Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Цуд на Каляды”. Музыка, словы і выкананьне — А.Памідораў. Альбом “Сьвяты вечар-2000”, выдавец не пазначаны, 2000



Мы сустракаемся з вамі напярэдадні найбольш істотнага, відаць, тыдня ва ўсім гадавым календары. Хутка Каляды. Да іх рыхтуюцца па-рознаму: нехта сьпяшаецца завяршыць намечанае на гэты год, нехта накідвае пляны на будучыню, нехта зьніжае кошты ў спадзяваньні збыць з рук заляжалае. І толькі “Мэлёдыя дня” працягвае прапаноўваць вам найбольш вартае ўвагі і пры гэтым — бясплатна!

У перадапошні тыдзень году вы мелі магчымасьць пачуць наступных выканаўцаў. Найперш малады талент з Маладэчна 12-гадовы гітарыст Ігар Дзедусенка выканаў “Мазурку “Шора” з “Бразыльскай сюіты” Віла-Лобаса, пасьля чаго Ірына Дарафеева спрабавала растапіць лёд, каб дачакацца човен з суджаным. Валік Грышко песьняй з таямнічай назваю “Солей” заклікаў маладых артыстаў не азірацца на стэрэатыпы, музычны аўтарытэт Тодар, ён жа Зьміцер Вайцюшкевіч, на мове верагоднага інвэстара сьпяваў “I Want You Now”, зрэшты, безвынікова для беларускай эканомікі, ансамбль “Песьняры” песьняй “Машанька” нагадаў аб праблемах восеньскага набору ў войска для маладой сям’і, а група “Сталіца” і гітарыст Ігар Волкаў, засноўваючыся на музыцы Георгія Сьвірыдава, заклікалі: “Час, наперад!”

Сёньня мы будзем слухаць твор, які, магчыма, пазьней, у адным з дасьледаваньняў па гісторыі беларускай папулярнай музыкі назавуць першым пераканальным узорам рэпу на беларускай глебе. Песьня “Цуд на Каляды” Аляксандра Памідорава, як вынікае з назвы, — цалкам каляднага характару. Нездарма два гады таму, адразу ж пасьля выданьня альбому “Сьвяты вечар”, гэтая песьня шырока загучала нават у тым эфіры, які раней для беларускай музыкі наогул быў закрыты.

Песьня безумоўна ўдалая, таму будзе зусім ня лішнім нагадаць яе яшчэ раз. Тым больш, што яна зь ліку тых песень, якія становяцца вышэй за межы і нават час. “Мэлёдыя дня” жадае кожнаму з вас на Каляды як мага больш сапраўдных цудаў!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG