Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЮГАСЛАВІЯ БУДЗЕ СУПРАЦОЎНІЧАЦЬ ЗЬ МІЖНАРОДНЫМ ТРЫБУНАЛАМ


Вольга Караткевіч, Вена


У Вене на паседжаньні Пастаяннага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ прадстаўнікі 55-ці краінаў сьвету віталі дэлегацыю Югаславіі.

Як прызнаўся Драгалюб Мічунавіч, першы пасьля ізаляцыі ўдзел у паседжаньнях Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ аказаўся напружаным – увесь час сустрэчы, кантакты. Кіраўнік югаслаўскай дэлегацыі адзін з заснавальнікаў дэмакратычнай партыі, Драгалюб Мічунавіч заявіў, што Югаславія перамагла дыктатуру і цяпер вяртаецца ў Эўропу.

(Мічунавіч: ) “Гэта надзвычай важна для нас. Дзесяць гадоў мы жылі пад санкцыямі, у ізаляцыі. Ізаляцыя стала надзвычайнай шкодай для эканомікі, культуры, навукі нашай краіны. Асабліва кепска гэта адбівалася на новым пакаленьні, якое хацела мець кантакты са сьветам”.

(Карэспандэнт: ) “Выступаючы ў Вене на Пастаянным камітэце Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы лёрд Рассэл-Джонстан заявіў, што галоўная ўмова паўнацэннай інтэграцыі Югаславіі ў Эўропу – супрацоўніцтва з Міжнародным трыбуналам у Гаазе. У якой ступені югаслаўская грамадзкасьць падтрымлівае каапэрацыю з ваенным судом?”

(Мічунавіч: ) “Мне здаецца, што спадар Рассэл-Джонстан быў даволі жорсткім, фармулюючы гэтае патрабаваньне. Без сумневу, што Югаславія зьбіраецца супрацоўнічаць зь Міжнародным гааскім трыбуналам. Напрыклад, зараз суд зьбіраецца адкрыць сваё прадстаўніцтва ў Бялградзе. Вельмі хутка мы плянуем у парлямэнце прыняць закон пра супрацоўніцтва з Гаагай, для таго, каб яно было паўнацэнным і мела заканадаўчую базу. Дакладна, што Югаславія будзе супрацоўнічаць зь Міжнародным трыбуналам”.

(Карэспандэнт: ) “Якім Вы бачыце лёс Слабадана Мілошавіча і як ягоная магчымая выдача суду можа быць ацэненая ў Югаславіі?”

(Мічунавіч: ) “Я абсалютна перакананы, што грамадзяне Югаславіі падтрымліваюць супрацоўніцтва з судом у Гаазе. Што да лёсу Мілошавіча, дык грамадзкасьць нашай краіны хоча ведаць болей пра дэталі абвінавачваньня супраць Мілошавіча. Неабходна весьці адкрытае сьледзтва ў справе Мілошавіча”.

(Карэспандэнт: ) “У Югаславіі зараз вельмі абвостранае супрацьстаяеньне паміж новымі ўладамі і кланамі былога рэжыму. Здараюцца выпадкі гвалту супраць сяброў новага ўраду, складаная сытуацыя з карупцыяй. Ці гатовы новы ўрад эфэктыўна змагацца з наступствамі рэжыму Слабадана Мілошавіча?”

(Мічунавіч: ) “Так. Урад гатовы змагацца з карупцыяй і аб’яднаны гэтай мэтай. Створаныя дзьве групы, якія спэцыялізуюцца на барацьбе з карупцыяй. Адна – пры прэзыдэнце, другая пры ўрадзе Сэрбіі, у якой выключнай задачай віцэ-прэзыдэнта зьяўляецца барацьба з карупцыяй. Гэта праўда, карупцыя стала вялікай-вялікай праблемай. Цяжка зь ёй змагацца, бо карумпаваныя шмат якія дзяржаўныя ворганы”.

