Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная калядная песьня “А ў заенькі...”. Аранжыроўка і выкананьне — група “Палац”. Альбом “Чужыя дзеўкі”, “West Records”, 2002



Народная мудрасьць кажа, што пачынаць заўсёды складана. Аднак практыка паказвае, што й заканчваць часам не нашмат лягчэй.Тым ня менш — апошні поўны тыдзень з “Мэлёдыяй дня”. Вас чакаюць новыя сем мэлёдыяў.

Гэты тыдзень, відаць, — найбольш урачысты ды сьвяточны за ўвесь год. Лічаныя дні аддзяляюць нас ад сьветлага сьвята, якое адзначае амаль увесь сьвет, людзі розных узростаў, колеру скуры, прафэсіяў. Пры гэтым падчас гэтага сьвята гучаць самыя розныя песьні ў розных жа стылях ды жанрах, аднак зьмест іх аднолькавы: Божае нараджэньне.

Усе наступныя дні мы й будзем слухаць такія мэлёдыі. Зразумела, беларускія, хоць пры гэтым заўважу, што традыцыя шырокага выкананьня падобных песень аднавілася ў нас ня так даўно. Гадоў 15 таму — памятаеце? — завядзёнкі адзначаць Каляды не было. Проста за савецкім часам лічылася, што Раство — гэта наогул ня сьвята, прынамсі, нешта такое, што па значнасьці саступае, скажам, Дню работніка харчовай прамысловасьці.

Тым ня менш песьням тым — шмат стагодзьдзяў. А тое, што гучаць яны сучасна, ня страшна: сьвет усё ж разьвіваецца найперш дзякуючы трывалым традыцыям. “А ў заенькі...” — гэтую песьню, як і многія іншыя калядныя, група “Палац” падслухала ў народзе, перайначыла на ўласны лад і зьмясьціла ў альбоме “Чужыя дзеўкі” гэтага году. Зробленая песьня, на маю думку, удала, а таму, праслухаўшы яе, задаволеныя будуць усе, у тым ліку і дзеўкі, свае і, зразумела, чужыя.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG