Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ПРЭЧ КУЧМУ!" - ЛЁЗУНГ НЯДЗЕЛЬНАЙ АКЦЫІ ПРАТЭСТУ ВА ЎКРАІНЕ


Сяргей Шупа, Прага


Удзельнікі маршу, якіх сабралося каля 5000 чалавек, утварылі жывы ланцуг, трымаючы сьвечкі ў памяць забітага журналіста Георгія Гангадзэ, чыё зьнікненьне зьвязваюць з прэзыдэнтам Кучмам.

«Кучма ня мае маральнага права быць кіраўніком дзяржавы, нам сорамна перад усім сьветам, што мы маем такога прэзыдэнта», - заявіў мэр Чаркасаў Уладзімер Алійнік, выступаючы позна ўвечары перад маніфэстантамі.

Раней вялікая калёна дэманстрантаў прайшла праз цэнтар Кіева, выкрыкваючы «Прэч Кучму!». Удзельнікі маршу несьлі вялізны ўкраінскі сьцяг даўжынёю 30 мэтраў і транспаранты паўтузіну палітычных партыяў, што далучыліся да Форуму Нацыянальнага Ўратаваньня. Гэты форум мае за мэту абвесьціць імпічмэнт прэзыдэнту Кучму. На іншых плякатах можна было прачытаць: «Украіна ­ паліцэйская дзяржава» і «Кучма капут».

Вулічныя пратэсты распачаліся ў сьнежні і набралі асаблівы размах на мінулым тыдні. Гэта найбольш масавыя выступленьні за ўсю пост-камуністычную гісторыю 50-мільённага ўкраінскага народу.

У апазыцыі да Кучмы аб'ядналіся шматлікія палітычныя партыі ад сацыялістаў зьлева да партыяў вялікага бізнэсу справа. Прычынаю гэтаму стаўся скандал зь меркаваным забойствам журналіста Георгія Гангадзэ і выяўленьне сакрэтных аўдыязапісаў размоваў, што вяліся ў кабінэце Кучмы.

З запісаў, зробленых маёрам прэзыдэнцкай службы аховы Міколам Мельнічэнкам, вынікае, што кіраўнік украінскай дзяржавы нібыта загадаў мінулым летам міністру ўнутраных справаў Юрыю Краўчанку «пазбавіцца» ад нязручнага журналіста, інсцэнізаваўшы яго выкраданьне.

Цела Георгія Гангадзэ без галавы было знойдзена ў лесе за 100 кілямэтраў ад Кіеву 2 лістапада летась, аднак генэральны пракурор адмовіўся распачаць крымінальную справу.

Тым часам у мінулым месяцы зьявіліся новыя аўдыёзапісы, у выніку чаго ўзьніклі падазрэньні, што Кучма ведаў пра канкрэтныя выпадкі буйнамаштабнай карупцыі ў энэргетычным сэктары краіны.

Сам Кучма рашуча абвяргае ўсе абвінавачаньні. На мінулым тыдні ён заявіў, што пратэсты «уяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы» краіны і папярэдзіў, што палітычныя хваляваньні могуць прынесьці шкоду ўкраінскай эканоміцы.

У нядзелю, якраз тым часам як у Кіеве адбываліся шматтысячныя пратэсты, Кучма адляцеў у Днепрапятроўск на сустрэчу з расейскім прэзыдэнтам Пуціным. У такой складанай унутрыпалітычнай сытуацыі Кучму відавочна вельмі неабходная падтрымка з боку расейскага калегі, і Пуцін гатовы адкрыта выказаць гэткую падтрымку, тым болей, што ў яго ёсьць што папрасіць за гэта ўзамен.


XS
SM
MD
LG