Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭРУАНСКІЯ ГАЗЭТЫ ПІШУЦЬ ПРА КАРУПЦЫЮ ВАКОЛ ПРОДАЖУ 18 БЕЛАРУСКІХ МіГ-29 ПЭРУ


Сяргей Шупа, Вільня


Геаграфія публікацыяў пра Беларусь у замежным друку дае красамоўнае ўяўленьне пра розную ступень інфармаванасьці розных краінаў у беларускіх пытаньнях, пра большае ці меншае зацікаўленьне тым, што адбываецца ў Беларусі.

Найбольш пра Беларусь пішуць суседзі — так, і на гэтым тыдні ў друку Літвы, Латвіі, Польшчы асьвятляюцца апошнія актуаліі: новы дэкрэт Лукашэнкі пра гуманітарную дапамогу грамадзкім арганізацыям і палітычным партыям, новае ў справе зьніклых апазыцыйных палітыкаў.

Аднак бадай што найчасьцей на гэтым тыдні Беларусь згадвалася ў друку далёкай паўдзённаамэрыканскай краіны — Пэру. Рэч у тым, што 13 сакавіка падчас праверкі баяздольнасьці разьбіўся адзін з самалётаў ваенна-паветраных сілаў Пэру — бамбавік МіГ-29, адзін з 18-ці, купленых пяць гадоў таму рэжымам прэзыдэнта Фухіморы ў Беларусі. Гэтая падзея шырока асьвятляецца ва ўсіх пэруанскіх газэтах

Справа з купляй беларускіх самалётаў пачала актыўна абмяркоўвацца адразу пасьля таго, як Фухіморы колькі месяцаў таму пакінуў сваю пасаду. Адмысловая камісія пад кіраўніцтвам дэпутата пэруанскага Кангрэсу Давіда Вайсмана расьсьледуе факты карупцыі і раскраданьня дзяржаўных грошай і фантастычных маштабах. Акт куплі самалётаў фігуруе як адна зь вельмі цёмных справаў.

Паводле газэты La Republica, акт куплі адбыўся ў Менску 13 траўня 1996 году, з пэруанскага боку ў ім узялі ўдзел генэрал-маёр ваенна-паветраных сілаў Тамас Кастыльё Мэса і жыхар Лімы грамадзянін Ізраілю Мошэ Ротшыльд, прадстаўнік фірмы «Мабэтэк Рэпрэсэнтасьёнэс», якая займаецца перапродажам узбраеньня. Дазвол на трансакцыю быў падпісаны дзяржаўным кантралёрам Пэру больш чым праз два тыдні. Паводле справаздачы, сума трансакцыі склала 252 мільёны даляраў, зь іх 207 пайшлі непасрэдна на куплю 18 самалётаў МіГ-29, 40 мільёнаў — былі запісаныя ў рубрыцы «Іншае», а яшчэ 5 — пад дзіўным азначэньнем «непэрсанальныя паслугі». У кантракце ні тое «іншае», ні тыя «паслугі» наагул не фігуравалі. Скандалу дадае й той факт, што купленыя самалёты збольшага ўяўляюць сабою кучу мэталалому і непрыдатныя для выкарыстаньня, што й засьведчыла нядаўняя аварыя.

Фірма «Мабэтэк Рэпрэсэнтасьёнэс» пералічаецца ў шэрагу іншых фірмаў, якія маюць дачыненьне да гэтак званага «Лімскага Картэлю», зьвязанага з пэруанскай наркамафіяй. Паводле газэты La Republica, Мошэ Ротшыльд атрымаў як найменей 10% камісійных ад згаданай трансакцыі. Газэта Expreso цытуе старшыню антыкарупцыйнай камісіі Вайсмана, які падкрэсьліў, што выявіліся факты атрыманьня камісійных выплатаў на падставе згаданай трансакцыі — каля 47 мільёнаў даляраў атрымалі пэруанскія пасярэднікі і каля 100 мільёнаў — пасярэднікі ў Беларусі. Нагадаем, што беларускі бок у трансакцыі прадстаўляла дзяржаўнае прадпрыемства «Белтэхэкспарт».

Камісія Вайсмана працягвае расьсьледаваньне, так што на гэтай справе пакуль што рана ставіць кропку.

Славуты амэрыканскі спэцыяліст у расейскіх пытаньнях прафэсар Рычард Пайпс адказаў на гэтым тыдні на пытаньні аўстрыйскай газэты Die Presse. У гутарцы былі закранутыя самыя розныя тэмы — Пуцін, чэчэнская вайна, дачыненьні з Расеяй новай амэрыканскай адмністрацыі, пашырэньне НАТО на Ўсход. Адно пытаньне непасрэдна датычыла Беларусі. На пытаньне карэспандэнта, як ён ацэньвае імкненьні Масквы разам з Украінай, Малдовай і Беларусьсю адрадзіць колішні саюз, прафэсар Пайпс адказаў:

