Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Белая Русь… Science Fiction?


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 16 Лістапада 2000 г.)

Удзельнік: Алесь Белы.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "Пра паходжаньне назвы Белая Русь высунута шмат вэрсіяў, якія часам узаемавыключаюць адна другую, а таксама поўныя памылак і аблудаў. Няма згоды сярод дасьледнікаў і наконт тэрыторыяў, да якіх назва дапасоўвалася. Дасьледнік Алесь Белы ў кнізе "Хроніка Белай Русі", якая толькі што пабачылы сьвет і якой, з майго гледзішча, наканавана ў найбліжэйшы час стаць надзвычай папулярнаю ў асяродку нацыянальна арыентаваных чытачоў, спрабуе прасачыць гісторыю ўсіх мэтамарфозаў назвы, растлумачыць, калі й чаму яна зьмяняла свой зьмест, якое мейсца займала ў сыстэме геаграфічных ведаў у розныя эпохі ды ў розных дзяржавах.

Разгортваем кнігу, і выпраўляемся ў доўгае літаратурна-навуковае падарожжа ў 200 кніжных старонак па розных эпохах і краінах. Бо, скажам так, кар'ера назвы Белая Русь — выдатная ілюстрацыя да шляху, пройдзенага эўрапейскай геаграфіяй сярэднявечча й раньняга Новага часу ад разумовага апісаньня розных, часта фантастычных, краінаў і народаў, да дакладнай навукі.

Алесь Белы лічыць, што назва Белая Русь — унікальны помнік эўрапейскае культуры і параўноўвае яго ў пэўным сэнсе з Домскімі саборамі ў Кёльне ці Міляне. Яе пачатак губляецца недзе ў гатычнай эпосе, а канчатковае ўдакладненьне сэнсу адбылося ўжо ў пэрыяд мадэрну. Я працытаваў Алеся Белага — аўтара кніжнае навінкі "Хроніка Белай Русі", які сёньня маім госьцем…

Алесь, зь якога часу паходзіць назва Белая Русь? Калі й дзе гэтае словазлучэньне ўзьнікла?"

(Белы: ) "Коратка: тэрмiн Russia Alba ўзьнік у асяродзьдзі заходнеэўрапейскіх вучоных-схаластаў прыкладна ў сярэдзіне ці на пачатку XIII ст. і пачаткова датычыўся Паўночнага Захаду сёньняшняе Расеі, у межах Наўгародзкае рэспублікі. Альбанія — да канца XV ст. толькі яе гэтым тэрмінам і называлі. Калі у 1470-х гадох Масква ліквідавала незалежнасьць Ноўгараду, назва перайшла на саму Маскоўскую дзяржаву Івана ІІІ".

(Ракіцкі): "Алесь Белы ў сваёй кнізе прыводзіць гэтаму шмат сьведчаньняў. Прыкладам, ангелец Клімент Адамс у 1553 годзе пісаў, што "Масковія, якую таксама называюць Русьсю Белай, краіна вельмі вялікая". А вось меркаваньне італьянца Паалы Джовіа, датаванае 1525 годам: …кpаiну Масковію здаўна насялялi Раксаланы, Геты й Бастаpны, адкуль, як я мяpкую, узьнiкла i назва Русi, бо частка Лiтвы называецца нiжняй Русьcю, а сама Масковiя — белаю Русьсю. Ня шмат гадоў таму сталiцаю ўсяе Масковii быў Hоўгаpад. Алесь, а самі маскалі ці наўгародцы ўжывалі гэты тэрмін?"

(Белы: ) "Не. Самі расейцы ў Ноўгарадзе ці Маскве сябе так не называлі. Гэты тэрмін цыркуляваў толькі ў Заходняй і Цэнтральнай Эўропе, і тое толькі ў вельмі вузкіх колах інтэлектуалаў, якія чыталі (і перапісвалі) розныя схаластычныя трактаты. Ад іх назва трапіла на карту, і картографаў доўгі час бянтэжыла — дзе усё ж такі зьмяшчаць гэтую дзіўную Белую Русь? На працягу 150-ці год, з канца XV да сярэдзіны XVII ст., у адказе на гэтае пытаньне панаваў поўны «плюралізм»…"

(Ракіцкі: ) «І калі ж Белай Русьсю пачалі называць частку тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага?»

