Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Бяз гучных слоў” (“Freelove”). Музыка і словы М.Гора, пераклад і адаптацыя тэксту П.Паўлава і А.Дземідовіча, аранжыроўка і выкананьне — група “Крыві”. Альбом “Personal Depeche”, “MSH Records”,



Цяжка сказаць цяпер, які з выдадзеных сёлета ў Беларусі альбомаў папулярнай музыкі будзе названы найлепшым на штогадовай цырымоніі “Рок-каранацыя”. Аднак несумненна адно: прысьвячэньне беларускіх музыкантаў творчасьці ангельскай групы “Depeche Mode” напэўна будзе сярод прэтэндэнтаў першай велічыні.

“Personal Depeche” — зборнік, які, апрача ўсяго іншага, дэманструе яшчэ і сучасны стан айчыннай папулярнай музыкі. Гэтыя творы кажуць пра тое, што ў краіне шмат добрых аранжыроўцаў, ёсьць прыстойныя студыі, прадусары, здольныя годна давесьці праект да лягічнага заканчэньня, ёсьць, нарэшце, хоць гэтаму і мала хто верыць, належнага ўзроўню калектывы ды выканаўцы, якія робяць уласную справу прафэсійна і пры гэтым маюць адметнае творчае аблічча.

Група “Крыві” прадстаўляе ў альбоме ўласную вэрсію песьні Мартына Гора “Freelove”, якая атрымала назву “Бяз гучных слоў”. Інтэрпрэтацыя з тых, пра якія кажуць “не прычапіцца”. Адзінае, чаго, на маю думку, мне асабіста не хапіла ў зробленым “Крыві”, дык гэта ўласьцівай групе апошнім часам гэткай экзотыкі, пярчынкі, спэцыяў.

Можа, таму і падалося, што гэтая безумоўна цікава зробленая песьня — адна зь нешматлікіх ва ўсім альбоме, дзе ўласна “Depeche Mode” больш, чым “Крыві”. Праўда, арыгінал я ведаю слаба. Цалкам магчыма, што ў дадзеным выпадку залішняя экзотыка пайшла б сапраўды не на карысьць. Хоць, шчыра кажучы, трыб’ют беларускіх музыкантаў калегам з Альбіёну — гэта, па вялікім рахунку, сама па сабе экзотыка і падзея.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG