Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Іржавыя дні”. Музыка В.Кораня, словы Ф.Аксёнцава. Група “Уліс”. Альбом “Чужаніца”, “Мелодия”, 1991



Мода ў сьвеце музыкі, як і мода наогул, — рэч надзвычай уплывовая. Асабліва істотная яна ў дачыненьні да маладых выканаўцаў, для якіх ісьці насуперак модзе вельмі рызыкоўна. Бо гэта амаль гарантыя таго, што ты застанесься па-за ўвагай публікі ды мас-мэдыяў. А ў такой сытуацыі лепш наогул не пачынаць.

Наогул, мода дня заўтрашняга нараджаецца толькі там, дзе маецца моцна разьвіты андэграўнд. Калі казаць пра музыку, дык гэта найперш сыстэма музычных клюбаў ды сетка маленькіх незалежных фірмаў-выдаўцоў. Гэта менавіта яны рызыкуюць, ставячы на нікому не вядомых музыкантаў, чыя творчасьць ня ўпісваецца ў пануючыя моды.

У Беларусі такой сыстэмы не было ніколі, і можна толькі здьзіўляцца, як на мяжы 80-х і 90-х гадоў створаная на рэштках групы “Бонда” каманда “Уліс” здолела хутка набыць папулярнасьць і нават выдаць на фірме “Мелодия” ў 1991 годзе альбом “Чужаніца”.

Для Беларусі такая музыка была тады адкрыцьцём. Пэўныя аналягі ў сьвеце, канечне, існавалі, аднак “Уліс” сваімі песьнямі толькі пацьвердзіў, што група крочыць упоравень з тагачаснай модай. Хоць я асабіста растлумачыць іхную творчасьць толькі павевамі моды не магу.

Песьня “Іржавыя дні” Вячаслава Кораня на словы Фэлікса Аксёнцава — даволі тыповы ўзор творчасьці “Улісу” тых гадоў, заснаваны на актыўным гітарным гучаньні, ня вельмі чыстых, пранізьлівых сьпевах, зьмене рытмічнага малюнку. Ды мушу прызнацца: дагэтуль тыя песьні слухаю з задавальненьнем. Бо чаго ў іх не адняць, дык гэта індывідуальнасьці. Няхай, магчыма, у нечым і запазычанай.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG