Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Big Boss Man”. Музыка і словы Г.Рыда. Аранжыроўка і выкананьне — дуэт “Svet&Al”. Дэма-альбом “Diggin’ It”, 2002



Сёньня — апошняя субота году. А да наступленьня Новага году — усяго якія чатыры няпоўныя дні. Лік, як кажуць, ідзе ўжо літаральна на хвіліны. Нават для праграмы “Мэлёдыя дня”. Тут ужо дзесяць разоў падумаеш, што паставіць у чарговы выпуск. Дзякаваць Богу, выбіраць ёсьць з чаго. Вітаю вас!

На мінулым тыдні, прапануючы вашай увазе дэбютныя запісы менскага блюзавага дуэта “Svet&Al”, я заўважыў, што менавіта гэтыя два музыканты зрабіліся для мяне асабіста найбольш гучным, уражальным адкрыцьцём году. Сапраўды, ва ўзросьце крыху больш за 20 гадоў пачаць выконваць ня нейкую там модную музыку, а тое, што сёньня лічыцца клясыкай, а гэта значыць — староцьцем, трэба было мець адвагу.

І каб жа тое яшчэ быў проста блюз. Але ж яны ўзяліся за выкананьне адной з асноў блюзавай музыкі, тых твораў, што знаўцы адносяць да “дэльта-блюзу”, музыкі, якая гучала ў канцы яшчэ 19 стагодзьдзя ў вусьці ракі Місісіпі. І робяць яны гэта з рэдкім адчуваньнем стылю, дакладна ды смачна.

Прыкладам паслужыць яшчэ адна песьня ў выкананьні дуэту, якая была запісаная сёлета ў лістападзе для дэма-альбома. Блюз гэты называецца “Big Boss Man” і напісаны быў нейкім Рыдам. Мусіць быць, шмат гадоў таму, а вось напрыканцы 2002 году прагучыць у праграме “Мэлёдыя дня”.

Шчыра кажучы, для беларусаў выкананьне блюзу, мяркуючы па запісах гэтых музыкантаў, не ўяўляе праблем. Куды цяжэй, згадзіцеся, уявіць чорнаскурага гітарыста, які выконвае, да пракладу, “Гарэла сосна”, то бок “The Pine Was Burning”... Такім чынам, беларуская вэрсія амэрыканскага дэльта-блюзу... Пачуемся заўтра!
XS
SM
MD
LG