Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Добры вечар”. Аранжыроўка І.Кірчука. “Этна-трыё “Тройца”. Альбом “Журавы”, “PAN Records” (Галяндыя), 2001



Хочам мы таго ці не, аднак да Эўропы спакваля ўсё ж бліжэй ды бліжэй. Асабліва калі тое датычыцца зімовых сьвятаў. Усё ж агульнапрынятыя ва ўсёй Эўропе сьвяты Калядаў у Беларусі цяперака адзначаюцца ня менш актыўна, чым Новы год. А да Калядаў рыхтуюцца, як вядома, загадзя. У тым ліку і праграма “Мэлёдыя дня”.

Нагадаю, што нашая праграма пачыналася менавіта з твораў каляднай ды навагодняй тэматыкі. І не пасьпелі мы азірнуцца, як гэтыя песьні зноў на парадку дня. Тыя, хто слухаюць праграму час ад часу, могуць атрымаць поўную інфармацыю пра творы розных жанраў ды стыляў, што гучалі на працягу ўсяго году, на нашай старонцы ў Інтэрнэце. А паколькі калядныя настроі ўсё больш і больш апаноўваюць грамадзтва, песьні гэтае тэматыкі будуць гучаць усё часьцей.

Сёньня мы будзем слухаць “Этна-трыё “Тройца” ў песьні “Добры вечар”. Песьня паходзіць з апошняга выдадзенага летась у Галяндыі альбому “Журавы”. Мушу яшчэ раз падкрэсьліць, што Іван Кірчук з калегамі, канечне ж, ламаюць ранейшыя ўяўленьні пра сучаснае выканньне фальклёру як рэчы, застыглай у часе. Яны імкнуцца ўпісаць народную творчасьць беларусаў у агульнаэўрапейскі кантэкст і дасягаюць гэтага часам куды хутчэй, чым многія іншыя — сустрэчы Новага году.

Зразумела, сродкі для гэтага выбіраюць індывідуальныя, што, трэба сказаць, многім рэзка не падабаецца. Нічога дзіўнага: індывідуальнае ў нас заўсёды цанілася менш за калгаснае, ніякае. А наагул для тых, каму такі падыход не падабаецца, можна параіць адно: зрабіць лепш, выдаць альбом у Галяндыі і, зрэшты, выступіць у праграме “Мэлёдыя дня”. Пачуемся, а?

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG