонскага ўраду Мілашоўскі заявіў, што “распачатая ўчора апэрацыя па нейтралізацыі і элімінацыі тэрарыстаў, праходзіць ў адпаведнасьці з плянам. Цягам дня урадавыя сілы ўзялі пад свой кантроль некалькі ключавых пазыцыяў сэпаратыстаў і маюць
намер працягваць наступ, пакуль усе альбанскія партызаны не пакінуць краіну.

Учора пасьля 6 тыдняў ад пачатку канфлікту і 12-ці дзён спарадычнай перастрэлкі македонскія сілы распачалі буйнамаштабны наступ . “Гэта ўжо сапраўдная вайна”, - сказаў міністар унутраных справаў Македоніі Пэндароўскі. Апэрацыя пачалася гарматным і ракетным абстрэлам, потым рушыла некалькі сот чалавек пяхоты, больш дзесятку танкаў, 20-ць бронетраспартэраў і некалькі гелікоптараў. “Камандаваньне нашых сілаў пацьвердзіла, што мы маем дачыненьне з добра арганізаванй тэрарыстычнай групоўкай, якая карыстаецца самай новай зброяй, гарматамі і мінамётамі”,-сказаў палкоўнік Маркоўскі. Як заявіў ў гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода лідэр Дэмакратычнай партыі альбанцаў Македоніі Мэлазім Кочы:

(Кочы: ) “Мы супраць гэтага наступу, але, на шчасьце, ён закончыўся і абышлося без ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва. Сэрбскія мэтады не былі ўжываныя і не было ніякіх ахвяраў у абодвух бакоў”.

Згодна непацьверджаным дадзеным, загінуў адзін партызан, параненыя два урадавыя вайскоўцы і некалькі цывільных жыхароў. Вярхоўны камісар ААН у справах уцекачоў паведаміў, што сёньня раніцай у горад Прызрэн прыбылі 250 альбанскіх уцекачоў з Македоніі. Паводле турэцкіх уладаў, за апошнія два тыдні ў Турцыю прыбылі 7.5 тысячаў этнічных альбанцаў.

Аднак учарашні посьпех урадавых сілаў не азначае поўнай перамогі і канцу апэрацыі. Паўстанцы проста зьмянілі пазыцыі, пакідаючы паўсюль паасобных снайпэраў, што можа азначаць пачатак працяглай партызанскай вайны.

Паўстанчыя лідэры адмовіліся скласьці зброю. Яны цьвердзяць, што змагаюцца за раўнапраў’е этнічных альбанцаў у Македоніі, якія адчуваюць сябе грамадзянамі ніжэйшай катэгорыі. Лідэры косаўскіх альбанцаў, якія афіцыйна дыстанцыянаваліся ад дзеяньняў партызанаў, таксама заклікалі Скоп’е палепшыць умовы жыцьця звыш чвэрці мільёна альбанцаў у Македоніі.

Аднак улады лічаць, што гэта выдуманая прычына. На іхную думку, справа не ў дыскрымінацыі альбанскай меншасьці, але ў ідэі “вялікай Альбаніі” ўключна з Косавам і часткай Македоніі. Скоп’е заяўляе, што з тэрарыстамі ня будзе ніякіх перамоваў, бо яны пранікаюць у Македонію з тэрыторыі Косава і падбухторваюць сэпаратысцкія настроі сярод мясцовага альбанскага насельніцтва.

“Гэта барацьба з тэрарыстамі, а не з этнічнай абшчынай. Мы пайшлі на гэта, бо працяглая наяўнасьць тэрарызму падрывае асновы шматэтнічнага грамадзтва Македоніі”, - заявіў дараднік у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Нікола Дзімітраў. Ён дадаў, што наступ супраць альбанскіх партызанаў праводзіцца вельмі прафэсыйна і абачліва, армія і паліцыя ўжываюць сілу памяркоўна і з думкай, каб у ніякім разе не пацярпела цывільнае насельніцтва. Аднак этнічныя альбанцы ў разбуранай снарадамі вёсцы Гайрэ цьвердзяць нешта цалкам адваротнае. “Яны думаюць, што кожная хата - гэта бункер”, - заявіў адзін з жыхароў вёскі.

Заходнія ўрады падтрымоўваюць тэрытарыльную цэласнасьць Македоніі і сілавы адказ альбанскім сэпаратыстам. З другога боку, яны прызнаюць, што ня змогуць нагэтулькі ўшчыльніць мяжу, каб перакрыць шляхі паставак партызанам.

Заходнія лідэры выказваюць боязь, што празьмернае выкарыстаньне сілы радыкалізуе настроі сярод цывільнага насельніцтва і у выніку канфлікт пашырыцца. Сёньня у Скоп’е прыбываюць: генэральны сакратар НАТО Робэртсон, кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Эўразьвязу Саляна. Як заявіла прадстаўніца Саляны Крыстына Галач, “яны несумненаа пацьвердзяць падтрымку з боку сваіх арганізацыяў для ураду Македоніі, але будуць таксама заклікаць да памяркоўнасьці”.
XS
SM
MD
LG