Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Immigrant Song”. Музыка і словы Джымі Пэйджа і Робэрта Плэнта. Аранжыроўка і выкананьне — Аляксандар Растопчын. Дэма-запіс, 2002



Атрымліваць падарункі — вы ўсе ведаеце — заўсёды прыемна. Асабліва калі той падарунак сапраўды прыдатны для далейшага выкарыстаньня. Вось і “Мэлёдыі дня” пашанцавала: на днях мы атрымалі музычную паштоўку зь Нью-Ёрку. Падарунак нечаканы і незвычайны. Аднак мушу загадзя папярэдзіць: асобам да 16 гадоў слухаць тое ня варта.

Справа тут вось у чым. Вэрсію гэтай п’есы, якая ўпершыню была выдадзеная ў 1970 годзе, маладыя аматары музыкі могуць наагул ня ведаць. А таму і не зразумеюць сутнасьць новага прачытаньня аднаго са славутых стандартаў сусьветнай рок-музыкі, зробленай у нашыя дні беларускім паводле паходжаньня музыкантам, гітарыстам Алексам Растопчыным. Гаворка ідзе пра песьню Джымі Пэйджа і Роберта Плэнта “Immigrant Song”, “Песьню імігранта”.

Тут трэба растлумачыць: Алекс Растопчын ад’ехаў у Амэрыку недзе зь дзесяць гадоў таму, адпрацаваўшы перад тым у групах “Сузор’е” і “Песьняры”. Жыве ў Нью-Ёрку, займаецца выключна музыкай, дае прыватныя ўрокі і часта выступае ў блюзавых клюбах, дзе яго многія называюць найбольш запатрабаваным з усіх белых гітарыстаў. У нашай праграме гучалі ўжо ягоныя запісы.

Гэты запіс — з найноўшых. Я не магу сказаць, выпадкова ці не Алекс даслаў нам кавэр-вэрсію менавіта гэтай песьні. Можа, і праз 10 гадоў жыцьця ў Амэрыцы ён пачувае сябе імігрантам. А можа і таму, што ён рос як музыкант менавіта на гэтай жывой, заснаванай на блюзе музыцы. Зьвяртаю вашую ўвагу: галасавую партыю, якую мы прывыклі чуць у выкананьні Робэрта Плэнта, Алекс Растопчын увасабляе гітарай, на фоне чаго гучыць рэчытатывам ягоны голас, прапушчаны праз вакодэр. Гэта вельмі незвычайна! Такім чынам, мы слухаем музычную паштоўку з-за акіяну. Нашыя, запомніце, і там могуць! Пачуемся!
XS
SM
MD
LG