Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"САЮЗУ ЧАРНОБЫЛЬ УКРАІНЫ" - 10 ГАДОЎ


Ганна Соусь, Менск


Старшыня Беларускага камітэту “Дзеці Чарнобыля” Тамара Белавокая, якая прысутнічала на гэтым мерапрыемстве, параўноўвае маштабы, накірункі дзейнасьці, фінансаваньне ды стаўленьне дзяржавы да чарнобыльскіх арганізацыяў ва Ўкраіне й Беларусі.

У “Саюз Чарнобыль Украіны” ўваходзяць 553 абласныя і раённыя арганізацыі, больш за 420 000 ліквідатараў — яна прадстаўляе больш за 3,5 мільёна чалавек, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Паводле старшыні Беларускага камітэту “Дзеці Чарнобыля” Тамары Белавокай, якая прысутнічала на сьвяткаваньні юбілею “Саюзу Чарнобыля Ўкраіны”, умовы працы чарнобыльскіх арганізацыяў ва Ўкраіне й Беларусі — проста непараўнальныя.

(Белавокая: ) "У нас цяпер няма аніводнай арганізацыі кшталту “Саюз Чарнобыль Украіны”. Падобная арганізацыя была створаная ў 1989 годзе, потым было яшчэ некалькі такіх арганізацыяў, але ўсе яны спынілі сваю дзейнасьць.

Адзінае, што засталося — гэта нейкія дзіцячыя чарнобыльскія арганізацыі ды арганізацыі ліквідатараў".

Як распавяла Тамара Белавокая, украінскія чарнобыльскія арганізацыі моцна падтрымлівае дзяржава, нават часткова фінансуе зь дзяржаўнага бюджэту, іхныя інтарэсы прасоўвае Вярхоўная Рада Ўкраіны. Да таго ж там няма кантрольных установаў для дабрачыннасьці, кшталту Беларускага дэпартамэнту ў справах гуманітарнай дзейнасьці.

Украінскія чарнобыльскія арганізацыі ня плацяць падаткаў, дагэтуль не адмянілі аніводнай льготы для чарнобыльцаў. Акрамя таго, як адзначыла Тамара Белавокая, ёсьць і моцная міжнародная дапамога.

(Белавокая: ) "Ва Ўкраіне дзейнічае шмат міжнародных фондаў, якіх падтрымліваюць як грамадзкія, так і ўрадавыя арганізацыі. У Беларусі такіх фондаў працуе значна менш. Я мяркую, што гэта зьвязана зь цяперашняй палітыкай Беларусі.

Ва Ўкраіне больш за 1 000 чарнобыльскіх арганізацыяў, а ў Беларусі — крыху больш за 100, і ў нас ня той узровень. Нашыя чарнобыльскія арганізацыі працуюць збольшага з дабрачыннай дапамогай і возяць дзяцей.

Ва Ўкраіне гэта таксама ёсьць, але яшчэ й ладзяцца шматлікія навуковыя дасьледаваньні, працуюць рэабілітацыйныя цэнтры. Яшчэ ў 1988 годзе ва Ўкраіне быў арганізаваны Цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны, ягоным куратарам зьяўляецца Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя.

Мы ж маем толькі Інстытут радыяцыйнай мэдыцыны, які, шчыра кажучы, дрэнна фінансуецца і ня мае магчымасьці рабіць тое ж, што робіць гэткая ўстанова ва Ўкраіне".

Паводле Тамары Белавокай, ва Ўкраіне дзяржава й грамадзкія арганізацыі працуюць вельмі шчыльна, чаго ня скажаш пра Беларусь.

(Белавокая: ) "Нашых чарнобыльскіх арганізацыяў засталося вельмі мала, і штогод менее. Тры гады таму мы заснавалі аб’яднаньне 11 чарнобыльскіх арганізацыяў “Саюз Чарнобыль Беларусі”, які прадстаўляў Беларусь у “Міжнародным Саюзе Чарнобыль”.

Але гэтая арганізацыя не прайшла перарэгістрацыі. Беларускія дзяржаўныя ўстановы амаль не дапамагаюць грамадзкім арганізацыям, у лепшым выпадку яны нас не заўважаюць, у горшым — мы для іх зусім дрэнныя", — адзначыла старшыня Беларускага камітэту “Дзеці Чарнобыля” Тамара Белавокая.


XS
SM
MD
LG