(Белы: ) "У сярэдзiне XVI ст. Чарговае пераасэнсаваньне назвы было абумоўленае палiтычнымi абставiнамi Лiвонскае вайны, у першую чаргу — знаходжаньнем Полацку пад маскоўскай акупацыяй у 1563–1578 гадох. Верагодна, некаторы час эўрапейскі геаграфічны тэрмiн, якi ўжо губляў сваё пачатковае значэньне i апынуўся як бы ў «падвешаным» стане, ужываўся як агульная назва земляў, вяртаньня якiх да Рэчы Паспалiтай патрабавала польска–лiтоўскае грамадзтва. Частка iх была захопленая Маскоўскай дзяржаваю толькi што, а астатнiя былi страчаныя ВКЛ ужо даволі даўно, у 1486–1537 гадох. А першым, хто пачаў сьвядома называць паўночны ўсход нашае краіны Белай Русьсю, быў польскі гісторык Марцін Кромэр".

(Ракіцкі: ) "Прачытаем дзеля доказу вытрымку з працы Кромэра: Іван, князь маскоўскi, заняволiўшы Вялiкi Ноўгарад, захапiўшы многiя фартэцыі i ўмацаваннi на мяжы з Русьсю, якая завецца Белай i знаходзiцца пад уладаю вялiкага князя лiтвiнаў, уяўляў для астатняй Русi i Лiтвы сур'ёзную пагрозу.:Нашыя слухачы, напэўна, ужо зразумелі, што рэальнае краіны з назваю Белая Русь на самой справе ніколі не йснавала. Назва была ўмоўнай, скажам так, працоўнай для вучоных людзей Сярэднявечча, каб апісаць малавядомыя ім землі. Адсюль так і напрошваецца выснова, што Белая Русь — гэта science fiction, fantasy, або па-нашаму — фантастыка?"

(Белы: ) "Ну так! З аднаго боку, яна, гэтая зямля, для іх знаходзілася недзе далёка на паўночным усходзе Эўропы, ля Паўночнага акiяну i … найдзiчэйшых пустынных месцаў. Гэтая краіна, якую насяляюць белыя мядзьведзі ды іншыя экзатычныя жывёлы, таксама ўсе спрэс белыя, а іх найбольш каштоўныя футры высылаюцца да розных народаў. Даўней, здаецца, тут жылі загадкавыя альбаны, якія нараджаліся сівымі. І яны, сярэднявечныя вучоныя, маглі пісаць пра ўяўную Белую Русь наступнае: У гэтай зямлi жывуць велiзарныя сабакi, такiя лютыя душой i целам, што валяць на зямлю быкоў i забiваюць iльвоў i сланоў… А вочы ў гэтага народа афарбаваныя i зеленаватыя ў зрэнках, таму яны лепш бачаць уначы, як удзень. На Белай Русі знаходзіцца легендарны ідал «Залатая Баба», а недзе побач, у Квенландзе, «краіне жанчын», жывуць ці не нашчадкі славутых антычных амазонак.

Разам з тым, калі зірнуць на Белую Русь зь іншага боку, высьвятляецца, што клімат тут не такі ўжо й суворы, наадварот, паводле Себасьцяна Мюнстэpа, …на Белай Русi, якая ляжыць над Дняпром, маецца нашмат больш травянiстых расьлiнаў, чым на Доне (цi Танаiсе), там таксама шмат трысьнёгу, якi расьце i ў Лiтве, i ў пяць разоў больш розных траваў i карэньняў, якiя нiдзе больш не сустрэнеш. Італьянец Пампоній Лэт сьцьвярджае, што «леўкаскіфы», г.зн. беларусыне стрыгуць воўну на грудзях ягнят і маладых авечак, а рвуць яе і вырабляюць такім чынам даволі дарагія галаўныя ўборы. (Ракіцкі: ) «Такія фантастычныя рэаліі Белай Русі выклікаюць асацыяцыі з рыцарскімі раманамі…»

(Белы: ) «Менавіта! Нямецкім паэтам ужо ў XIV ст. Белая Русь уяўлялася нейкай сымбалічнай краінаю на ўсходзе, поўнай падступных паганцаў, фантастычных пачвараў ды іншых небясьпек, куды шляхетныя рыцары выпраўляліся дзеля славы, дзеля гераічных учынкаў у гонар прыгожых дам і пашырэньня сапраўднае веры. Сьвядомасьць, набор тых «думкавобразаў», якімі апэравалі аўтары рыцарскіх раманаў і тыя вучоныя-схаласты, якія стваралі псэўданавуковыя (зь сёньняшняга пункту гледжаньня) трактаты, у якіх згадвалася Белая Русь, былі вельмі блізкімі.

Адную са згадак пра Белую Русь мне ўдалося адшукаць у «Закаханым Раляндзе» (Orlando innamorato) — паэме–пародыi на рыцарскiя раманы, напiсанай ля 1487 г. славутым італьянскім паэтам Матэа Баярда. Баярда стварыў жанр пародыі на рыцарскія раманы, у якім найбольш бліскуча праявіў сябе Сэрвантэс. Дарэчы, менавіта цытату з «Дон Кіхоту» я абраў у якасьці эпіграфа да кнігі. Сэрвантэс добра ведаў паэму Баярда, і ў прынцыпе, Белая Русь магла б нават фігураваць у ягоным вялікім рамане — не як назва канкрэтнага гэаграфічнага аб'екту, а як сінонім чагосьці малаакрэсьленага, неверагоднага, як Далёкае Туле, Рыфейскія горы, царства прэсьбітэра Іаана ці астравы Бразіль.

(Ракіцкі: ) «Значыцца, каб лепей зразумець, што раней азначала Белая Русь, трэба пранікнуць у сьвядомасьць чалавека Сярэднявечча й раньняга Новага Часу?»

(Белы: ) «Безумоўна. Гісторыя тае ці іншае краіны грунтуецца на апісаньні (ці спробе апісаньня) падзеяў аб'ектыўнае рэальнасьці. А «Хроніка Белай Русі» мае справу з рэальнасьцю ўяўнай. Мяне ў свой час вельмі ўразіў раман Умбэрта Эка «Імя Розы» і створаны паводле яго фільм. Калі я яго ўбачыў гадоў 15 таму, я яшчэ не займаўся гістарычнымі дасьледаваньнямі. Пазьней я стаў крыху лепш разьбірацца ў сэнсе спрэчак паміж сярэднявечнымі рэалістамі й наміналістамі — спрэчак аб прыродзе «ўнівэрсаліяў». Цяпер я добра разумею, што назва Белая Русь узьнікла менавіта ў тых гістарычных абставінах, у асяродку тых схалястаў, якіх апісаў Эко. Асноўную праблему схалястычнае філязофіі ў дачыненьні да Белай Русі можна сфармуляваць так: ці йснавала яна калі-небудзь у сапраўднасьці, ці існавала толькі ўяўленьне пра яе, толькі яе імя?»

(Ракіцкі: ) «Дык ці йснавала калі-небудзь Белая Русь?»

(Белы: ) «Не, канешне. Рэальнае краіны з такой назваю на самой справе (калі толькі выраз «на самой справе» мае нейкі сэнс) ніколі не йснавала. Гэтым я ні ў якім разе не хачу сказаць, што краіна, якая сёньня так называецца, ня мае права на йснаваньне. Сёньняшняя беларуская дзяржаўнасьць сапраўды мае тысячагадовую традыцыю. Але калі многія нашыя гісторыкі ўжываюць тэрміны Белая Русь, беларускі ў дачыненьні да XIV–XVI стст., гэта абсалютна недарэчны анахранізм. Фраза «Вялікае Княства Літоўскае — беларуская дзяржава» — пазбаўленая сэнсу».

(Ракіцкі: ) «А што ведалі пра Белую Русь у самой «Беларусі»?»

(Белы: ) «Тое самае, што й на Захадзе. Гэта значыць, што тая жменька адукаваных людзей, якім была знаёмая гэтая назва, лічылі яе іншай назваю Вялікага Ноўгарада й суседніх земляў (перш за ўсё, Пскова)… У Пскове месте белоруском (бо была Олга псковянка) найпервей от всех… збудовала церков (пераклад «Хpонiкі Польскай, Лiтоўскай, Жмудзкай i ўсяе Русi» Мацея Стрыйкоўскага» на старабеларускую мову, канец XVI ст.) Таврус (лац. Taurus — Цялец) землю одръжить подле берега морского и где Канстинтинополь, Татарскии поля, Белую Русь, где Новгород стоить, тежь Великую Польску пръвым лицом… (Холмскі астралягічны зборнік XVI ст.) (Ракіцкі: ) «Такім чынам, назоў Белая Русь стагодзьдзямі ня меў цьвёрдае геаграфічнае лёкалізацыі, а займаў тое мейсца, якое дыктавала геаграфічная каньюнктура. І ўвесь час перамяшчаўся па мапе. Значыць, мы маем права сьцьвярджаць, што назва «Белая Русь» чужая нашай нацыі? Што яна навязаная звонку?»

(Белы: ) «Вельмі хацелася б так сказаць у поўны голас, але… Увогуле я вельмі сымпатызую ліцьвінскаму руху, які дэкляруе ліцьвінскую, а не беларускую самасьвядомасьць. Безумоўна, для тых, хто марыць пра сапраўдную, а не бутафорскую, незалежнасьць нашае краіны, Белая Русь — далёка ня самая лепшая, і пагатоў ужо ня самая гістарычна абгрунтаваная назва.

Адзінае, што стрымлівае мой асабісты энтузыязм у дачыненьні да Літвы (або напрыклад Крывіі) — гэта калясальныя выдаткі, перш за ўсё маральныя, на спробу перайменаваньня. Як сказалі б рэклямоўцы й маркетолягі, «Белая Русь» — «раскручаны брэнд»… Ці ўдасца сёньня проста так узяць і сказаць, як зрабіў калісьці карэйскі індустрыяльны гігант: „LG — новае імя колішняй Goldstar"? У нашых варунках такая спроба можа прывесьці да поўнага каляпсу рэшткаў (або лепей сказаць пачаткаў) нацыянальнае сьвядомасьці абсалютнае бальшыні насельнікаў краіны. Тыя ж ліцьвіны маюць нашмат болей шанцаў на выжываньне, калі канчаткова замацуецца незалежнасьць сёньняшняе Рэспублікі Беларусь.

Адзін з матываў маёй кнігі — гэта своеасаблівае суцяшэньне для ліцьвінаў. Глыбокае веданьне гісторыі назвы дазваляе крыху зьмякчыць праблему, якая на працягу больш чым стагодзьдзя стаiць перад дзеячамі беларускага нацыянальнага руху: ці магчыма ўжываць назву Белая Русь, калі яна гэтак доўга выкарыстоўвалася «вялікарускімі» шавіністымі дзеля абгрунтаваньня тэзы пра «адвечную трыеднасьць» усходніх славянаў — зразумела, пад уладаю «белага рускага цара»? Высьвятляецца, што гэтая назва, хаця й навязаная краіне звонку, пры іншым прачытаньні можа засьведчыць лучнасьць яе гістарычнага лёсу зь лёсам эўрапейскае цывілізацыі. Бо прыдумалі назву ўсё ж сярэднявечныя каталіцкія манахі, а не дзякі маскоўскага Пасольскага прыказу».

XS
SM
MD
LG