Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Човен”. Музыка і аранжыроўка А.Панамарова, словы Ю.Саваша. І.Дарафеева. Дэма-запіс, 2002



Шчыра прызнаюся: канечне ж, вельмі хацелася б, каб на працягу году кожнай ягонай часіне адпавядала пэўная песьня. Аднак утрымаць на практыцы гэткія суадносіны часам вельмі складана. Вось і сёньня прагучыць песьня, якую атаясамліваць з зацягнутымі ільдом рэкамі ня надта выпадае.

Чым бліжэй да заканчэньня году, а гэта значыць, і да завяршэньня нашага праекту, тым болей карціць пачаць падсумоўваць, рабіць нейкія высновы, віншаваць з тым, што атрымалася, і крытыкаваць адносна таго, што не было зроблена.

Думаю, усё гэта яшчэ наперадзе, аднак не магу не заўважыць: з прапановамі даць свае творы для праграмы “Мэлёдыя дня” мы зьвярталіся практычна да ўсіх больш-менш вядомых выканаўцаў ды салістаў беларускае поп-музыкі. Вось да каго ня трэба было зьвяртацца двойчы, дык гэта да Ірыны Дарафеевай. Таму і ня варта зьдзіўляцца, чаму песьні ў выкананьні гэтай сьпявачкі гучалі ў нас гэтак часта. Было б што паказваць!

Як і сёньняшнюю крыху сумную песьню. Яе для Ірыны напісаў і аранжаваў украінскі сьпявак Аляксандар Панамароў, які вось ужо пяты год запар называецца найлепшым выканаўцам сваёй краіны. Песьня “Човен”, словы Юрыя Саваша, запіс гэтага году.

Я выдатна разумею: човен і сьнежаньскія маразы — рэчы несумяшчальныя. Але ж як не прыслухацца да дзяўчыны, якая па-ранейшаму чакае суджанага, што прыплыве да яе з-за ракі на чаўне? Ды, зрэшты, колькі той зімы?

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG