Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАЗЬВЯЗ ЦІКАВІЦЬ УНУТРЫПАЛІТЫЧНАЯ СЫТУАЦЫЯ ВА ЎКРАІНЕ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага.

Гэты візыт адбываецца ў той час, калі бакі больш заклапочаныя ўласнымі праблемамі, чым абмеркаваньнем разьвіцьця двухбаковых адносінаў. Для Эўразьвязу гэта праблема пашырэньня арганізацыі, а для Ўкраіны – унутраны палітычны скандал…

Чакаецца, што дэлегацыя Эўразьвязу ўздыме пытаньне Георгія Гангадзе – украінскага журналіста, які зьнік у леташнім кастрычніку, пасьля шэрагу крытычных артыкулаў у бок прэзыдэнта Кучмы.

Труп, які зь вялікай доляй пэўнасьці можна ідэнтыфікаваць як Гангадзе быў знойдзены ў лістападзе недалёка ад Кіева. Мяркуецца, што Кучма быў сур’ёзна зьвязаны са справай зьнікненьня журналіста. На гэта паказваюць аўдыёзапісы, якія зрабіў у офісе прэзыдэнта адзін зь ягоных целаахоўнікаў. Кучма назваў гэтыя запісы непраўдзівымі і адрынуў які б там ні было свой удзел у справе Гангадзе.

Справа Гангадзе сталася пачаткам моцнага руху супраць Кучмы з мэтай прымусіць яго да адстаўкі.

У мінулым тыдні Эўразьвяз зрабіў рэзкую заяву з патрабаваньнем адкрытага сьледзтва ў справе зьнікненьня журналіста і цяпер дэлегацыя мае намер зьвязаць гэтае пытаньне з пытаньнем пра свабоду прэсы ва Ўкраіне.

Непераканаўчымі для Эўразьвязу выглядаюць і спробы Кіева правесьці палітычныя ды эканамічныя рэформы. Але аналітык брусэльскага Цэнтру Эўрапэйскіх палітычных дасьледваньняў Майкл Эмэрсан кажа, што Эўразьвяз ня мае часу для глыбокіх дасьледваньняў украінскіх рэформаў бо:

(Эмэрсан: ) “Эўразьвяз мае вялікую адказнасьць за працэс пашырэньня – ад улучэньня Турэччыны, якая ня ёсьць 100% кандыдатам – да праблемаў унутранага фундамэнтальнага рэфармаваньня арганізацыі… Усе гэтыя пытаньні – найважнейшыя ў нашай працы. Я разглядаю палітыку Эўразьвязу да Ўкраіны як прыхільную, але стрыманую”.

Чакаецца, што дэлегацыя Эўразьвязу будзе хваліць Кіеў за закрыцьцё Чарнобыльскай АЭС і падцьвердзіць фінансавую дапамогу Ўкраіне ў памеры 25 мільёнаў эўра (больш як 23 мільёны даляраў) на стрыманьне энэргэтычнага крызысу. Апрача гэтага будзе абмеркаванае і пытаньне пазыкаў на рэструктурызацыю энэргетычнага сэктару Ўкраіны.

Тым часам Расея робіць выгляд, што ў пытаньні зьнікненьня Гангадзе яна трымаецца нэўтралітэту, – піша сёньняшняя The Times. Паводле газэты, Захад перастаў зьвязваць імя Кучмы з правядзеньнем рэформаў. У той самы час, Вашынгтон больш адказна ставіцца да Ўкраіны і пытаньня ейнай незалежнасьці. “Разам з Украінай – адзначае газэта – Расея ізноў стане імпэрыяй, без Украіны ёй будзе нашмат цяжэй запалохваць сваіх суседзяў”.


XS
SM
MD
LG