(Карэспандэнт: ) “Якімі Вы бачыце дачыненьні з Чарнагорыяй?”

(Мічунавіч: ) “Цяжка прадбачыць вынікі выбараў у Чарнагорыі, але дакладна, што бальшыня насельніцтва Югаславіі хоча, каб Сэрбія і Чарнагорыя былі разам, у фэдэрацыі. Тое ж у Чарнагорыі – каля 50-ці адсоткаў хочуць, каб фэдэрацыя захавалася. Зь іншага боку, міжнародная супольнасьць неаднаразова выказвалася супраць выхаду Чарнагорыі. Раскол Югаславіі спародзіць новы крызіс – палітычны і эканамічны. Мы лічым, што будзе знойдзенае рацыянальнае рашэньне. Спадзяемся, што пераможа розум”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Лукашэнка выказваў падтрымку Слабадану Мілошавічу, наведваў яго пад час апэрацыі НАТО, нават узьнікла ідэя далучэньня Югаславіі да так званага саюзу Беларусі і Расеі. На Вашую думку, якімі будуць стасункі новай югаслаўскай улады з Рэспублікай Беларусь?”.

(Мічунавіч: ) “Так, спадар Лукашэнка – сябра спадара Мілошавіча. Быў пэрыяд, калі нават Югаславія нават прыняла рэзалюцыю пра ўваход у саюз Беларусі і Расеі. Але гэта выглядала вельмі непераканаўча для югаслаўскай грамадзкасьці. Нават Расея дыстанцыянавалася ад такіх намераў. Гэта бессэнсоўна, каб Югаславія была адзінай эўрапейскай краінай, якая бярэ ўдзел у Саюзе Расеі і Беларусі. Мы, натуральна, хочам мець вельмі добрыя дачыненьні з Расеяй і Беларусьсю. Хочам, каб Беларусь была дэмакратычнай краінай, каб Беларусь выкарыстала шанец выйсьці з ізаляцыі, але для гэтага патрэбныя дэмакратычная зьмены. А, ці магчыма дэмакратызаваць краіну разам з Лукашэнкам, гэта павінны вырашыць грамадзяне Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля зьмены ўлады ў Югаславіі беларускія апазыцыйныя палітыкі гавораць, што Беларусь можа пайсьці шляхам Югаславіі, што ў Беларусі адбудзецца Югаслаўскі варыянт і гэтак далей. Назавіце асноўныя, на Вашую думку, складнікі гэтага югаслаўскага варыянту”.

(Мічунавіч: ) “Найперш, патрэбная вельмі інтэнсыўнае аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў. Апазыцыя павінна быць аб’яднанай! І што вельмі важна, маладыя людзі павінны ведаць, што і хто ўплывае на іхную будучыню і як самім на яе ўплываць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці існуе рызыка, што ў Югаславіі можа адрадзіцца дыктатура?”

(Мічунавіч: ) “Такой рызыкі няма. Дыктатура пераможаная. Праблема ў тым, як Мілошавіч завершыць сваю кар’еру, як ён зьбіраецца пазьбегчы суду. Усе паплечнікі Мілошавіча зрабілі шмат кепскага для Югаславіі. Ніхто ў гэтым не сумняецца ў Югаславіі. Любыя формы рэстаўрацыі дыктатуры немагчымыя”.

(Карэспандэнт: ) “Апошняе пытаньне. Грамадзяне Беларусі пакуль не пратрабуюць візы ў Югаславію. Засталося мала краінаў, куды беларус можа ўехаць без візы – Расея, Куба, Украіна, яшчэ некалькі. Ці не зьбіраецца Югаславія ўвесьці візы для беларусаў?”

(Мічунавіч: ) “Я б вельмі хацеў, каб грамадзяне Беларусі маглі свабодна прыяжджаць у Югаславію. Пытаньне візы залежыць ад розных абставінаў. І я мушу сказаць, што вельмі рады, што Югаславію больш не называюць дыктатарскай краінай”.
XS
SM
MD
LG