Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Сьнежань, студзень, люты”. Музыка Л.Вольскага, словы М.Анемпадыстава. І.Курапаткіна. “Народны альбом”, “Ковчег”, 1997



Што й казаць: тэма надвор’я — адна з найбольш папулярных у размовах. А з набліжэньнем Новага году яна робіцца ўсё больш актуальнай. Людзі гадаюць: будзе на Каляды ды Новы год адпаведнае надвор’е ці зноў упрыгожаныя хваінкі будуць калаціцца да халоднага дажджу? Вы слухаеце праграму “Мэлёдыя дня”, а не прагноз надвор’я. Тым ня менш — прывітаньне!

Гэты музычны тыдзень, як звычайна, адкрылі дэбютанты праграмы, гэтым разам малады менскі блюзавы дуэт “Svet&Al”, які ў таварыстве зь Біг Валам выканаў песьню “Walkin’ Blues” Роберта Джонсана. У аўторак праз восем гадоў пасьля першага і адзінага яе выкананьня мы нагадалі песьню “Колькі год Беларусі” Якава Навуменкі на словы Рыгора Барадуліна. Міжгародняя група “Баржомі” прадставіла інструмэнтальную п’есу “Гульня часу” Аляксандра Отчанашанкі, а група “Уліс” — уласны шлягер 1990 году “Іржавыя дні”. Каб выправіць пануры настрой, мы прапанавалі вашай увазе вэрсію песьні “Freelove” Марціна Гора ў паданьні групы “Крыві”, а “Этна-трыо “Тройца” пачала рыхтаваць нас да Калядаў народнай песьняй “Добры вечар”.

Гэтую лінію мы працягнем і сёньня. У 1997 годзе быў выдадзены “Народны альбом”, канцэптуальны зборнік песень, які паклаў у Беларусі пачатак супольным музычным праектам. Сярод песень зборніка была і няхітрая “Сьнежань, студзень і люты”.

Паколькі альбом запісваўся ў студыі тады ўжо закрытага ўладамі “Радыё 101,2”, нядзіўна, што многія супрацоўнікі атрымалі шанец паспрабаваць свае сілы ў музычным шоў-бізнэсе. Ідэя альбому прадыктавала і стылістыку: на першы плян выйшла непасрэднасьць выкананьня. Гэтую песьню тады прасьпявала ды-джэй Ірына Курапаткіна, выканаўца, канечне ж, не прафэсійны.

Аднак менавіта непасрэднасьць і абумовіла тое, што адбылося пападаньне ў самы яблычак. Сьвежая, незаштампаваная падача тэксту і музыкі спрыяла таму, што песьня адразу кладзецца на слых. Гарантую: калі б яе выконваў сьпявак з добрым досьведам, песьня напэўна атрымалася б іншая. А цяпер гэта — нагода згадаць найлепшы голас “Радыё 101,2” Ірыны, якая цяпер у Вашынгтоне таксама напэўна азадачаная тым, што апранаць, выходзячы на мёрзлыя амэрыканскія вуліцы.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG