Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Радыё “Свабода”. Музыка і аранжыроўка Вячаслава Кораня, словы Фэлікса Аксёнцава. Група “Уліс”. Дэма-запіс, сьнежань 2002



Ну, вось, здаецца, і ўсё. Гадавы праект “Радыё “Свабода” пад назваю “Мэлёдыя дня” сёньня выходзіць у эфір апошні раз. А калі так, дык самы час падвесьці некаторыя вынікі, скласьці, як належыць, кароткую справаздачу. Вітаю вас!

Такім чынам, з дня ў дзень на працягу ўсяго году “Мэлёдыя дня”, за выняткам асобных, надзвычайных выпадкаў, штодня выходзіла ў эфір, для якога было ў суме падрыхтавана 364 мэлёдыі розных жанраў ды стыляў. Я не агаварыўся: менавіта 364, таму што, нягледзячы на самы пільны кантроль, аднойчы ўсё ж здарылася так, што адна з мэлёдый паўтарылася.

Беларускія музыканты, якія жывуць і працуюць у розных краінах сьвету, сьпявалі песьні на беларускай, ангельскай, нямецкай, польскай, гішпанскай мовах, на ідыш і дыялектах беларускай мовы. Памылка ж была адна і вельмі істотная: у часе абмеркаваньня будучай праграмы ніхто, у тым ліку я сам, не разьлічваў на тое, наколькі багатая і разнастайная беларуская папулярная музыка. Больш за тое: на працягу году многія нашыя выканаўцы самі прапаноўвалі праграме новыя творы. Вось чаму ў нас было шмат прэм’ер, прычым многія творы гучалі ў беларускім радыёэфіры наагул упершыню.

Таму найбольшую падзяку я выказваю беларускім музыкантам, якія даказалі, што айчынная арыгінальная, вартасная музыка была, ёсьць і будзе.

Скончыцца гэты праект таксама прэм’ерай. Песьня ўпершыню гучыць у эфіры ў новай аранжыроўцы. Гэта славутая “Радыё “Свабода”, напісаная Славам Коранем на словы Фэлікса Аксёнцава ў 1989 годзе. У гэтыя сьнежаньскія дні Слава зрабіў новую, нечаканую аранжыроўку песьні, паводле маіх падлікаў — ці ня шостую па ліку.

І я з вамі не разьвітваюся. Мы яшчэ напэўна сустрэнемся ў 2003 годзе ў новых праграмах нашага радыё, пачуем мэлёдыі даўно вядомыя і новыя. Дзякуй, што на працягу году вы былі з намі. Заставайцеся з “Радыё “Свабода” і надалей! Пачуемся!
XS
SM
MD
LG