«Маскоўскія кіраўнікі сапраўды хацелі б зноў мець нейкі саюз, урэшце, у некаторых былых савецкіх рэспубліках надалей разьмяшчаюцца аддзелы расейскага войска. Праўда што, дагэтуль справы з саюзам прасунуліся недалёка. Бо саюз з цалкам згалелай Беларусьсю, якою кіруе дыктатар Лукашэнка, стварыў бы для Масквы і немалыя праблемы — ня гэтулькі палітычныя, колькі перадусім эканамічныя. Тым ня менш спробы Масквы захаваць адкрытыя або прыхаваныя ўплывы, нават праз падрыўную дзейнасьць, як, напрыклад, у Грузіі, сьведчаць пра тое, што імпэрская мэнтальнасьць у Расеі ня зьнікла з распадам Савецкага Саюзу. Вось жа, і Францыя і Вялікабрытанія зь цяжкасьцю перажылі распад сваіх імпэрыяў. Але імпэрыю, якая аднойчы развалілася, ужо ніколі нельга будзе адбудаваць. Аднак як з геаграфічных, гэтак і з эканамічных прычынаў, Расея і надалей будзе мець вялікі ўплыў на ўсёй постсавецкай прасторы. Аднак я ня веру, што Маскве ўдасца аднавіць колішні саюз. Гэта ўсё фантазіі», - лічыць ведамы амэрыканскі крэмліноляг прафэсар Рычард Пайпс, інтэрвію зь якім на гэтым тыдню надрукавала аўстрыйская газэта Die Presse.

Нарвэская газэта Aftonbladet зьвярнула ўвагу на новыя крокі расейскага кіраўніцтва ва ўзмацненьні гэтак званай «патрыятычнай прапаганды». Адпаведная ўрадавая праграма была надрукаваная ў выданьні «Власть». Сярод іншага ў этым дакумэнце надаецца ўвага «славянскай салідарнасьці». Аўтар артыкулу Гальвар Хьён піша: «Пасьля вайны ў Югаславіі лёзунгі ўсеславянскай салідарнасьці і адзінства сталіся яшчэ больш папулярнымі сярод расейскіх патрыётаў. Гэтыя ідэі будуць яшчэ больш пашырацца, цяпер ужо паводле дзяржаўнага сцэнару. Ужо сёлета прадугледжана правесьці фэстываль славянскай моладзі каля манумэнту дружбы на мяжы трох «братніх дзяржаваў» — Расеі, Украіны і Беларусі. Арганізатарамі фэстывалю будуць міністэрствы адукацыі і культуры, фэдэральныя памежныя войскі і адміністрацыя Бранскай вобласьці. Мэта фэстывалю — паводле намераў расейскага ўраду — «кансалідацыя грамадзтва на падставе гістарычных каштоўнасьцяў і глыбейшага ўсьведамленьня ролі Расеі ў гісторыі славянскіх дзяржаваў», - цытуе новы расейскі ўрадавы праект Гальвар Хьён, маскоўскі карэспандэнт нарвэскай газэты Aftenposten.

Некалькі беларускх матэрыялаў зьмясьцілі на гэтым тыдні эстонскія газэты. Eesti Paevaleht зьвярнула ўвагу на сэнсацыйную навіну з Клецку — пра мясцовую ініцыятыву аб стварэньні на тэрыторыі Клецкага раёну Эўрапейскай Беларускай Рэспублікі, якая мелася б стацца працягам Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 году. На думку ініцыятара акцыі збору подпісаў за незалежную дзяржаву Алега Нікуліна, Клецкая Рэспубліка была б зусім ня горшая за якое Сан-Марына.

Урэшце, іншая эстонская газэта — Eesti Ekspress зьмяшчае рэцэнзію дацэнта сэміётыкі Тартускага Ўнівэрсытэту Юлле Пярлі на кнігу апавяданьняў Васіля Быкава «Труба», якая толькі што выйшла ў перакладзе на эстонскую мову.

«Падзагаловак кнігі прозы беларускага пісьменьніка Васіля Быкава, які цяпер жыве на Захадзе, — «Беларуская трагедыя», а таксама вокладка з карыкатурным партрэтам Лукашэнкі абяцаюць нам ня гэтулькі мастацкую падзею, колькі пэўнае ідэалягічна-палітычнае пасланьне, - піша эстонскі рэцэнзэнт.

[...] Канфлікты і героі апавяданьняў, сабраных у новай кнізе, істотна не адрозьніваюцца ад ранейшай творчасьці аўтара, розьніца толькі ў тым, што тут ўсе пэрсанажы ў тым або іншым сэнсе прайграюць, становяцца ахвярамі. Колішні аўтараў боль за чалавека зьмяняецца тут жорсткай зацятасьцю. Сілы, што гнятуць лёс паасобнага чалавека (атамная катастрофа, бязьлітаснае зло ўладаў, якое спараджае страх, недавер да блізкіх, прадажнасьць), — гэтыя сілы нагэтулькі татальныя, што не застаецца ніякае магчымасьці ім супрацьстаяць.

[...]

Я раю пачытаць кнігу Быкава, - піша аўтар. - Тое, пра што Быкаў гаворыць праз трагіку памежных сытуацыяў — няздольнасць супрацьстаяць грубаму гвалту, прыгнечанасьць ад бездапаможнасьці, калі ня можаш распараджацца сваім лёсам у нялюдзкім асяродзьдзі — усё гэта добра зразумела і эстонскаму чытачу, і ня толькі дзякуючы мінуламу досьведу», - піша дацэнтка сэміётыкі Юлле Пярлі ў рэцэнзіі на эстонскі пераклад зборніку апавяданьняў Васіля Быкава. Рэцэнзію надрукавала на гэтым тыдні газэта Eesti Ekspress, і на гэтым наш сёньняшні газэтны кіёск зачыняецца. Да сустрэчы на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG