Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЦЬКІ НОВАГА ПРЭМ'ЕРА ІЗРАІЛЮ АРЫЕЛЯ ШАРОНА - ЗЬ БЕЛАРУСІ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага.


Усяго ў выбарах узяла ўдзел рэкордна нізкая для Ізраілю колькасьць элетарату – 62%. Арабскае насельніцтва краіны байкатавала выбары. Да 30 сакавіка Шарон мусіць сфармаваць новы ўрад, у адваротным выпадку Ізраіль чакае новая выбарчая кампанія. Учора, у дзень выбараў на палестынскіх тэрыторыях працягваліся жорсткія сутычкі ў выніку якіх ёсьць параненыя як з палестынскага, так і з ізраільскага боку.

Арыэлю Шарону 73 гады. Ягоныя бацькі – выхадцы зь Беларусі: бацька Шмуэль Шайнэрман – зь Берасьця, а маці Вера – з-пад Магілева. Ён – удзельнік вайны за незалежнасьць Ізраілю 48-га году. Паводле адукацыі – юрыст. У 1973 годзе дывізыя генэрала Шарона перайшла Суэцкі канал, атачыла эгіпецкае войска і гэтым вырашыла зыход вайны “Суднага дня”. Новы прэм’ер неаднаразова займаў вышэйшыя пасады ў ізраільскім урадзе і парлямэнце.

У часе свайго першага выступу адразу пасьля перамогі Арыэль Шарон сказаў, што ён гатовы да пэўных узаемных саступак з палестынцамі, але нагадаў: “Ерузалім ёсьць і заўсёды будзе адзінай і непадзельнай сталіцай Ізраілю”. Новы прэм’ер акрэсьліў сваю будучаю ўнутраную палітыку:

(Шарон: ) “Мы будзем імкнуцца аб’яднаць народ Ізраілю і таму я прапаную Лёйбарысцкай партыі стварыць урад нацыянальнага адзінства. У гэты цяжкі час адзінства – перадусім”.

Новы прэм’ер запрасіў Партыю Працы начале з Эхудам Баракам узяць удзел у новым урадзе нацыянальнага адзінства, а палестынцаў заклікаў спыніць паўстаньне, – піша газэта Washington Post.

Эхуд Барак афіцыйна прызнаў паразу і паведаміў, што зьбіраецца пакінуць пасаду лідэра партыі і скласьці з сябе паўнамоцтвы дэпутата ізраільскага парлямэнту. Ён ня выключыў магчымасьці фармаваньня ўраду нацыянальнага адзінства, аднак прадстаўнікі Партыі Працы заявілі, што ім будзе складана знайсьці агульныя кропкі з прыхільнікамі Шарона.

Лідэр палестынцаў Ясір Арафат сказаў: “Мы паважаем выбар ізраільскага народу і спадзяемся, што працэс разрадкі будзе працягвацца”. Міністар палестынскіх сілаў бясьпекі Заходняга Берагу назваў вынікі выбараў “бедзтвам для Ізраілю і ўсяго рэгіёну”. New York Times падае словы простага палестынца, які сказаў, што ў палітыцы Шарона, прынамсі, выразна відаць, што белае – гэта белае, а чорнае – гэта чорнае.

Прэзыдэнт ЗША Джорж Буш павіншаваў Шарона зь перамогай і выказаў спадзяваньне на плённае супрацоўніцтва ў справе бясьпекі і стабільнасьці на Блізкім Усходзе – паведамляе Wall Street Journal.

“Некаторыя экспэрты прадказваюць, – піша газэта, – што ў выпадку, калі Шарон адкажа правакацыйна на палестынскае паўстаньне, так, як ён гэта зрабіў, калі прыйшоў на мусульманскую частку сьвятой і для габрэяў Храмавай Гары – адміністрацыя Буша змушаная будзе дыстанцыявацца ад ураду Шарона. Але наўмысна павольны падыход Шарона да якіх бы там ні было перамоваў з палестынцамі пасуе камандзе Буша, якая ў свой час крытыкавала адміністрацыю Клінтана за прысьпешваньне мірнага пагадненьня паводле пляну, які не прымалі ні ізраільцы ні палестынцы.


XS
SM
MD
LG