Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная песьня “Машанька”. Ансамбль “Песьняры”. Альбом “Перапёлачка” (па назьве першай песьні), “Мелодия”, прыбл. 1979



“Добрая Маша, ды ня наша” — у дачыненьні да музыкі гэтае выслоўе можна растлумачыць наступным чынам: лепш годна рабіць тое, што ты ўмееш, чым імкнуцца выканаць чужы твор лепш, чым ён гучыць у арыгінале. І чым раней музыкант зразумее тое, тым больш у яго, на маю думку, шанцаў дасягнуць посьпеху ў будучыні.

Ня хочацца пра гэта казаць, аднак да заканчэньня гадавога праекту Беларускай службы Радыё Свабода, які называецца “Мэлёдыя дня”, застаецца ўсё менш ды менш дзён. Вось чаму лішні раз нагадаю: каб годна ацаніць зробленае на працягу году, вам варта зазірнуць на старонку нашай перадачы ў Інтэрнэце. Менавіта тут зьмяшчаецца, як мне здаецца, найбольш поўны ва ўсясьветнай павуціне і разнастайны збор музыкі ў выкананьні беларускіх артыстаў.

А сярод іх — большасьць песень, што калі-небудзь былі выдадзеныя ўдзельнікамі ансамблю “Песьняры”. Усё таму, што, па-першае, уявіць беларускую папулярную музыку бяз гэтага калектыву немагчыма; па-другое, — і гэта я буду паўтараць заўсёды — бяда, якая напаткала Ўладзімера Мулявіна, прымушае любымі сродкамі дапамагчы яму перажыць нялёгкія часіны.

Так, сёньня мы ізноў будзем слухаць “Песьняроў”. Апрацоўка народнай песьні “Машанька”, якая па зьмесьце ў нечым адпавядае восеньскаму адыходу хлопцаў у войска. Зьвярніце ўвагу: наколькі арганічна гучыць тут голас Валерыя Дайнекі! Песьня гэтая — зусім ня зь ліку шлягераў, але ж слухаецца цяпер, больш чым праз 20 гадоў пасьля запісу, як твор узорнага выкананьня.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG