Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “За Белую Русь”. Музыка Васіля Раінчыка, словы Ўладзімера Някляева. Аранжыроўка і выкананьне — Якаў Навуменка. Дэма-альбом, 2002



Паколькі ўсё нашае грамадзтва літаральна захлынула сьвяточная хваля, пакінуць гэтую тэндэнцыю па-за ўвагай было проста немагчыма. А калі дадаць да гэтага прадчуваньне хуткага Новага году, самы раз паслухаць урачыстую песьню з загадкавай гісторыяй. “Мэлёдыя дня” вітае вас!

Нагадаю, што ў апошні тыдзень гэтага году, які вы правялі з “Мэлёдыяй дня”, прагучалі наступныя творы. Наступленьне Калядаў мы адзначылі разам з групай “Палац” і песьняй “А ў заенькі...”, вакальнай групай “Камэрата” і песьняй “Божае нараджэньне”, удзельнікамі музычнага праекту “Сьвяты вечар-2000” і песьняй “Шчодры вечар, сьвяты вечар”. Ансамбль “Рагнеда” пачаставаў нас сьвяточнай беларуска-бразыльскай карнавальнай мэлёдыяй, Алекс Растопчын перадаў прывітаньне з-за акіяну ў “Песьні імігранта” з рэпэртуару “Led Zeppelin”, дуэт “Svet&Al” прасьпявалі блюз пра вялікага боса.

А зараз прагучыць песьня “За Белую Русь” Васіля Раінчыка на словы Ўладзімера Някляева. Гэтая песьня была напісаная каля 1986 году, упершыню прагучала ў выкананьні групы “Верасы”, Віктара Скорабагатава як саліста і хору пад кіраўніцтвам Ігара Мацюхова, аднак сталася ахвяраю дзяржаўнай палітыкі СССР. Як вядома, пасьля 1986 году і кампаніі за цьвярозасьць усялякае ўпамінаньне пра сьпіртовыя напоі са сцэны было забаронена. Кажуць, што нават з опэры “Травіята” загадвалі прыбіраць славутую заздароўную песьню. Што тут казаць пра твор Васіля Раінчыка!

Але ж песьня гэтая паводле характару ды зьместу — цалкам патрыятычная, а не алькагольная. Слухаючы яе ў выкананьні Якава Навуменкі, няхай кожны сам для сябе вырашае, што піць і за якую дзяржаву. А песьня, між іншым, вельмі ўдалая. Галоўнае, каб у панядзелак галава не балела. То й пачуемся ў панядзелак!
XS
SM
MD
LG