Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “I Want You Now”. Музыка і словы М.Гора. Аранжыроўка і выкананьне — Тодар (З.Вайцюшкевіч). Альбом “Personal Depeche”, “MSH Records”, 2002



Калі да музыканта прыходзіць сапраўдная слава? А тады, калі ягоныя творы пачынаюць выконваць калегі па цэху, найперш менш вядомыя музыканты. Аднак для таго, каб выкананыя табой песьні пачалі сьпяваць іншыя, трэба папрацаваць не адзін год.

Сёньня трэці тыдзень запар мы будзем слухаць музыку, якая паходзіць з выдадзенага нядаўна альбому, прысьвечанага спадчыне знакамітай ангельскай групы “Depeche Mode”. Такую ўвагу да зробленага сумеснымі намаганьнямі многіх беларускіх музыкантаў я асабіста магу растлумачыць адным — якасьцю.

Сапраўды: гэты супольны праект, які аб’яднаў пад адной вокладкай многіх айчынных выканаўцаў самых розных жанраў, яўна прэтэндуе на тое, каб зрабіцца найбольш гучнай зьяваю ў беларускім музычным шоў-бізнэсе гэтага году. Менавіта якасьць аранжыровак ды іх увасабленьня, разнастайнасьць прапановаў дазваляюць мне казаць пра гэта.

Зразумела, з тым можна і не пагадзіцца, аднак, на маю думку, праект “Personal Depeche” годна падхапіў закладзеную яшчэ “Народным альбомам” традыцыю сумеснага ўвасабленьня арыгінальнай задумы і вывеў яе на новы ўзровень, калі зробленае ў Беларусі набывае міжнароднае гучаньне.

Тодар, то бок Зьміцер Вайцюшкевіч, у стылістыцы свайго апошняга альбому “Баляды” прапануе ўласную вэрсію гіта “I Want You Now”. Калі гэта яшчэ песьня Марціна Гора гучала на ангельскай мове з дапамогаю ліры, скрыпкі ды ў манеры, якая яўна ўзыходзіць да народнай? Ясна, зрэшты, адно: калі ёсьць пра што спрачацца, значыць, зробленае сапраўды заслугоўвае ўвагі.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG